Краткая справка:
артыст балета, педагог, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі
Имена на других языках:
Мартынов Александр Сергеевич (русский);
1817 символов
Справка
Нарадзіўся Аляксандр Сяргеевіч Мартынаў у г. Радвілішкіс (Літва). Скончыў Рыжскае харэаграфічнае вучылішча (1966), з 1972 па 1976 г. выкладаў у ім. З 1964 г. быў салістам Латвійскага тэатра оперы і балета. У 1970 г. яго запрасілі ў якасці саліста ў ансамбль «Малады балет» (Масква). З 1976 па 1985 г. працаваў вядучым танцоўшчыкам, з 1985 г. педагогам-рэпетытарам Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь. Адначасова з 1978 па 1991 г. ён педагог харэаграфічнага вучылішча Рэспублікі Беларусь. У 2002 г. А. Мартынаў скончыў Беларускую акадэмію музыкі па спецыяльнасці «харэаграфічнае майстэрства». У гэтым жа годзе стаў заслужаным дзеячам мастацтваў Беларусі.
Майстар балета стварыў шмат запамінальных вобразаў на сцэне. Для танца артыста ўласцівы высокае майстэрства і дакладнасць тэхнікі, выразнае і шчырае выкананне кожнага элемента, эмацыянальнасць. Найбольш блізкія А. Мартынаву партыі класічнага рэпертуару. Сярод іх Прынц, Зігфрыд, Дэзірэ і Блакітная птушка («Шчаўкунок», «Лебядзінае возера», «Спячая прыгажуня» П. Чайкоўскага), Альберт, Алі («Жызэль», «Карсар» А. Адана), Базіль, Кавалер («Дон Кіхот», «Пахіта» Л. Мінкуса), Франц («Капелія» Л. Дэліба), Кален («Ліза і Кален» Ф. Герольда). Яго бліскучымі партыямі ў сучасных балетах сталі Пётр («Прывал кавалерыі» І. Армсгеймера), Вацлаў («Бахчысарайскі фантан» Б. Асаф'ева), кароль Філіп («Тыль Уленшпігель» Я. Глебава), граф Вішанька («Чыпаліна» К. Хачатурана), Юнак («Ленінградская сімфонія» на музыку Д. Шастаковіча) і інш.
Аляксандр Мартынаў – лаўрэат VII Міжнароднага конкурсу артыстаў балета ў Варне (1974, Балгарыя, бронзавы медаль). У складзе трупы тэатра гастраліраваў па розных краінах: Балгарыі, Францыі, Іспаніі, Швейцарыі, Польшчы, Японіі і інш.