Леў Палікарпавіч Лях нарадзіўся у г. Новарасійску Краснадарскага краю (Расія). У 1964 г. скончыў Беларускую дзяржаўную кансерваторыю па класе харавога дырыжыравання (выкладчык М. Маслаў), а ў 1971 г. – па класе оперна-сімфанічнага дырыжыравання (выкладчыкі В. Катаеў і К. Ціханаў).
З 1955 г. Л. Лях працаваў хормайстрам, а з 1966 г. – дырыжорам опернага класа кафедры опернай падрыхтоўкі Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі, дзе дэбютаваў у оперы «Алека» С. Рахманінава. У 1971 г. ён запрошаны на пасаду дырыжора Дзяржаўнага акадэмічнага тэатра оперы і балета БССР. Дэбютам Л. Ляха ў тэатры з'явілася праца над операй «Царская нявеста» М. Рымскага-Корсакава (1971).
Творчасці дырыжора характэрны пранікненне ў мастацкую канцэпцыю і сутнасць зместу твора, адчуванне яго стылістычных асаблівасцей. Пад музычным кіраўніцтвам Л. Ляха пастаўлены оперы «Майстар і Маргарыта» Я. Глебава (2-я рэдакцыя, 1992), «Франчэска да Рыміні» С. Рахманінава, «Апалон-заканадаўца, або Рэфармаваны Парнас» Р. Вардоцкага (1989, абедзве ў канцэртным выкананні; на сучаснай беларускай опернай сцэне прагучалі ўпершыню), опера-казка «Чароўная музыка» М. Міткова (1997); балеты «Чыпаліна» К. Хачатурана (1978), «Ліза і Кален» Л. Герольда (1979), «Сільфіда» Х. Левенскольда (1983), «Жызэль» А. Адана (1987).
Л. Лях дырыжыруе операмі і балетамі пераважна класічнага рэпертуару, а таксама творамі сучасных аўтараў, у тым ліку беларускіх: «Іван Сусанін» М. Глінкі, «Барыс Гадуноў» М. Мусаргскага, «Князь Ігар» А. Барадзіна, «Царская нявеста» і «Снягурачка» М. Рымскага-Корсакава, «Яўген Анегін» і «Пікавая дама» П. Чайкоўскага, «Рыгалета», «Аіда», «Травіята» Дж. Вердзі, «Кармэн» Ж. Бізэ, «Вяселле Фігара» В.А. Моцарта, «Севільскі цырульнік» Дж. Расіні, «Сівая легенда» Д. Смольскага, «Джардана Бруна» С. Картэса, «Зорка Венера» і «Новая зямля» Ю. Семянякі, «Стварэнне свету» А. Пятрова, «Карміна Бурана» на музыку К. Орфа і інш.
Значны ўклад унёс Л. Лях у пастаноўку оперы «Новая зямля», якая адбылася ў 1982 г. з нагоды 100-гадовага юбілею Я. Коласа. Рэжысёрская работа С. Шэйна была накіравана на стварэнне беларускай народнай музычнай драмы, нацыянальнага спектакля, што абумовіла не толькі вылучэнне на першы план масавых сцэн, але і стварэнне трапных вобразных характарыстык. У садружнасці з рэжысёрам правялі сваю работу мастацкі кіраўнік і дырыжор А. Анісімаў і дырыжор Л. Лях, якія тонка і выразна паказалі стылявыя асаблівасці партытуры: падкрэслілі меладыйнае багацце, шчырасць і выразнасць вакальнай інтанацыі, цесна звязанай з народнай мовай і меладычнасцю коласаўскага верша.
Камедыйнасцю, шматграннасцю гумарыстычных знаходак, экспрэсіўнасцю вызначаўся дзіцячы балет «Чыпаліна» К. Хачатурана – Г. Маёрава. І цудоўныя класічныя варыяцыі, і прыёмы клаўнады – усе вобразныя вырашэнні спектакля як бы аб'ядноўвала добрая, гарэзлівая ўсмешка ўсіх стваральнікаў балета – аўтараў, выканаўцаў галоўных роляў, артыстаў кардэбалета, музыкантаў пад кіраўніцтвам дырыжора Л. Ляха. Спектакль «Ліза і Кален» уражваў маляўнічай харэаграфіяй, тэмпераментам выканаўцаў, вытанчаным гучаннем аркестра.
Дырыжор адзначае, што сярод самых дарагіх для яго спектакляў – «Аіда», пастаўленая ў свой час як даніна павагі да выдатнага опернага саліста З. Бабія, «Царская нявеста» з А. Абразцовай, «Іван Сусанін» з М. Ахотнікавым, «Чыа-Чыа-сан» з М. Біешу, якая была настолькі ўражана майстэрствам дырыжора, што запрашала яго на працу ў Кішынёў, у Малдаўскі тэатр оперы і балета.
Шмат цудоўных успамінаў у музыканта пакінула праца над спектаклем «Фаўст» (лібрэта І.В. Гётэ, музыка А. Радзівіла). Беларуская партытура XIX ст. ужо сама па сабе – рарытэт, таму вельмі важна данесці яе да слухача. Але тут патрабавалася нешта большае: максімальна наблізіць гэты маштабны літаратурна-музычны твор да опернага спектакля, надаць яму сапраўдную тэатральна-сімфанічную форму, пераадолеўшы нумарную структуру.
Вельмі складанай была праца над аднаактовай операй «Запіскі звар'яцелага», напісанай сучасным беларускім кампазітарам В. Кузняцовым, якая патрабавала асэнсавання пэўных псіхалагічных установак.
Дырыжор удзельнічаў у шэрагу канцэртаў за межамі краіны: «Набука» Дж. Вердзі ў Германіі, «Шчаўкунок» П. Чайкоўскага ў Каіры. У час выступленняў выконваліся 4-я сімфонія І. Брамса – у Амстэрдаме, 9-я сімфонія Л. ван Бетховена – у Мадрыдзе, Рэквіемы Дж. Вердзі, В.А. Моцарта – у Барселоне.
Усяго ў рэпертуары музыканта налічваецца звыш 70 опер і балетаў, за гады працы ў тэатры ён прадырыжыраваў больш як дзвюма тысячамі спектакляў. Калі ж узгадаць гастролі ды канцэрты, сярод якіх нямала замежных, лічба будзе значна большай.
Л.П. Лях усё жыццё імкнецца да недасягальнага ідэалу прыгажосці і дасканаласці, але дасягнуць яго, як той далягляд, немагчыма. І калі здаецца, што ўжо дасягнуў, – значыць, творчасць для цябе спынілася. Тэатр – шматаблічны Янус. Як злучыць яго розныя абліччы? Як знайсці між імі гармонію? У гэтым, напэўна, і ёсць прызначэнне дырыжора.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2012 г.