Краткая справка:
беларускі і расійскі спартсмен і трэнер (футбол), майстар спорту СССР міжнароднага класа, заслужаны майстар спорту СССР, уладальнік знака Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь "За развіццё фізічнай культуры і спорту ў Рэспубліцы Беларусь", заслужаны трэнер Беларусі і СССР, пад кіраўніцтвам якога "Дынама" (Мінск) выйграла чэмпіянат СССР (1982)
Варианты имени:
Малафееў Эдуард Васілевіч
Имена на других языках:
Малофеев Эдуард Васильевич (русский);
4308 символов
Справка
Неардынарны футбаліст, адзін з самых плённых ігракоў нападзення, Эдуард Васілевіч Малафееў з поспехам выступаў за нацыянальную і алімпійскую зборныя СССР, быў заўсёды нацэлены толькі на перамогу. Ён таксама таленавіты трэнер, заўсёды думаў пра тое, як павысіць узровень гульні сваіх падапечных, адтачыць тэхніку – і асабовую, і камандную. З імем Э. Малафеева звязаны вельмі яркі перыяд у гісторыі беларускага футбола. Ён змог вывесці айчынную каманду на міжнародную арэну, стварыць школу прафесійных футбалістаў.
Нарадзіўся Э. Малафееў у г. Краснаярску, дзе сям’я знаходзілася ў эвакуацыі. Яго бацька з поспехам выступаў за каманду Беларускай вайсковай акругі, якая мела добрую рэпутацыю сярод футбольных калектываў краіны (канец 1930-х гг.). Інтарэс да гульні перадаўся і сыну. Спачатку Эдуард гуляў у юнацкай камандзе, потым – у складзе каломенскага “Авангарда”. У Каломне пачалася яго дружба са знакамітым М. Мустыгіным, у якога будучы футбаліст вучыўся майстэрству гульні. У “Авангардзе” Э. Малафееў затрымаўся толькі на адзін год: быў запрошаны ў славуты маскоўскі “Спартак”. У асноўным складзе каманды гуляць не давялося, выступаў як дублёр, аднак вельмі хацеў паспрабаваць свае сілы ў асноўным складзе майстроў. Пасля прызыву ў Савецкую армію трапіў у Мінск. Тут пачалася новая старонка яго футбольнай біяграфіі. У дружным калектыве каманды “Дынама”, да якой Э. Малафееў далучыўся ў 1963 г., ён адразу стаў сваім. Трэнер адкрыў у ім выдатныя здольнасці: тонкае адчуванне сітуацыі ў працэсе гульні, уменне выбраць правільнае месца для атакі. У складзе мінскіх футбалістаў ужо не першы год выступаў М. Мустыгін. Аб унікальным тандэме цэнтральных нападаючых (Э. Малафееву і М. Мустыгіну) у той час шмат пісалі газеты і расказвалі ў рэпартажах радыё- і тэлежурналісты. У сезоне 1963 г. дынамаўцы правялі 38 матчаў у чэмпіянаце Савецкага Саюза, атрымалі 18 перамог, 12 паядынкаў закончылі ўнічыю і ўсяго 8 прайгралі. Яны забілі ў вароты сапернікаў 47 галоў, 21 з якіх запісаў на свой рахунак Эдуард Малафееў. У складзе зборнай каманды СССР (з 1963) ён бронзавы прызёр чэмпіянату свету (1966, Лондан), сярэбраны прызёр чэмпіянату Еўропы (1964, Мадрыд). У складзе каманды мінскага “Дынама” (за гэты час забіў 100 мячоў у вароты сапернікаў) – бронзавы прызёр чэмпіянату СССР (1963), фіналіст Кубка СССР (1965). З’яўляўся лепшым бамбардзірам чэмпіянату СССР 1971 г. (16 мячоў).
У 1972 г. Э. Малафееў скончыў Беларускі інстытут фізічнай культуры, у 1977 г. – Вышэйшую школу трэнераў (Масква). З 1972 г. ён на трэнерскай рабоце. Працаваў у брэсцкім “Дынама”. Каманда адразу стала гуляць з высокім запалам, натхнёна, творча. Узраслі майстэрства форвардаў і колькасць забітых мячоў. Найбольш раскрыўся талент трэнера ў роднай камандзе, мінскім “Дынама”, якую Э. Малафееў узначаліў у 1978 г. Энтузіязм ігракоў узняўся на незвычайную вышыню. Ён празорліва ставіў на маладых выхаванцаў беларускага футбола – Ю. Курбыку, А. Пракапенку, С. Бароўскага, П. Васілеўскага і інш. Ігракоў нацэльваў на бескампрамісную барацьбу з сапернікам на працягу ўсяго матча, мабілізацыю ўсіх валявых фактараў. Галоўная задача, якую трэнер паставіў перад камандай, – вярнуцца ў вышэйшую лігу. У выніку каманда ўвайшла ў шасцёрку лепшых калектываў вышэйшай лігі. Пад яго кіраўніцтвам мінскае “Дынама” стала чэмпіёнам СССР (1982). Пасля перамогі пра Э. Малафеева і яго каманду рэжысёрам У. Цеслюком быў зняты дакументальны фільм “Атакуе ўся каманда”. З 1983 г. з’яўляўся галоўным трэнерам алімпійскай і нацыянальнай зборнай каманды СССР, з 1991 г. – трэнерам у расійскіх футбольных клубах. Узначальваў і зборную каманду Беларусі (са жніўня 2000 па чэрвень 2003 г.).
Мэтр беларускага спорту актыўна выступае за развіццё дзіцячага футбола. Часта бывае на матчах, падтрымлівае ініцыятывы Нацыянальнага алімпійскага камітэта Рэспублікі Беларусь па ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы навучальных устаноў.
Эдуард Малафееў унёс вялікі ўклад у развіццё аднаго з самых папулярных відаў спорту. У 1963, 1967 і 1968 гг. уваходзіў у спіс лепшых футбалістаў СССР. Ён майстар спорту СССР міжнароднага класа (1966), заслужаны майстар спорту СССР (1967), заслужаны трэнер Беларусі (1979), заслужаны трэнер СССР (1989). Быў узнагароджаны медалём “За выдающиеся спортивные достижения”.