Аляксандр Карлавіч Ленц, вядомы псіхіятр і антраполаг, з’яўляецца адным з арганізатараў псіхіятрычнай службы ў Беларусі.
Нарадзіўся будучы вучоны 17 мая 1882 г. у Пецярбургу. У 1907 г. скончыў юрыдычны факультэт Пецярбургскага ўніверсітэта, а ў 1913 г. – Пецярбургскую ваенна-медыцынскую акадэмію. У час Першай сусветнай вайны служыў у рускай арміі. Пасля дэмабілізацыі працаваў у клініцы нервовых і псіхічнахворых у акадэміка У. М. Бехцерава. Затым у клініцы, якой кіраваў прафесар В. П. Восіпаў. Вялікі ўплыў на фарміраванне будучага вучонага-фізіёлага аказала работа ў лабараторыі І. П. Паўлава. Па ініцыятыве А. К. Ленца ў псіхіятрычную практыку ўкараніўся фізіялагічны метад вывучэння псіхозаў. Пад яго кіраўніцтвам былі створаны лабараторыі з біяхімічным аддзелам, фізіятэрапеўтычныя кабінеты, лабараторыі для вывучэння вышэйшай нервовай дзейнасці і ўмоўных рэфлексаў. Усё гэта знайшло прымяненне пры лячэнні псіхічных хворых. За вялікі ўклад у айчынную псіхіятрычную і антрапалагічную навуку А. К. Ленцу ў 1923 г. прысвоена званне доктара медыцынскіх навук, ён стаў прафесарам. У гэтым годзе апынуўся ў Мінску, дзе навуковая і практычная дзейнасць вучонага была звязана з адкрыццём медыцынскага факультэта ў Беларускім дзяржаўным універсітэце. Ён стаў намеснікам дырэктара псіхіятрычнай клінікі і кабінета па вывучэнні злачыннасці, з 1926 г. – старшынёй антрапалагічнай камісіі Інбелкульта (пазней кафедра антрапалогіі Акадэміі навук БССР). Вялікую ўвагу камісія ўдзяляла адкрыццю псіханеўралагічных дыспансераў, санаторыяў, псіхіятрычных аддзяленняў у лячэбных установах, псіханеўралагічнага санаторыя для дзяцей.
У 1928 г. А. К. Ленц знаходзіўся ў навуковай камандзіроўцы ў Германіі і Францыі, дзе вывучаў арганізацыю псіхіятрычнай дапамогі, знаёміў замежных калег з дасягненнямі айчыннай псіхіятрыі. Вынікам паездкі стала манаграфія “Высшая рефлекторная деятельность при прогрессивном параличе”, якая была апублікавана ў 1928 г. у Мінску. У 1930 г. узначаліў кафедру псіхіятрыі Мінскага медыцынскага інстытута. Кафедрай быў падрыхтаваны шэраг навуковых работ, прысвечаных фізіялагічным даследаванням псіхічных хворых, вывучэнню вышэйшай нервовай дзейнасці пры алігафрэніі, шызафрэніі, умоўнарэфлекторнай дзейнасці ў дзяцей. У 1932 г. А. К. Ленц стаў ініцыятарам правядзення ў Мінску Усебеларускай канферэнцыі неўрапатолагаў і псіхіятраў. Матэрыялы канферэнцыі былі апублікаваны ў 1933 г.
Значны ўклад зрабіў А. К. Ленц у антрапалагічную навуку. Акрамя буйных даследаванняў у галіне клінічнай і крымінальнай псіхіятрыі ён праводзіў першыя экспедыцыі па шырокім вывучэнні антрапалогіі беларусаў. Сярод арыгінальных навуковых работ, што апублікаваны ў Беларусі, вылучаюцца “Психиатрический и физиологический метод в психиатрии” (1926), “Криминальные психозы (социопаты)” (1927), “Антропологические исследования в Белоруссии” (1927), “Матэрыялы да арганізацыі антрапалагічных даследаванняў на Беларусі” (1928) і інш. У 1934 г. А. К. Ленц быў прызначаны ўрачом-спецыялістам ваенна-лекавай камісіі Ленінградскай ваеннай акругі. З 1936 па 1938 г. працаваў урачом-спецыялістам ваенна-лекавай эксперыментальнай лабараторыі і начальнікам кафедры Ваенна-медыцынскай акадэміі. Памёр вучоны ў 1952 г. у Ленінградзе.
Аляксандр Карлавіч Ленц працаваў у Мінску каля дзесяці гадоў. За гэты кароткі перыяд ён унёс важкі ўклад у развіццё псіхіятрычнай навукі Беларусі, заклаў асновы новага фізіялагічнага кірунку ў галіне псіхіятрыі. У Рэспубліканскім музеі гісторыі медыцыны Беларусі захоўваюцца некаторыя матэрыялы, што звязаны з жыццём і дзейнасцю вучонага.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2012 г.