Марыя Вікенцьеўна Мякіннікава нарадзілася ў Гомелі ў сям’і чыгуначніка. У 1934 г. скончыла медыцынскі тэхнікум, у 1939 г. атрымала дыплом Мінскага медыцынскага інстытута (цяпер Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт). Пасля атрымання вышэйшай адукацыі два гады загадвала отарыналарынгалагічным аддзяленнем Полацкай гарадской бальніцы (цяпер Полацкая цэнтальная гарадская бальніца). Мірную працу перапыніла Вялікая Айчынная вайна. У 1941–1944 гг. узначальвала хірургічнае аддзяленне эвакуацыйнага шпіталя № 2606 у складзе 1-га Беларускага фронту, была ўзнагароджана баявым медалём. У 1944–1946 гг. доктар Мякіннікава працавала на пасадзе ардынатара отарыналарынгалагічнага аддзялення 2-й клінічнай бальніцы Мінска. У 1946–1960 гг. з’яўлялася асістэнтам кафедры хвароб вуха, горла, носа Мінскага медыцынскага інстытута.
Марыя Вікенцьеўна Мякіннікава належала да навуковай школы прафесара Я.І. Яраслаўскага, віднага беларускага і расійскага вучонага. Прафесар Яраслаўскі займаўся даследаваннямі склеромы – цяжкай хранічнай інфекцыйнай хваробы. М.В. Мякіннікава шмат часу прысвяціла вывучэнню паходжання, клінікі і прафілактыкі склеромы, укараніла ў практыку шэраг метадаў лячэння гэтай хваробы. У 1955 г. М.В. Мякіннікава абараніла дысертацыю “Сравнительная оценка хирургического, консервативного и комбинированного методов лечения при склеромных поражениях носа, носоглотки и глотки” і атрымала вучоную ступень кандыдата медыцынскіх навук.
Пэўныі ўклад унесла М.В. Мякіннікава ў стварэнне кафедры ЛОР-хвароб Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага інстытута (цяпер кафедра отарыналарынгалогіі Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта). У 1961 г. М.В. Мякіннікава разам з В.Я. Гапановічам сфарміравалі матэрыяльна-тэхнічную базу кафедры, заклалі трывалую аснову для правядзення метадычнай і навуковай работы. У 1960–1968 гг. М.В. Мякіннікава з’яўлялася дацэнтам кафедры хвароб вуха, горла, носа Мінскага медыцынскага інстытута. У гэты час яна прадоўжыла свае навуковыя даследаванні, апублікаваныя ў 1960-я гг.
У 1968 г. пасля абароны дысертацыі на тэму “Клинико-лабораторные параллели в изучении склеромы” М.В. Мякіннікава атрымала вучоную ступень доктара медыцынскіх навук, у 1970 г. стала прафесарам. Разам з супрацоўнікамі кафедры мікрабіялогіі яна першай на Беларусі пачала вывучэнне эпідэміялогіі, этыялогіі, патагенэзу і новых метадаў лячэння і прафілактыкі азены, прапанавала клінічную класіфікацыю гэтай хваробы, стала суаўтарам манаграфій “Озена: этиология, иммунология, патогенез” (1974), “Озена: клиника, диагностика, лечение и эпидемиология” (1980). У 1972–1973 гг. М.В. Мякіннікава ўзначальвала кафедру хвароб вуха, горла, носа Мінскага медыцынскага інстытута.
М.В. Мякіннікава апублікавала больш за 100 навуковых работ, падрыхтавала 4-х кандыдатаў медыцынскіх навук. Яна прымала ўдзел у падрыхтоўцы і правядзенні шэрагу рэспубліканскіх науковых з’ездаў і канферэнцый оталарынголагаў.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2012 г. Гомельскай абласной універсальнай бібліятэкай імя У.І. Леніна.