Нарадзіўся Вітольд Феліксавіч Грачынскі 30 красавіка 1922 г. у Маскве. З дзяцінства яго цягнула ў тэатр, ён марыў стаць акцёрам. Наступным крокам для ажыццяўлення мары стала паступленне ў Варонежскае тэатральнае вучылішча, якое ён скончыў у 1942 г. У гады Вялікай Айчыннай вайны В. Грачынскі выступаў у армейскіх ансамблях. Пасля дэмабілізацыі працаваў у філармоніях Варонежа, Іжэўска, Мікалаева, у тэатрах Варонежа, Нальчыка.
У 1950 г. В. Грачынскі апынуўся ў Брэсце, дзе да 1954 г. яго творчая дзейнасць была звязана з Брэсцкім абласным драматычным тэатрам ЛКСМБ. Яму давялося сыграць ролі Міхаіла (“Зыкавы” М. Горкага), Віктара Смагіна (“Домік на ўскраіне” А. Арбузава), Моцкіна (“Выбачайце, калі ласка!” А. Макаёнка) і інш. Выхаванец рускай акцёрскай школы, В. Грачынскі даволі арганічна ўпісаўся ў беларускі нацыянальны тэатральны кантэкст, адчуў мелодыку беларускай гаворкі.
У 1955 г. акцёр пераехаў у Гродна і пачаў працаваць у Гродзенскім абласным драматычным тэатры, якому прысвяціў усё жыццё. Дэбютаваў у ролі маладога героя Андрэя (“У добры час!” В. Розава), дзе выявіў такія якасці, як сцэнічная абаяльнасць, малады запал, пластычнасць, гумар. Пачаў шмат іграць і хутка стаў адным з вядучых акцёраў тэатра. Выконваў пераважна ролі характарна-камедыйнага плана, у якіх спалучалася дакладная псіхалагічная характарыстыка з яркай тэатральнай формай. Створаныя ім вобразы насычаны праўдзівасцю і псіхалагічнай глыбінёй, сярод іх: барон фон Рылькен (“Паміж ліўнямі” А. Штэйна) і салдат Сударыкаў (“Перабежчык” А. і П. Тур), французскі генерал Жабер (“Алека Дундзіч” М. Каца і А. Ржашэўскага) і падпольшчык Арлоў (“Простая рэч” паводле Б. Лаўранёва), адвакат Дубравін (“Вогненны мост” Б. Рамашова) і Хромчанка (“Камуніст” Я. Габрыловіча), Ротмістр (“Дамы і гусары” А. Фрэдры) і дыпламат О'Крэдзі (“Дыпламат” С. Алёшына) і інш.
Вітольд Грачынскі нястомна імкнуўся да новых роляў, да новых адкрыццяў на сцэне. Пачуццё рытму і музычнасць дазвалялі яму выконваць ролі сінтэтычнага плана ў музычных камедыях: Чыжоў (“Раскінулася мора шырока” У. Азарава, У. Вішнеўскага і А. Крона) і Пчолкін (“Марскі вузел” В. Віннікава і В. Крахта з музыкай Я. Жаркоўскага). Прыкметнае месца ў выканальніцкай дзейнасці займаюць такія персанажы, як Збышка (“Мараль пані Дульскай” Г. Запольскай), Сіпаты (“Аптымістычная трагедыя” У. Вішнеўскага), Князь К. (“Дзядзечкаў сон” паводле Ф. Дастаеўскага), якія вызначаюцца асаблівай вастрынёй вонкавага малюнка. Вышэйшым акцёрскім дасягненнем сталі вобразы Глап'е (“Тысяча франкаў узнагароды” В. Гюго), Цыганова (“Варвары” М. Горкага) і Радзівона Мікалаевіча (“Старамодная камедыя” А. Арбузава), дзе найбольш поўна раскрыўся талент В. Грачынскага.
З поспехам выступаў акцёр і ў пастаноўках па беларускіх класічных творах, сыграўшы Савіча (“Сэрца на далоні” паводле І. Шамякіна), Альховіка і Іахіма (“Трывога” і “Францыск Скарына” А. Петрашкевіча). Ён добра адчуваў своеасаблівасці народных характараў сваіх герояў і ярка паказваў іх на сцэне. У творчым багажы акцёра – вобразы Тузенбаха (“Тры сястры” А. Чэхава), Бубліка (“Платон Крэчат” А. Карнейчука), Платона Ангела (“Дзікі Ангел” А. Каламійца), Баляснікава (“Казкі старога Арбата” А. Арбузава) і інш. Таленавітаму акцёру ў 1964 г. было прысвоена званне заслужанага артыста Беларусі. У калектыве В. Грачынскі карыстаўся аўтарытэтам і павагай як артыст і чалавек, яго любілі гледачы. З ахвотай дзяліўся сваім вопытам з маладымі калегамі, уважліва сачыў за творчым ростам моладзі, умеў своечасова даць карысную параду, адгукнуцца ў любую хвіліну. Памёр акцёр у 1993 г.
Зробленае Вітольдам Феліксавічам Грачынскім назаўсёды засталося ў гісторыі беларускага мастацтва, ва удзячнай памяці гледачоў.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2012 г.