Жорж Адамавіч Мрочак нарадзіўся ў невялікай вёсцы Рагозіна Лагойскага раёна Мінскай вобласці. У 1960 г. закончыў Беларускі інстытут механізацыі сельскай гаспадаркі (цяпер Беларускі дзяржаўны аграрны тэхнічны ўніверсітэт), у 1964 г. – Беларускі політэхнічны інстытут (цяпер Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт), у 1973 – аспірантуру Фізіка-тэхнічнага інстытута АН БССР (цяпер Фізіка-тэхнічны інстытут НАН Беларусі). Атрымаў спецыяльнасць «Тэхналогія машынабудавання, станкі і інструменты», працаваў на Мінскім трактарным заводзе. У 1960–1969 гг. з’яўляўся інжынерам-даследчыкам Навуковага цэнтра МТЗ, працаваў інжынерам-канструктарам аддзела галоўнага тэхнолага, узначальваў бюро вытворчага аддзела, акрамя таго, быў сакратаром камітэта камсамола завода. З 1960 да 1991 г. працаваў у Фізіка-тэхнічным інстытуце НАН Беларусі, прайшоў шлях ад аспіранта да намесніка дырэктара інстытута па навуковай рабоце.
У 1973 г. Ж.А. Мрочак абараніў кандыдацкую дысертацыю па тэме «Исследование технологического процесса электроэррозионной обработки вырубных штампов стальными электродами-инструментами» і атрымаў вучоную ступень кандыдата тэхнічных навук. Вучоную ступень доктара тэхнічных навук атрымаў у 1990 г., абараніўшы доктарскую дысертацыю па тэме «Развитие научных основ технологии формирования коррозионностойких плазменно-вакуумных покрытий».
З 2000 г. Жорж Адамавіч з’яўляецца акадэмікам грамадскага аб’яднання «Беларуская інжынерная акадэмія», з 1998 г. – членам-карэспандэнтам грамадскай арганізацыі «Міжнародная акадэмія навук Еўразіі». Акрамя таго, Ж.А. Мрочак – старшыня секцыі ў галіне машынабудавання і прыборабудавання Навукова-метадычнага цэнтра Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, кіраўнік навуковага камітэта Беларускай асацыяцыі інжынераў-тэхнолагаў. Вучоны ўваходзіць у склад рэдакцыйных калегій шэрагу навукова-практычных выданняў: рэспубліканскага міжведамаснага зборніка навуковых прац «Машиностроение»; навукова-тэхнічнага часопіса «Вестник Белорусского национального технического университета»; міжнароднага навукова-тэхнічнага часопіса «Теоретическая и прикладная механика».
Ж.А. Мрочак – лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР (1980), прэміі Савета Міністраў БССР у галіне навукі і тэхнікі (1991), прэміі НАН Беларусі (2003).
Аўтар 626 навуковых прац, у тым ліку 31 кнігі (манаграфіі, падручнікі і вучэбныя дапаможнікі), 8 брашур. Вынікі яго навуковых даследаванняў шырока вядомыя ў Беларусі і па-за яе межамі. Жорж Адамавіч мае больш за 106 вынаходак, патэнты на якія ёсць у Вялікабрытаніі, Францыі, Швейцарыі, Германіі і Італіі. Яго прозвішча ўнесена ў спіс 2000 Outstanding Intellectuals of ХХ century (International Biographical Centre, Cambridge, England). Вынікі вынаходніцтваў Ж.А. Мрочака адзначаны двума сярэбранымі (1982, 1987) і двума бронзавымі медалямі ВДНГ СССР (1975, 1986). Жорж Адамавіч узнагоджаны знакам «Изобретатель СССР», Ганаровымі знакамі Цэнтральнага машынабудаўнічага інстытута і Міністэрства машынабудавання Балгарыі, знакам Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь «Выдатнік адукацыі» (2004), медалём «Ветеран труда» (1987).
Сёння Ж.А. Мрочак – прафесар кафедры «Тэхналогія машынабудавання» машынабудаўнічага факультэта Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта. Пад яго кіраўніцтвам студэнты БНТУ вывучаюць тэхналогію аўтаматызаванай вытворчасці, электрафізічныя і электрахімічныя спосабы апрацоўкі матэрыялаў, вучацца праектаванню тэхналагічных працэсаў у машынабудаванні.
Матэрыял прадастаўлены Ж.А. Мрочакам у 2011 г.