Іна Дзмітрыеўна Назіна нарадзілася ў Мінску. У 1961 г. скончыла Беларускую дзяржаўную кансерваторыю імя А.В. Луначарскага (цяпер Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі) па класе фартэпіяна. Пасля атрымання дыплома працавала выкладчыкам у Магілёўскім (1961–1963) і Мінскім (1963–1968) музычных вучылішчах. З 1970 па 1992 г. І.Д. Назіна працавала ў Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К. Крапівы НАН Беларусі, дзе займалася грунтоўнымі даследаваннямі беларускай народнай музычна-інструментальнай культуры. Асноўную ўвагу даследчыца аддавала збіранню народных найгрышаў ва ўсіх этнаграфічных рэгіёнах Беларусі. Больш за 3 тыс. народных мелодый з калекцыі І.Д. Назінай увайшлі ў нотныя зборнікі “Беларускія народныя найгрышы” (1986), “Беларуская народная інструментальная музыка” (1989), “Жаніцьба Цярэшкі” (суаўтар Л. Салавей; 1993). І.Д. Назінай была падрыхтавана інструментальная частка грампласцінак “Музычны фальклор Беларускага Палесся” (выдадзены ЮНЕСКА ў серыі “Музычны фальклор народаў свету” ў 1982 г.; Гран-пры ЮНЕСКА 1988), “Музычны фальклор Беларусі” (1990).
Дзякуючы шматгадовай экспедыцыйнай рабоце, вывучэнню шматлікіх форм бытавання твораў у традыцыйным асяроддзі, архіўным росшукам, грунтоўнаму вывучэнню інструментарыя, выканальніцкіх прыёмаў, генезісу, грамадскага прызначэння і стыляў народнай музыкі І.Д. Назінай быў падрыхтаваны шэраг выданняў: манаграфіі “Белорусские народные музыкальные инструменты: самозвучащие, ударные, духовые” (1979), “Белорусские народные музыкальные инструменты: струнные” (1982) і акадэмічная анталогія “Беларуская народная інструментальная музыка” (1989). Анталогія з’яўляецца падагульняючым томам да папярэдніх манаграфій аўтара, дзе на беларускім матэрыяле падаецца сістэматызацыя народных інструментаў згодна з прынцыпам Э.-М. фон Хорнбостэля і К. Закса, прыводзяцца мясцовыя найменні народных інструментаў, тлумачацца выканальніцкія магчымасці і тэхніка выканання, усебакова разглядаюцца сацыяльныя функцыі, музычна-стылявыя асаблівасці найгрышаў і іх сувязі з вакальнай музыкай. І.Д Назіна падрабязна апісала строй і настройку інструментаў, іх тэмбравую спецыфіку, не абышла ўвагай псіхалогію выканаўцаў. Даследчык падагульніла ўсё, вядомае раней, удакладніла метадычныя падыходы да распрацоўкі праблемы, сфарміравала накірунак далейшых даследаванняў.
Падчас наведвання розных куткоў Беларусі І.Д. Назіна сабрала вялікую калекцыю беларускіх народных музычных інструментаў, якія увайшлі ў склад экспазіцый Музея старажытнабеларускай культуры Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К. Крапівы НАН Беларусі і Усерасійскага музейнага аб’яднання музычнай культуры імя М.І. Глінкі (Масква).
Шмат увагі І.Д. Назіна надае прапагандзе аўтэнтычных форм беларускага інструментальнага фальклору, выступае ў якасці арганізатара этнаграфічных канцэртаў і выставак народных інструментаў, з’яўляецца аўтарам сцэнарыеў шэрагу відэафільмаў аб’яднання “Беларускі відэацэнтр”: “Грай, скрыпка, грай” (1992), “Галасы зямлі маёй” (1993), “Зачараваная дудка” (1994). “Труба і рог”, “Цымбаліст” (абодва 1995), “Бубен и барабан” (1997). І.Д. Назіна – аўтар звыш 200 энцыклапедычных і навуковых артыкулаў, апублікаваных у Мінску, Маскве, Лондане.
З 1992 г. Іна Дзмітрыеўна працуе на кафедры беларускай музыкі фартэпіяннага і кампазітарска-музыказнаўчага факультэта Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі (загадвала кафедрай у 1997–2002 гг.), дзе займаецца даследаваннямі розных напрамкаў беларускай народнай музычна-інструментальнай культуры – этнаарганалітычнага, этнаарганафанічнага і этнагістарыяграфічнага.
У 1997 г. выйшла з друку манаграфія І.Д. Назінай “Беларускія народныя музычныя інструменты”, якая змяшчае этнаграфічныя, гістарычныя, археалагічныя і іншыя звесткі. Народныя музычныя інструменты падзелены на 4 класы: самагучальныя (лыжкі, талеркі, трашчотка і г.д.); мембранныя (бубен, барабан, грэбень); духавыя (гармонік, дудкі, жалейка і г.д.); струнныя (колавая ліра, басэтля, мандаліна, гітара і г.д.). Цікава апісваецца выкарыстанне народнымі музыкамі лісцеў дрэў, травінак, кавалачкаў кары. У якасці музычных інструментаў выступаюць і пуга пастуха, і звычайныя лыжкі, і грабяні для часння ільну. Выданне багата ілюстравана фотаздымкамі і малюнкамі, аздоблена народнымі паэтычнымі радкамі, нотнымі запісамі народнай інструментальнай музыкі.
Вучнямі І.Д. Назінай з’яўляюцца дактары мастацтвазнаўства В.У. Дадзіёмава, Н.П. Яканюк, кандыдаты мастацтвазнаўства М.І. Казловіч, Т.У. Ліхач.
Вялікі ўклад І.Д. Назінай у культурнае жыццё краіны быў адзначаны Ганаровым знакам Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь (1997), спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (1998).
Сёння І.Д. Назіна шмат увагі надае вывучэнню кампаналогіі – спецыяльнай галіне навуковых ведаў аб званах і перазвонах, мастацтву выкарыстання званоў у грамадска-культурнай сферы жыцця Беларусі.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2012 г.