Дата рождения:
03.05.1877 Полацкі раён, Віцебская вобласць
Дата смерти:
08.12.1937
Краткая справка:
этнамузыколаг, выдавец, педагог, кампазітар
Имена на других языках:
Гриневич Антон Антонович (русский);
Криптонимы:
A.Hr.; А.Гр.
5304 символа
Справка
Знакаміты збіральнік беларускага музычнага фальклору Антон Антонавіч Грыневіч глыбока адчуваў народную музычную паэтыку і быў у вялікім захапленні ад яе. Сваёй любімай справе – пошуку і запісу беларускага меласу – прысвяціў больш за чвэрць стагоддзя.
Нарадзіўся будучы даследчык музыкі ў фальварку Іваноўшчына Лепельскага павета Віцебскай губерні (цяпер Полацкі раён Віцебскай вобласці). Пачатковую адукацыю атрымаў у Дзісненскім гарадскім вучылішчы. Маючы абсалютны музыкальны слых і валодаючы музычнай граматай, ён паспяхова скончыў музычную школу кампазітара С.М. Ляпунова ў Санкт-Пецярбургу, куды пераехаў у 1896 г. Наведваў сярэднеадукацыйныя курсы Шклоўскага, бухгалтарскія курсы, працаваў пісарам у казённай палаце і Дэпартаменце гандлю і промыслу.
З 1906 г. А.А. Грыневіч далучыўся да першага беларускага легальнага выдавецтва «Загляне сонца і ў наша аконца». У гэты ж час пачаў збіраць і запісваць беларускія песні, мелодыі і тэксты. У 1911 г. разам з Я. Купалам этнамузыколаг запісваў народныя песні ў сядзібе маці паэта ў Акопах (цяпер Лагойскі раён Мінскай вобласці). Запісы ў далейшым агучваў на сходах выхадцаў з Беларусі, якія праходзілі на кватэры літаратуразнаўца Б.І. Эпімах-Шыпілы ў Санкт-Пецярбургу. У газеце «Наша Ніва» А.А. Грыневіч выступаў з артыкуламі пра каштоўнасць традыцыйнай культуры ў духоўным абуджэнні народа, заклікаў збіраць беларускія народныя песні. На яго прызыў адгукнуліся карэспандэнты з розных куткоў Паўночна-Заходняга краю, якія пачалі дасылаць даследчыку лісты з запісамі песень. З мэтай распаўсюджвання беларускай музычнай культуры ў 1910 г. А.А. Грыневіч нават заснаваў уласнае «Выдавецтва Антона Грыневіча», якое дзейнічала да 1913 г. За час існавання выдавецтва выпусціла 11 кніг, у тым ліку творы Я. Купалы, Я. Коласа, У. Галубка, а таксама зборнік «Беларускія песні з нотамі» (т. 1, 1910, падрыхтаваны этнамузыколагам; т. 2, 1912, разам з А. Зязюляй), куды ўвайшлі каляндарна- і сямейна-абрадавыя песні, пазаабрадавая лірыка.
У час Першай сусветнай вайны А.А. Грыневіч быў мабілізаваны ў армію, служыў на станцыі Балагое (цяпер Цвярская вобласць, Расія) у якасці вайсковага чыноўніка па ўліку інтэнданцкіх грузаў, што праходзілі на Паўночны фронт. Увесь час службы не спыняў сваёй працы па зборы народных песень, карыстаўся дзеля гэтага любой магчымасцю. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 г. ён стаў супрацоўнікам культурна-асветніцкага аддзела Беларускага нацыянальнага камісарыята ў Маскве, займаўся справамі выдавецтва, арганізацыяй вечароў і забеспячэннем іх культурнай праграмай. Пасля абвяшчэння БССР пераехаў у Мінск, дзе загадваў Беларускім народным домам, арганізаваў пры ім драматычную трупу і бібліятэку, выкладаў спевы ў школе і гімназіі. Чарговыя палітычныя змены таго часу засталі А.А. Грыневіча ў Вільні, дзе ў 1920 г. этнамузыколаг займаўся выданнем падрыхтаваных раней зборнікаў «Народны спеўнік» і «Школьны спеўнік». У апошнім акрамя сабраных ім народных песень змясціў і свае творы на словы Я. Купалы, Я. Коласа, Г. Леўчыка. Некаторыя з іх («Гэй, наперад!», «Касцу») шырока бытавалі ў Заходняй Беларусі. Непрацяглы час ён працаваў у кааператыве друкароў у Вільні. У 1921 г. быў арыштаваны польскімі ўладамі як бальшавіцкі кур’ер і зняволены ў Лукішскую турму. Пасля вызвалення знаходзіўся пад наглядам паліцыі, выкладаў спевы ў Віленскай беларускай гімназіі, працаваў сакратаром Таварыства беларускай школы. У 1923 г. ён выдаў першы беларускі падручнік па музыцы «Навука спеву», у 1925 г. «Беларускі дзіцячы спеўнік». Працаваў над «Канцэртным спеўнікам», «Аднагалосымі, двухгалосымі і харавымі канцэртнымі спевамі», планаваў выданне вялікага музычна-этнаграфічнага зборніка беларускіх песень, запісаных ім у 1906–1920 гг.
З вясны 1925 г. А.А. Грыневіч жыў у Мінску, быў сакратаром музычнай падсекцыі Інстытута беларускай культуры, старшынёй Беларускай песеннай камісіі. Друкаваў артыкулы ў перыядычных выданнях, удзельнічаў ва Усебеларускім краязнаўчым з’ездзе. Ён падрыхтаваў да друку «Праграму-інструкцыю для збіральнікаў беларускай музычна-этнаграфічнай творчасці» (1925), працаваў над зборнікамі дзіцячага фальклору «Гудочак», «Дзіцячыя гульні», зборнікам фартэпіянных твораў рэвалюцыйнага зместу на тэксты беларускіх пісьменнікаў. Этнамузыколаг удзельнічаў у этнаграфічных экспедыцыях на Палессе, у паўночныя раёны Беларусі. Зрабіў больш за 350 запісаў народнага меласу, дзіцячых гульняў на Тураўшчыне і Полаччыне. Значную ўвагу ўдзяляў запісу народных танцаў, фіксацыі мелодыі і танцавальных фігур. У 1928–1933 гг. А.А. Грыневіч жыў у Гарадку, Віцебску. Планаваў падрыхтаваць да друку сабраныя за чвэрць стагоддзя фальклорна-этнаграфічныя зборы. Аднак у 1933 г. ён быў арыштаваны Дзяржаўным палітычным упраўленнем БССР па справе Беларускага нацыянальнага цэнтра і асуджаны на 10 гадоў. У 1937 г. прыгавораны да расстрэлу. Рэабілітаваны ў 1956 г.
Фальклорна-музычная спадчына А.А. Грыневіча, аднаго з пачынальнікаў прафесійнай музычнай культуры Беларусі, мае вялікую каштоўнасць, бо многія мелодыі, запісаныя ім у свой час, сёння ўжо не сустракаюцца. Матэрыялы, сабраныя этнамузыколагам, захоўваюцца ў архіве Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К. Крапівы і Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Я. Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.