Немагчыма не заўважыць на беларускім тэатральным небасхіле адну з самых яркіх актрыс Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М. Горкага Бэлу Амікаўну Масумян.
Нарадзілася яна ў г. Паўлаградзе Днепрапятроўскай вобласці (Украіна). Вучылася ў гімназіі ў Вільнюсе. У 1961 г. скончыла Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут (курс Д. А. Арлова – таленавітага артыста і рэжысёра, выдатнага педагога). Настаўнік вучыў не толькі сакрэтам майстэрства, але і паводзінам у прафесіі: прынцыповасці, самастойнасці, інтэлігентнасці, патрабавальнасці да сябе. На вучаніцы, дзяўчыне з прывабнай знешнасцю, рухавай, уразлівай, чулай, прыроджанай артыстцы, захаваўся адбітак асобы майстра. Выпускніцу інстытута Б. Масумян запрасілі ў Дзяржаўны акадэмічны рускі драматычны тэатр БССР імя М. Горкага. Пачынаючая артыстка не ўяўляла сабе, што гэты тэатр стане яе домам на доўгія гады. Кожная рэпетыцыя, кожны спектакль для Б. Масумян былі ўніверсітэтам, дзе побач працавалі старэйшыя сябры, партнёры, такія як А. Клімава, Р. Качаткоў, Г. Абуховіч, Ю. Сідараў, Р. Янкоўскі і іншыя, у якіх можна было няспынна вучыцца майстэрству.
Адной з першых роляў, што сыграла Б. Масумян на прафесійнай сцэне, была Вара Харламава (“Узнятая цаліна” паводле М. Шолахава). З вялікім узрушэннем маладая актрыса перадавала гора жанчыны, якая страціла каханага. Разам з тым яе гераіня, сціплая, цнатлівая, свядома выбірае шлях мужнай барацьбы. Сцэнічныя вобразы Б. Масумян заўсёды ўражваюць дзіўным спалучэннем: вельмі жаноцкія, прыгожыя, паэтычна ўзвышаныя, валявыя, рашучыя. Наяўнасць унутранай сілы, здольнасць прывесці сваіх гераінь да акрэсленага жыццёвага выбару ўласцівы многім сцэнічным характарам актрысы. Імпануюць мужнасць і бескампраміснасць Рыты Асянінай (“А досвіткі тут ціхія...” паводле Б. Васільева), страсны энтузіязм Марыі Адзінцовай, яе гатоўнасць да самаахвярнасці ў імя ісціны (“Марыя” А. Салынскага). Хвалюе трагічны лёс Мадлен Бежар, якая ў самы драматычны момант жыцця захоўвае высакароднасць намераў і ўчынкаў (“Мальер” М. Булгакава). Актрыса валодае здольнасцю, нават калі яна іграе невялікую па памеры ролю, поўна раскрыць біяграфію гераіні. Выканана з бляскам эпізадычная роля Юліі ў спектаклі “Гняздо глушца” В. Розава. Артыстка паказала лёгкую грацыёзнасць, ветлівасць, далікатнасць гераіні, якая ператвараецца ў простую, крыху стомленую жанчыну. Асаблівасцю творчай індывідуальнасці Б. Масумян з’яўляецца тое, што выканаўца ўмее вызначыць перспектыву ролі, і гэта дапамагае гледачу прасачыць яе развіццё ў будучыні. Актрыса становіцца абаронцай і адначасова патрабавальным суддзёй сваёй гераіні Наташы Голубевай (“Сам-насам з усімі” А. Гельмана). Выканаўца паслядоўна раскрывае, як і чаму сям’я Голубевых апынулася на раздарожжы, дакладна выяўляе віну гераіні. Актрыса так будуе дзейсную лінію ролі, што падводзіць да лагічнай высновы – не ўсё страчана для Наташы. Яна знойдзе сілы перайначыць сваё жыццё і пачаць усё нанава. Адной з самых дарагіх для Б. Масумян была роля Гітэлі Моска ў спектаклі “Двое на арэлях” У. Гібсана, якая на працягу ўсёй творчай дзейнасці захоўвалася ў рэпертуары актрысы. Няпроста было маладой артыстцы ўваходзіць у ролю, якую выконвала непараўнальная А. Клімава. Дэбютантка бачыла: Клімава знайшла ў ролі сваё, яна іграла смела, востра, нават дзёрзка, і лёс гераіні набываў трагедыйнае гучанне. Да таго ж гледачы чакалі менавіта Клімаву – артыстку ўжо вядомую, любімую, але трэба было працаваць. Гітэль у Б. Масумян – жанчына, якая многа зведала ў жыцці: і пакутлівыя расчараванні, і кароткія хвіліны кахання, і горыч адзіноты. Актрыса смела карыстаецца кантраснымі фарбамі, спалучаючы ў сваім выкананні рысы вострай камедыйнасці і драматызму. Яе Гітэль паўстае то па-дзіцячаму наіўнай, нават крыху смешнай, то рэзкай, калючай, эпатажнай, то пяшчотнай, акрыленай, паслухмянай. Бэла Масумян дакладна даносіць духоўную эвалюцыю гераіні, якая праз адзіноту, вялікае шчасце кахання і, нарэшце, праз горыч расстання набывае рысы высокай маральнасці. Гэтак жа актрыса дэбютавала і ў “Варшаўскай мелодыі” Л. Зорына: таксама А. Клімава бліскуча сыграла ролю Гелены, і таксама пасля народнай артысткі няпроста было выходзіць на сцэну. Вытанчаная, чароўная Гелена, са зменай настрояў, непаўторнай душэўнай грацыяй, была гераіняй толькі Б. Масумян і больш нічыёй.
Паслужны спісак артысткі даволі доўгі: Вера, Таццяна (“Пад адным небам”, “Толькі адно жыццё” А. Маўзона), Вольга (“Аб’ява ў вячэрняй газеце” А. Паповай), Анвар (“Узыходжанне на Фудзіяму” Ч. Айтматава і К. Мухамеджанава), Маша (“Тры сястры” А. Чэхава), Этэль (“На Залатым возеры” Э. Томпсана) і інш. Лепшыя сцэнічныя работы Б. Масумян – яркае сведчанне адметнага таленту актрысы, здольнай перадаць складанасць чалавечага характару, веліч і слабасць жанчыны. Народнай артыстцы Беларусі (1995) за прафесійнае майстэрства і стварэнне высокамастацкіх вобразаў у спектаклях тэатральнага сезона 2010/11 г. была прысуджана спецыяльная прэмія Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (2012). Таксама Б. Масумян была ўзнагароджана медалём Францыска Скарыны (2007), вышэйшым прызам Беларускага саюза тэатральных дзеячаў “Хрустальная Паўлінка” (2009), медалём Саюзнай дзяржавы “За супрацоўніцтва” (2011).
Матэрыял падрыхтаваны ў 2012 г.