Краткая справка:
акцёр тэатра і кіно, народны артыст Беларусі
Имена на других языках:
Лебедев Виктор Тимофеевич (русский);
3071 символ
Справка
Шмат запамінальных роляў сыграў на сцэне Беларускага рэспубліканскага тэатра юнага гледача Віктар Цімафеевіч Лебедзеў. У кожным са сваіх герояў ён імкнуўся знайсці індывідуальныя рысы. Створаныя артыстам вобразы сталі яркімі ўзорамі акцёрскага майстэрства.
Нарадзіўся В. Лебедзеў у г. Арле (Расія). Пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута ў 1955 г. (курс Л. Мазалеўскай) працаваў у Гродзенскім абласным драматычным тэатры, дзе сыграў Фернанда («Дзень цудоўных падманаў» Р. Шэрыдана), Гадара («Мачаха» А. Бальзака), Руміна («Дачнікі» М. Горкага) і інш. У верасні 1956 г. быў запрошаны ў Беларускі рэспубліканскі тэатр юнага гледача, арганізатарам і галоўным рэжысёрам якога з’яўлялася Л. Мазалеўская. Трупа тэатра складалася пераважна з выпускнікоў яе курса. Віктар Лебедзеў – артыст шырокага творчага дыяпазону, які дасканала валодаў майстэрствам пераўвасаблення. Яго акцёрскае майстэрства вызначалася дакладнасцю, выразнасцю сцэнічнага малюнка, глыбокім пранікненнем у псіхалагічную сутнасць характараў. Вобразы сваіх герояў В. Лебедзеў ствараў на эмацыянальных кантрастах, тонка адчуваючы жанравыя і стылявыя асаблівасці твора. Вельмі арганічным быў артыст у драматычных ролях, дзе раскрываецца душэўны стан героя, шчырасць перажыванняў, тэмпераментнасць, узрушанасць пачуццяў. Сярод іх – Фёдар («У пошуках радасці» В. Розава), Артур («Авадзень» паводле Э. Л. Войніч), прафесар Паляжаеў («Неспакойная старасць» Л. Рахманава), Ліўсі Трэлані («Востраў скарбаў« паводле Р. Стывенсана), Максім Галубкін («І зноў сустрэча з маладосцю» А. Арбузава). Аднак найбольш адпавядалі індывідуальнасці артыста характарныя ролі, у якіх ён знаходзіў адметнае вонкавае аблічча персанажа, аздабляў яго мімікай, рухамі, голасам. Акцёрская палітра В. Лебедзева – шматфарбавая, багатая на розныя адценні камічнага, прыёмы вострай сатыры, шаржу, нават гратэску. Сярод лепшых роляў – Трахім («Прымакі» Я. Купалы), Кароль («Сярэбраная табакерка» З. Бядулі), Халімон Глушак («Подых навальніцы» паводле І. Мележа), Цмок («За лясамі дрымучымі» В. Вольскага і П. Макаля), Шкаляр Самахвальскі, Кароль («Несцерка», «Цудоўная дудка» В. Вольскага), Хлестакоў («Рэвізор М. Гогаля) і інш. Новы этап у творчасці В. Лебедзева быў звязаны з удзелам у спектаклях Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Я. Купалы. У дуэце з З. Браварскай ён па-майстэрску сыграў ролі Уэлера («Гульня ў джын» Д. Коўберна) і сакратара Сары Бернар Піту («Смех лангусты» Дж. Марэла), у якіх лёгка, з гумарам прадэманстраваў мастацтва пераўвасаблення, здольнасць да імправізацыі. Апошняя роля В. Лебедзева ў тэатры юнага гледача – граф Дарынкур («Маленькі лорд Фаўнтлерой» паводле Ф. Бернет). Імя артыста добра вядома і аматарам кіно. Ён здымаўся ў мастацкіх і тэлевізійных фільмах. Сярод найбольш вядомых – «Апошняе лета дзяцінства» (1974), «Час выбраў нас» (1978), «Блакітны карбункул» (1979), «Чорны замак Альшанскі» (1983), «Высакародны разбойнік Уладзімір Дуброўскі» (1988), «З пекла ў ад» (1996), «Прывітанне ад Чарлі-трубача» (1998), «Алхімікі» (2000) і інш.