Краткая справка:
акцёр тэатра і кіно, народны артыст Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1988)
Варианты имени:
Мілаванаў Аўгуст Лазаравіч
Имена на других языках:
Милованов Август Лазаревич (русский); Милованов Августин Лазаревич (русский);
3475 символов
Справка
Цікавае творчае жыццё, шмат незабыўных роляў у тэатры і кіно, падрыхтоўка маладых акцёрскіх зорак, сустрэчы і сяброўства з легендарнымі людзьмі – гэта ўсё пра яго, майстра беларускай сцэны Мілаванава Аўгусціна Лазаравіча.
Дзяцінства артыста не было шчаслівым і бесклапотным. Нарадзіўся А. Мілаванаў у Сталінградзе (Валгаград). У зусім маленькім узросце ён спазнаў увесь жах доўгай спусташальнай вайны. Дзякуючы мудрай і працавітай маці сям’я здолела выжыць. І наперадзе засвяціла будучыня, якая падаравала А. Мілаванаву славу і высокае прызнанне. Яшчэ ў школе праявілася яго любоў да літаратуры, гісторыі, і таму звязаць свой лёс ён задумаў менавіта з творчай дзейнасцю. Пасля атрымання атэстата (1956) А. Мілаванаў працаваў у гарадскім тэатры памочнікам рэжысёра. Асабліва значнай падзеяй у гэты час стаў яго ўдзел у першай пастаноўцы п’есы “Бег” М. Булгакава. Затым была вучоба ў Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце, дзе курс вёў таленавіты педагог Д.А. Арлоў. У дыпломных спектаклях А. Мілаванаў іграў вядучыя ролі: Паўла Пратасава (“Дзеці сонца” М. Горкага), Шута (“Дванаццатая ноч” У. Шэкспіра), Рыгора Галкіна (“Няроўны бой” В. Розава). У 1961 г. працаваў у Беларускім тэатры імя Я. Коласа. Там ён вылучыўся ў вострахарактарнай ролі Арэшкіна ў спектаклі “Крыніцы” паводле І. Шамякіна. У рэцэнзіях на сыграныя ім ролі адзначалася, што А. Мілаванаву ўласцівы строгая манера выканання, выразны пластычны малюнак кожнага вобраза, тонкая іронія, часам нават сарказм.
Папрацаваўшы год у віцебскім тэатры, акцёр пераязджае ў Мінск. І з гэтага часу – ён адзін з вядучых артыстаў Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Я. Купалы. У рэпертуары А. Мілаванава шмат адмоўных персанажаў, якія вылучаюцца сваёй ілжывасцю, абыякавасцю да грамадскага зла. Кожнаму з іх акцёр знаходзіў псіхалагічнае апраўданне, з лёгкасцю і абаяннем ствараў шматзначныя характары. У спектаклі “Што той салдат, што гэты” Б. Брэхта А. Мілаванаў праводзіў свайго героя Гэлі Гэя праз цэлы шэраг трансфармацый. Да гэтага ліку яшчэ трэба аднесці ролі Герастрата (“…Забыць Герастрата!” Р. Горына), у якім спалучыліся рысы авантурыста і спакусніка; Таты (“Зацюканы апостал” А. Макаёнка) і інш. У вобразе Амількара (“Месье Амількар, або Чалавек, які плаціць” І. Жаміяка) акцёру ўдалося паказаць, што за жорсткай, бясстраснай маскай хаваецца ранімая душа адзінокага чалавека. Для характарыстыкі сваіх герояў А. Мілаванаў актыўна выкарыстоўваў пластычныя сродкі: ад фіксацыі позы, позірка да амаль танцавальных нумароў. У 1965 г. купалаўцы паставілі п’есу грузінскіх аўтараў Н. Думбадзе і Р. Лордкіпанідзе “Я, бабуля, Іліко і Іларыён”. Роля Зурыко – новая грань таленту А. Мілаванава, бо вобраз юнака наскрозь прасякнуты дабрынёй і шчырасцю. У гэтым спектаклі акцёр іграў упоравень са знакамітымі партнёрамі: С. Станютай, У. Дзядзюшкам, П. Кармуніным. Да самых значных работ належаць таксама вобразы Міхая Груя (“Святая святых” І. Друцэ), Ромула (“Ромул Вялікі” Ф. Дзюрэнмата), Крэонта (“Антыгона” паводле Ж. Ануя і Сафокла), Тэўе (“Памінальная малітва” Р. Горына). У ролі апошняга Мілаванаў раскрыў разнастайную гаму пачуццяў, душэўных перажыванняў.
Акрамя работы ў тэатры А. Мілаванаў шмат здымаўся ў кіно, на тэлебачанні, займаўся рэжысёрскай практыкай у любіцельскіх тэатрах. З 1967 па 1987 г. выкладаў у Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце (зараз Акадэмія мастацтваў) майстэрства акцёра. У 1988 г. стаў лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі Беларусі.