Юрый Панцеляймонавіч Грыгор’еў – знакавая асоба ў гісторыі архітэктуры Беларусі і Расіі ХХ – пачатку ХХІ ст. Яго творчая біяграфія непарыўна звязана з гэтымі дзвюма краінамі. Малая Радзіма Юрыя Панцеляймонавіча – г. п. Кулоціна Наўгародскай вобласці (РасіЯ). У 1956 г. выпускнік Маскоўскага архітэктурнага інстытута прыехаў у Мінск і надоўга звязаў свой творчы лёс са сталіцай Беларусі: працаваў у інстытутах “Белпрампраект”, “Мінскпраект” (у 1965–1974 гг. кіраваў комплекснай архітэктурнай майстэрняй). У 1974–1986 гг. з’яўляўся намеснікам старшыні Дзяржбуда Беларусі, галоўным архітэктарам Мінска, у 1973–1975 гг. узначальваў праўленне Саюза архітэктараў Беларусі.
Асноўныя работы Ю.П. Грыгор’ева ў гэты час: генпланы многіх буйных прамысловых аб’ектаў у гарадах Беларусі (1957–1961); Генеральны план развіцця Мінска і яго прыгараднай зоны да 2010 г.; праект дэтальнай планіроўкі цэнтра Мінска; архітэктурны праект 1-ай чаргі Мінскага метрапалітэна; праекты шэрагу будынкаў навукова-даследчых інстытутаў НАН Беларусі (1964–1975), студэнцкіх гарадкоў: БПІ-БНТУ, інтэрната Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі (1964–1975), комплексу вучэбных устаноў па вул. Маскоўскай (цяпер тут размяшчаюцца Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў, Акадэмія кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь і Рэспубліканскі інстытут вышэйшай школы, 1975). Пры непасрэдным удзеле Ю.П. Грыгор’ева пабудаваны шэраг аб’ектаў рознага функцыянальнага прызначэння: Дом літаратара, крыты каток у Цэнтральным дзіцячым парку імя М. Горкага (абодва 1976), аэравакзальны комплекс аэрапорта “Мінск-2” (1980), будынак упраўлення Мінскага метрапалітэна і станцыя метро “Кастрычніцкая” (1984), мікрараёны Зялёны Луг-6 і Сурганава (1980-я гг., у суаўтарстве); помнікі М. Калініну (1978) і А. Пушкіну (2002).
Ю.П. Грыгор’еў – аўтар шэрагу публікацый па архітэктуры і горадабудаўніцтву, у тым ліку – архітэктурнага даведніка “Город-герой Минск” (у суаўтарстве з В.І. Анікіным), які быў спецыяльна падрыхтаваны для серыйнага выдання “Архітэктура гарадоў-герояў”. Кніга была выдадзена ў Маскве ў 1976 г.
У 1986 г. Ю.П. Грыгор’еў прызначаны першым намеснікам старшыні Камітэта па архітэктуры і горадабудаўніцтву (Масква). З 1994 г. узначальваў Маскоўскі навукова-даследчы і праектны інстытут тыпалогіі, эксперыментальнага праектавання (МНДІТЭП). З красавіка 2011 г. Ю.П. Грыгор’еў займае пасаду творчага кіраўніка МНДІТЭП.
Юрый Панцеляймонавіч з’яўляецца ініцыятарам і асноўным аўтарам стварэння новага пакалення індустрыяльных жылых дамоў для масавага будаўніцтва. Сярод работ архітэктара ў Маскве: забудова жылых раёнаў Паўночнае і Паўднёвае Бутава, Жулебіна, Мар’інскі парк (1989–2002, у суаўтарстве), будынкі ашчаднага банка на Нікіцкім бульвары, “Новы манеж”, Берлінскі дом на Пятроўцы, шматфункцыянальныя цэнтры на Цвярской і Садовым кальцы, ансамблі жылых комплексаў “Залатыя Ключы”, “Рубцоўская набярэжная” і інш. (архітэктар выступаў у якасці кіраўніка аўтарскіх калектываў усіх пералічаных вышэй праектаў). Ён аўтар архітэктурна-мастацкага рашэння помнікаў Кірылу і Мяфодзію на Славянскай плошчы (1992), Г.К. Жукаву на Манежнай плошчы (абодва ў суаўтарстве са скульптарам В. Клыкавым, 1995), “Абаронцам зямлі Расійскай” на тэрыторыі мемарыяльнага комплексу на Паклоннай гары (у суаўтарстве з А. Бічуковым, 1995), С. Рахманінаву на Страсным бульвары (у суаўтарстве са скульптарамі А. Комавым і А. Кавальчуком, 1999), Я. Купалу на Кутузаўскім праспекце (разам са скульптарамі Львом і Сяргеем Гумілеўскімі, 2007), А.С. Пушкіну ў Мінску (разам са скульптарамі Юрыем і Рыгорам Арэхавымі, 1999).
Пад яго непасрэдным творчым і арганізацыйным кіраўніцтвам на аснове навуковых даследаванняў быў распрацаваны шэраг нарматыўных і метадычных дакументаў, неабходных для развіцця сучаснага жылога асяроддзя, новых прагрэсіўных праектаў рознага прызначэння (праекты гасцініц у Яраслаўлі, Растове і Углічы). У апошнія гады па праекце знакамітага архітэктара быў пабудаваны “Дом Масквы” (культурна-дзелавы цэнтр сталіцы Расійскай Федэрацыі, 2009) на вул. Камуністычнай у Мінску, будуецца буйны жылы квартал “Маскоўскі” ў аднайменным раёне беларускай сталіцы.
На працягу свайго творчага лёсу архітэктар быў адзначаны ганаровымі званнямі: “Заслужаны архітэктар Беларускай ССР” (1976), “Заслужаны архітэктар Расійскай Федэрацыі” (1993), “Ганаровы будаўнік Масквы і Расіі”, “Ганаровы архітэктар Расіі”. Ю.П. Грыгор’еў – уладальнік прэміі Савета Міністраў СССР, трох прэмій Урада Расійскай Федэрацыі, лаўрэат архітэктурных конкурсаў рознага ўзроўню. Архітэктар з’яўляецца акадэмікам Міжнароднай акадэміі архітэктуры, ганаровым акадэмікам Расійскай акадэміі архітэктуры і будаўнічых навук (2001), членам-карэспандэнтам Расійскай акадэміі мастацтваў (2001).
У 2008 г. за вялікі творчы ўклад у фарміраванне горадабудаўнічай палітыкі комплекснага развіцця горада Мінска, яго архітэктурнага аблічча, развіццё супрацоўніцтва паміж сталіцамі Расіі і Беларусі ў галіне горадабудаўніцтва Прэзідыум Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў і Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт вырашылі прысвоіць Юрыю Панцеляймонавічу Грыгор’еву званне “Ганаровы грамадзянін горада Мінска”.
7 лютага 2008 г. Указам Прэзідэнта Расійскай Федэрацыі за вялікія заслугі ў галіне архітэктуры і шматгадовую працу яму было прысвоена ганаровае званне народнага архітэктара Расійскай Федэрацыі. За дасягнутыя вяршыні на ніве архітэктурнай дзейнасці і за важкі ўклад у справу яднання беларускага і рускага народаў архітэктар у 2010 г. стаў уладальнікам прэстыжнай узнагароды – прэміі Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва, якая была ўручана яму на цырымоніі ўрачыстага адкрыцця Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2012 г.