Краткая справка:
спартсмен і трэнер (веславанне на байдарках), заслужаны майстар спорту СССР, чэмпіён XVII летніх Алімпійскіх гульняў (1960, Рым), чэмпіён свету (1963), чэмпіён Еўропы (1961, 1963), чэмпіён СССР (1959–1963), заслужаны трэнер Беларусі, заслужаны дзеяч фізічнай культуры і спорту Беларусі, кавалер ордэна "Знак Пашаны", ганаровы грамадзянін Брэста
Имена на других языках:
Makarenko Sergej (не определен); Макаренко Сергей Лаврентьевич (русский);
2073 символа
Справка
Сяргей Макаранка нарадзіўся 11 верасня 1937 г. у г. Крывы Рог на Украіне. У 1940 г. сям’я пераехала ў Брэст. Бацька Сяргея загінуў у пачатку вайны, абараняючы Брэсцкую крэпасць, таму клопат пра сям’ю ў пасляваенны час лёг на плечы маці. Сяргей рана пачаў працаваць: у сярэдзіне 1950-х хлопец стаў матросам рудавоза. У час працы ён упершыню ўбачыў каноэ, якое прывёз у Брэст трэнер Уладзімір Піліпенка. У 1955 г. Сяргей Макаранка выступіў на сваіх першых спаборніцтвах – рэспубліканскім першынстве сярод каноэ-адзіночак ён паказаў другі вынік на дыстанцыі 5 000 м.
Пасля службы ў арміі Сяргей прадоўжыў заняткі веславаннем. За некалькі тыдняў да старту Спартакіяды народаў СССР трэнеры зборнай Беларусі вырашылі аб’яднаць у адзін экіпаж Сяргея Макаранку і Леаніда Гейштара, спартсмена з Гомеля. Дэбют аказаўся паспяховым – хлопцы занялі першае месца на дыстанцыі 10 000 м. У алімпійскім 1960 г. спартсмены зноў сталі першымі на Спартакіядзе народаў СССР на дыстанцыі 10 000 м і другімі ў гонцы на 1 000 м, саступіўшы 0,2 секунды сваім асноўным канкурэнтам Паўлу Харыну і Грацыяну Боцеву. Пара Гейштар – Макаранка адправілася на XVII летнія Алімпійскія гульні ў Рым.
Фінальны заезд каноэ-двоек адбыўся 29 жніўня 1960 г. на возеры Альбана непадалёк ад Рыма. Сярод шасці экіпажаў, якія прабіліся ў фінал, лепшым стаў беларускі экіпаж, які не толькі заваяваў золата XVII Алімпійскіх гульняў, але і прынёс першую ўзнагароду такога кошту ў скарбонку зборнай БССР.
Да 1963 г. алімпійскі экіпаж Сяргея Макаранкі і Леаніда Гейштара быў мацнейшым у СССР, Еўропе і свеце на дыстанцыях 1 000 і 10 000 м. У 1966 г. Сяргей Макаранка закончыў спартыўную кар’еру і стаў трэнерам зборнай СССР па веславанні на каноэ, потым узначальваў зборную Беларусі, пэўны час працаваў трэнерам у Індыі, Кітаі і Іране. Да 2018 г. Сяргей Лаўрэнцьевіч Макаранка працаваў у прадстаўніцтве НАК Беларусі, дзе займаўся развіццём алімпійскага руху ў нашай краіне.
Даведка падрыхтавана на аснове матэрыялаў сайта Нацыянальнага алімпійскага камітэта Рэспублікі Беларусь у 2019 г.