Грынкевіч Станіслаў Сымонавіч нарадзіўся ў мястэчку Новы Двор Сакольскага павета Гродзенскай губерні (цяпер Падляшскае ваяводства, Польшча). Пачатковую адукацыю атрымаў у вясковага настаўніка, затым вучыўся ў Гродзенскай дзяржаўнай мужчынскай і Дарагабужскай гімназіях. Скончыў медыцынскі факультэт Познаньскага ўніверсітэта. Пасля атрымання дыплома працаваў ардынатарам аддзела нервовых хвароб у бальніцы ў мястэчку Харошчы каля Беластока. Займаўся навуковай дзейнасцю, перакладаў на беларускую мову медыцынскую літаратуру і рэлігійныя тэксты. У 1937 г. пераехаў у Вільню і працаваў у гарадской паліклініцы.
Станіслаў Сымонавіч вядомы як урач-псіханеўролаг, пісьменнік, грамадскі, рэлігійны і культурны дзеяч, публіцыст, перакладчык, папулярызатар навукі. Ён пісаў і дасылаў артыкулы ў беларускія выданні «Студэнцкая думка», «Крыніца», «Заранка», «Калоссе» і інш. Аўтар аповесцей «Арляня» (1927), «Царква. Помста. Вязніца» (1928), п’есы «Жанімства па радыё» (1928), прац «Аб тэатры» (1927), «Народны тэатр» (1936). У сваіх творах Грынкевіч С.С. як пісьменнік з рознабаковым светапоглядам, гарманічнай сістэмай мыслення спалучаў філасафічнасць, псіхалагізм, уздымаў тэмы лёсу і нацыянальнага характару беларусаў. Ён ездзіў па беларускіх вёсках, чытаў папулярныя лекцыі па гігіене, медыцыне, гісторыі.
Пісьменнік займаўся палітычнай дзейнасцю, у Вільні ўзначальваў Беларускае народнае аб’яднанне. У 1940 г. ён быў арыштаваны, але здолеў уцячы. У канцы 1944 г. зноў арыштаваны і прыгавораны да вышэйшай меры пакарання.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2022 г.