Дата рождения: 27.09.1947 Грушчаны, в., Свіслацкі раён, Гродзенская вобласць
Дата смерти: 13.10.2004
Краткая справка: вучоны-гісторык, які даследаваў праблемы гістарыяграфіі, археаграфіі і архівазнаўства
Имена на других языках: Михнюк Владимир Николаевич (русский);
Уладзімір Мікалаевіч Міхнюк нарадзіўся ў в. Грушчаны Поразаўскага раёна (цяпер Свіслацкі р-н Гродзенскай вобласці) у сялянскай сям'і. Ён марыў стаць журналістам і свае першыя нататкі дасылаў у раённую, абласную, а таксама ў рэспубліканскія і нават маскоўскія газеты. Збіраўся паступаць на факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У.І. Леніна (БДУ), аднак грошай, што сабрала маці (сям'я рана страціла бацьку), хапіла толькі на білет да Гродна, і У.М. Міхнюк стаў студэнтам гістарычнага факультэта Гродзенскага педагагічнага інстытута. Вучыўся старанна, займаўся спортам, ўзначальваў будаўнічы атрад «Белая Русь», які паклаў пачатак руху за камуністычныя адносіны да працы ў БССР. Усе заробленыя атрадам у Казахстане грошы былі пералічаны ў Фонд міру. У 1969 г. У.М. Міхнюк атрымаў дыплом і некаторы час працаваў загадчыкам аддзела пісьмаў у рэдакцыі свіслацкай раённай газеты «Заветы Ильича», потым служыў у арміі. У 1970 г. паступіў у аспірантуру пры кафедры гісторыі СССР і БССР Гродненскага педінстытута імя Я. Купалы. З вялікай павагай і шчырасцю ён адносіўся да свайго навуковага кіраўніка, прафесара, доктара гістарычных навук Б.М. Фіха, які дапамог маладому вучонаму ў пачатку навуковай кар'еры. Пасля заканчэння аспірантуры У.М. Міхнюк выкладаў у інстытуце. У 1975 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю па тэме «Историография социально-экономического развития белорусской деревни в 1917–1929 гг.» і быў запрошаны на пасаду старшага навуковага супрацоўніка ў Інстытут гісторыі партыі пры ЦК КПБ. Спецыялізаваўся на вывучэнні гістарыяграфіі новай і навейшай гісторыі Беларусі. З красавіка 1982 г. пачаў працаваць у Інстытуце гісторыі АН БССР. У 1985 г. выдаў манаграфію «Становление и развитие исторической науки Советской Белоруссии (1919–1941 гг.)». У пачатку 1987 г. абараніў доктарскую дысертацыю па гэтай тэме і стаў самым маладым у рэспубліцы доктарам гістарычных навук.
З 1987 па 1991 г. У.М. Міхнюк выкладаў у Мінскай вышэйшай партыйнай школе. У 1991 г. атрымаў званне прафесара і праз год стаў першым дырэктарам Беларускага навукова-даследчага інстытута дакументазнаўства і архіўнай справы (БелНДІДАС). На гэтай пасадзе яскрава раскрыўся яго талент кіраўніка. За кароткі час У.М. Міхнюк сабраў каманду аднадумцаў, стварыў сапраўдную творчую атмасферу і спрыяльныя ўмовы для працы ў новым інстытуце. У 1997 г. вучоны ўзначаліў аддзел Камісіі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. У чэрвені 1998 г. перайшоў на выкладчыцкую працу ў БДУ. Чытаў таксама лекцыі ў іншых вышэйшых навучальных установах Беларусі і за мяжой. У 2004 г. стаў дырэктарам Цэнтра дзяржаўнай кадравай палітыкі Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, з верасня гэтага ж года быў прызначаны прарэктарам па навуковай рабоце Беларускага інстытута правазнаўства.
На ўсіх пасадах У.М. Міхнюк займаўся даследаваннем праблем гісторыі, гістарыяграфіі і крыніцазнаўства, археаграфіі і архівазнаўства. Ён быў адным з першых беларускіх гісторыкаў, які пачаў працаваць з архівамі КДБ. Гэта дало магчымасць аднавіць праўдзівыя факты з жыцця Я. Купалы, К. Езавітава, У. Пракулевіча, Б. Тарашкевіча, напісаць навуковыя артыкулы пра У. Ігнатоўскага, В. Ластоўскага, А. Луцкевіча, А. Смоліча, М. Гарэцкага, А. Гурло, Я. Пушчу, У. Жылку і інш. Працуючы над кнігай пра А. Дудара, У.М. Міхнюк выявіў у архівах арыгінал верша класіка ўкраінскай літаратуры В. Сасюры «Наўкола радасці так мала», які ва ўрачыстай абстаноўцы быў перададзены супрацоўнікам пасольства Украіны ў Рэспубліцы Беларусь для вяртання на радзіму.
