Нарадзіўся вучоны ў Мінску, скончыў гімназію, паступіў на фізіка-матэматычны факультэт Пецярбургскага ўніверсітэта, які закончыў з дыпломам першай ступені ў 1895 г. Выкладаў электратэхніку ў Пецярбургскім электратэхнічным інстытуце (1895–1910), фізіку і электратэхніку ў Пецярбургскім горным інстытуце (1896–1905), фізіку на Пецярбургскіх вышэйшых жаночых курсах (1898–1901) і ў Пецярбургскім універсітэце (1901–1902).
Амаль 37 гадоў навуковая і педагагічная дзейнасць Уладзіміра Фёдаравіча звязана з Пецярбургскім політэхнічным інстытутам, куды ён быў залічаны выкладчыкам электратэхнікі. У 1906 г. абараніў дысертацыю на тэму “О вольтовой дуге” і быў абраны прафесарам. Ён чытаў лекцыі па створаным ім курсе, якія былі выдадзены ў 1910 г. пад назвай “Теория явлений электрических и магнитных”, пазней выходзіла кніга пад назвай “Физические основы электротехники” (1928, 1932, 1933). У гэтым курсе пры выкладанні вучэння аб электрамагнітных з'явах на аснове ідэй Фарадэя і Максвела У.Ф. Міткевіч шырока выкарыстоўваў метады матэматычнай фізікі, даў глыбокі фізічны аналіз працэсаў, што адбываюцца ў электрычных прыборах, тым самым устанавіў цесную сувязь паміж электрафізікай і электратэхнікай. Адначасова чытаў курс “Теория переменных токов”, дзе шырока выкарыстоўваў новыя ў той час графічныя метады разліку ланцугоў пераменнага току. Гэтымі курсамі, створанымі У.Ф. Міткевічам, была закладзена аснова той навуковай дысцыпліны, якая сёння мае назву “Теоретические основы электротехники” і з'яўляецца важнейшым звяном у сістэме вышэйшай электратэхнічнай адукацыі. Вучоны арганізаваў першую ў Расіі лабараторыю па тэарэтычных асновах электратэхнікі, якая была прызначана для правядзення студэнтамі лабараторных прац і стала базай для шэрагу эксперыментальных навуковых даследаванняў, што выконваліся У.Ф. Міткевічам і яго вучнямі. У 1912 г. ён стаў дэканам электрамеханічнага аддзялення Пецярбургскага політэхнічнага інстытута.
У.Ф. Міткевіч – аўтар навуковых прац, якія былі цесна звязаны з задачамі электрапрамысловасці і атрымалі адлюстраванне ў шэрагу важнейшых сучасных праблем электратэхнікі і электраэнергетыкі. Вучоны даказаў магчымасць прымянення фарадэевай і максвелаўскай фармулёўкі закона электрамагнітнай індукцыі для вызначэння электрарухаючай сілы ў абмотках электрычных машын з гладкім і зубчатым якарам. Важнае значэнне маюць яго працы па даследаванні вольтавай дугі. Упершыню ўстанавіў прыроду вольтавай дугі і вывучыў умовы яе ўзнікнення і развіцця. Ён першы прапанаваў прымяняць у лініях высокага напружання расшчэпленыя правады з мэтай павышэння крытычнага напружання. Гэта ідэя рэалізавалася ў сучасных лініях электраперадачы высокага і звышвысокага напружання, што забяспечвае павышэнне ўстойлівасці работы энергетычных сістэм, звязаных звышдалёкімі лініямі перадач вялікай магутнасці. Прымяненне гэтай ідэі атрымала вялікае значэнне пры здзяйсненні генеральнай праблемы электраэнергетыкі – стварэнні Адзінай электраэнергетычнай сістэмы СССР.
Амаль трыццаць гадоў свайго жыцця вучоны прысвяціў вывучэнню электрамагнітных з'яў. Яму належыць вялікая колькасць артыкулаў аб прыродзе электрычнага току, фізічнай сутнасці магнітнага патоку, імавернай прыродзе элементарных электрычных зарадаў, прынцыповых поглядах на электрамагнітнае ўзаемадзеянне і інш. Асноўныя моманты з гэтых прац падсумаваны ў манаграфіі “Магнитный поток и его преобразования” (1946).
Навуковую дзейнасць У.Ф. Міткевіч сумяшчаў з навукова-арганізацыйнай і грамадскай. Ён узначальваў Асобае тэхнічнае бюро па ваенных вынаходствах Наркамата абароны СССР, кіраваў секцыяй па распрацоўцы навуковых праблем электрасувязі ў АН СССР, быў дырэктарам Цэнтральнай лабараторыі прыборабудавання АН СССР, прымаў удзел у стварэнні ў Расіі акумулятарнай прамысловасці, актыўна працаваў у галіне тэлефаніі і радыё, удзельнічаў у распрацоўцы плана электрыфікацыі Расіі (ГОЭЛРО). На працягу многіх гадоў вучоны ўваходзіў у склад рэдкалегіі часопіса “Электричество”, дзе былі змешчаны шмат яго артыкулаў, дакладаў, нататкаў.
Навуковыя заслугі У.Ф. Міткевіча атрымалі шырокае прызнанне. У 1927 г. ён абраны членам-карэспандэнтам, у 1929 г. – акадэмікам АН СССР. У 1939 г. яму прысвоена званне заслужанага дзеяча навукі і тэхнікі. За шматгадовую плённую навуковую і педагагічную дзейнасць удастоены прэміі імя У.І. Леніна (1928), Дзяржаўнай прэміі СССР (1943), узнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі (1933), Чырвонага Сцяга (1945), У.І. Леніна (1947). Уладзімір Фёдаравіч Міткевіч сваёй актыўнай дзейнасцю ўнёс значны ўклад у развіццё электратэхнікі і яе практычнае прымяненне.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2012 г.