Краткая справка:
музыкант (скрыпка), музыказнавец, педагог, адзін з заснавальнікаў беларускага музыказнаўства, заслужаны работнік вышэйшай школы Беларусі, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны І і ІІ ст., Чырвонай Зоркі, медалямі
Имена на других языках:
Глущенко Георгий Семенович (русский);
3379 символов
Справка
Георгій Сямёнавіч Глушчанка нарадзіўся ў Растове-на-Доне ў сям’і служачых. У юнацкія гады займаўся маляваннем, спрабаваў пісаць вершы, захапляўся гісторыяй і літаратурай, але сапраўдным спадарожнікам яго жыцця стала скрыпка. Падчас вучобы ў агульнаадукацыйнай школе адначасова наведваў музычную школу, скончыў два курсы музычнага вучылішча ў Растове- на-Доне па класе скрыпкі.
У 1940 г. Георгій Глушчанка быў прызваны ў Чырвоную Армію. Пасля заканчэння службы марыў вярнуцца да сваёй любімай справы, але пачалася Вялікая Айчынная вайна. З першых яе дзён Г.С. Глушчанка трапіў на фронт. У складзе падраздзялення разведкі артылерыйскага палка ўдзельнічаў у абароне Крыма і Каўказа, баях на Смаленшчыне, у Беларусі. Скрыпка суправаджала яго амаль увесь час, што ён знаходзіўся на фронце. У чэрвені 1944 г. у адным з баёў за вызваленне Беларусі Георгій Глушчанка атрымаў чатыры цяжкія раненні, цудам быў вернуты да жыцця і два з паловай гады правёў у шпіталях.
У 1947 г. ён вярнуўся ў музычнае вучылішча і выдатна завяршыў вучобу, пасля чаго адначасова паступіў у дзве вышэйшыя навучальныя ўстановы – Горкаўскую кансерваторыю па класе скрыпкі і на завочнае аддзяленне Інстытута імя Гнесіных у Маскве па спецыяльнасці “музыказнаўства (гісторыя музыкі)”. Але сур’ёзныя наступствы раненняў не дазволілі яму стаць прафесійным музыкантам. У 1957 г. Г.С. Глушчанка бліскуча скончыў аспірантуру Гнесінскага інстытута і быў накіраваны на працу ў Беларускую кансерваторыю імя А.В. Луначарскага ў Мінску.
Ва ўзросце 35 гадоў ён узначаліў кафедру кампазіцыі і музыказнаўства кансерваторыі, а ў далейшым – кафедру гісторыі музыкі. У сваім прафесійным росце прайшоў шлях ад кандыдата навук да доктара мастацтвазнаўства, ад дацэнта да прафесара. Георгій Сямёнавіч вызначыўся як высокапрафесійны лектар, крытык, даследчык, аўтар шматлікіх манаграфій, падручнікаў, хрэстаматый, навучальных і метадычных дапаможнікаў для дзяцячых музычных школ, сярэдніх і вышэйшых спецыяльных устаноў, артыкулаў і кніг аб жыцці і творчасці кампазітараў для школьнікаў. Агульны спіс яго прац налічвае больш за 350 назваў.
Георгій Сямёнавіч выдатна накіроўваў навуковую, метадычную і ідэйна-выхаваўчую дзейнасць сваёй кафедры. Пад яго кіраўніцтвам і пры яго ўдзеле створаны калектыўныя працы “Гісторыя беларускай савецкай музыкі” (1971), “История белорусской музыки” (1976), “Белорусская музыка 1960–1980 годов” (1997), “Белорусская музыка второй половины XX века” (2009). Гэта былі першыя вучэбныя дапаможнікі па гісторыі нацыянальнай беларускай музычнай культуры, значэнне якіх цяжка пераацаніць.
Як таленавіты педагог Г.С. Глушчанка выхаваў не адно пакаленне музыказнаўцаў. Сярод іх вядомыя даследчыкі, педагогі, музычныя крытыкі, лектары-прапагандысты, супрацоўнікі музычных рэдакцый радыё і тэлебачання. За заслугі ў падрыхтоўцы спецыялістаў і навуковыя дасягненні ў 1983 г. Г.С. Глушчанка атрымаў званне заслужанага работніка вышэйшай школы Беларусі.
Георгій Сямёнавіч вёў актыўную грамадскую дзейнасць: прымаў жывы ўдзел у працы Саюза кампазітараў Беларусі, дзе амаль 30 гадоў узначальваў секцыю музыказнаўства, выступаў з дакладамі на навуковых канферэнцыях, пленумах, з’ездах у Беларусі і за яе межамі, супрацоўнічаў з рэдакцыямі газет і часопісаў, вёў тэле- і радыёперадачы. Быў узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны І і ІІ ступеняў, ордэнам Чырвонай Зоркі, медалямі.