Творчая спадчына У.М. Міхнюка заслугоўвае глыбокага вывучэння. Спіс толькі асноўных яго работ налічвае больш за 130 найменняў: артыкулаў і нататак, брашур, зборнікаў дакументаў і матэрыялаў, навуковых кніг. Сярод іх – «Крестьянство Белоруссии на пути к социализму: Историографический очерк», «Социалистические преобразования в западных областях БССР: Историографический очерк» (абедзве 1979), «Арыштаваць у высылцы: Дакументальны нарыс пра Алеся Дудара» (1996), з'яўляецца таксама адным з аўтараў «Нарысаў гісторыі Беларусі» (ч. 2, 1996), кніг «Историческая наука Белорусской ССР: 80-е годы» (1997, у суаўт. з П.Ц. Петрыкавым), «Гісторыя славянскіх народаў у працах савецкіх даследчыкаў» (1988, у суаўт. з П.Ц. Петрыкавым і Г.Г. Сяргеевай), «Докторские и кандидатские диссертации по историческим наукам БССР. 1944–1987 гг.: Библиографический указатель», 2-е выд., перапрац. и дап. (1988, у суаўт. з Л.М. Навіцкай), «Споведзь у надзеі застацца жывым: Аўтабіяграфія Браніслава Тарашкевіча» (1999, у суаўт. з А.І. Валахновічам). Значным навуковым праектам стала падрыхтоўка і выданне зборніка дакументаў і матэрыялаў «Знешняя палітыка Беларусі». Па ініцыятыве У.М. Міхнюка і пад яго непасрэдным кіраўніцтвам з 1997 па 2002 г. выйшла сем тамоў зборніка. Вучоны праводзіў работу па даследаванні праблемы «Фарміраванне тэрыторыі і граніц Беларускай ССР у XX ст.» і надрукаваў шэраг аўтарскіх артыкулаў у часопісах і зборніках. Ён прымаў актыўны ўдзел у падрыхтоўцы першых нацыянальных энцыклапедычных выданняў Рэспублікі Беларусь і з'яўляўся членам навукова-рэдакцыйных саветаў «Энцыклапедыі гісторыі Беларусі» (у 6 т.), «Беларускай энцыклапедыі» (у 18 т.). Шмат зрабіў для станаўлення часопісаў «Беларуская Мінуўшчына», «Архівы і справаводства», актыўна супрацоўнічаў з «Беларускім гістарычным часопісам». Да апошняга дня У.М. Міхнюк працаваў над нарысамі «Докторские и кандидатские диссертации по историческим наукам 1991–2003 гг.», «Гісторыкі Беларусі» і «Вязень сумлення» (пра У. Дубоўку), сабраў вялікі матэрыял для кнігі «Як дзялілі Беларусь».
Прафесар У.М. Міхнюк з'яўляўся членам экспертнага савета Вышэйшай атэстацыйнай камісіі Рэспублікі Беларусь па спецыяльнасці «гісторыя», уваходзіў у навуковыя саветы па абароне доктарскіх і кандыдацкіх дысертацый БДУ, БДПУ імя М. Танка, Інстытута гісторыі НАН Беларусі, БелНДІДАС. Ён прымаў актыўны ўдзел у падрыхтоўцы навуковых кадраў, з'яўляўся афіцыйным апанентам і экспертам па доктарскіх і кандыдацкіх дысертацыях, старшынёй дзяржаўных экзаменацыйных камісій па гісторыі ў вядучых ВНУ Рэспублікі Беларусь, удзельнічаў у навуковых форумах у Беларусі і за яе межамі, быў арганізатарам шматлікіх міжнародных навуковых канферэнцый, узначальваў некалькі рэспубліканскіх алімпіяд школьнікаў па намінацыі «гісторыя».
Навуковая і грамадская праца У.М. Міхнюка не была пакінута без увагі. Ён абіраўся акадэмікам Міжнароднай акадэміі арганізацыйных і кіраўнічых навук, членам-карэспандэнтам Акадэміі адукацыі Рэспублікі Беларусь, членам праўлення таварыства «Беларусь–Польшча». Узнагароджаны медалём імя М.В. Доўнар-Запольскага за адраджэнне нацыянальнай гістарычнай памяці, шэрагам ганаровых грамат і граматамі ведамстваў рознага ўзроўню.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2016 г.