Дата рождения: 17.05.1937 Мінск, г.
Дата смерти: 31.01.2021
Краткая справка: вучоны-матэматык, педагог, аўтар дапаможнікаў для настаўнікаў і навучэнцаў, лаўрэат прэміі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітых навучэнцаў і студэнтаў (1999), выдатнік асветы СССР, выдатнік народнай асветы
Имена на других языках: Новик Ирина Александровна (русский);
Ірына Аляксандраўна Новік нарадзілася ў сям’і настаўніцы і інжынера. Пасля заканчэння школы паступіла на матэматычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Пасля атрымання дыплома працавала ў сярэдняй школе № 12 г. Мінска настаўнікам матэматыкі, намеснікам дырэктара. Выкладала матэматыку ў Мінскім тэхнікуме лёгкай прамысловасці (цяпер Мінскі дзяржаўны каледж тэхналогіі і дызайну лёгкай прамысловасці), у Беларускім інстытуце механізацыі сельскай гаспадаркі (цяпер Беларускі дзяржаўны аграрны тэхнічны ўніверсітэт).
У 1973 г. Ірына Аляксандраўна абараніла дысертацыю на атрыманне вучонай ступені кандыдата педагагічных навук. У 1974 г. прыйшла на матэматычны факультэт Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А.М. Горкага (цяпер Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка). Працавала старэйшым выкладчыкам, дацэнтам, загадвала кафедрай матэматыкі і методыкі выкладання матэматыкі. У гэты перыяд на кафедры праводзілася вялікая навукова-метадычная работа па падрыхтоўцы кадраў вышэйшай кваліфікацыі: было абаронена звыш 50 кандыдацкіх дысертацый аспірантамі з розных гарадоў СССР.
У 1990 г. І.А. Новік абараніла дысертацыю на атрыманне вучонай ступені доктара педагагічных навук па тэме «Формирование методической культуры учителя математики в педвузе» ў Акадэміі педагагічных навук СССР. Важкім укладам у дыдактыку матэматыкі стала распрацаваная Ірынай Аляксандраўнай навуковая канцэпцыя павышэння эфектыўнасці фарміравання метадычнай культуры настаўніка матэматыкі, якая набыла шырокую вядомасць на Беларусі і за яе межамі. Сёння І.А. Новік – прафесар кафедры прыкладной матэматыкі і інфарматыкі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя М. Танка. За гады сваёй навукова-метадычнай дзейнасці яна надрукавала больш за 200 работ, сярод якіх манаграфіі, вучэбныя дапаможнікі, тыпавыя праграмы. Вынікі яе даследаванняў выкарыстоўваюцца ў Рэспубліцы Беларусь, Расіі, Балгарыі, Польшчы, Германіі, Літве, на Украіне.
Ірына Аляксандраўна з’яўляецца стваральнікам і кіраўніком аўтарытэтнай навуковай школы ў галіне педагагічнай навукі Беларусі. Пад яе кіраўніцтвам паспяхова абаранілі дысертацыі 26 спецыялістаў вышэйшай кваліфікацыі, у тым ліку 19 кандыдатаў і 7 дактароў педагагічных навук. Ірына Аляксандраўна аказвала непасрэдную дапамогу такім вядомым даследчыкам, як К.А. Ананчанка, Г.М. Булдык, Ян Гжэсяк, С.А. Гуцановіч, В.У. Казачонак, У.Р. Скацецкі, Л.С. Шабека, якія самі рыхтуюць спецыялістаў вышэйшай кваліфікацыі. Яе вучні працуюць у ВНУ ўсіх абласных цэнтраў Беларусі, у Польшчы, Літве, Таджыкістане, на Кубе. Асноўнымі напрамкамі навуковых даследаванняў, якія праводзяцца ў рамках навуковай школы І.А. Новік, з’яўляюцца тэорыя і методыка навучання матэматыцы ў школе і ВНУ з выкарыстаннем новых інфармацыйных тэхналогій.
Больш за 15 гадоў Ірына Аляксандраўна з’яўляецца старшынёй спецыялізаванага савета па абароне дысертацый па тэорыі і методыцы навучання і выхавання ў галіне дакладных навук. На працягу 30 гадоў кіруе навукова-метадычным семінарам па тэме «Культура педагогического исследования по теории и методике обучения математике». У дапамогу аспірантам і дактарантам Ірынай Аляксандраўнай рыхтуецца і сістэматычна абнаўляецца навуковае выданне «Современные тенденции и перспективные направления исследований в области теории обучения и методики преподавания математики».
І.А. Новік прымала ўдзел у распрацоўцы і рэалізацыі комплексна-мэтавых праграм, якія забяспечылі якасныя пераўтварэнні ў вышэйшай школе па абнаўленні зместу, метадаў навучання і выхавання студэнтаў. Працавала над рэалізацыяй міжнароднай навуковай праграмы сумесных даследаванняў БДПУ імя М. Танка і Вільнюскага педагагічнага ўніверсітэта па падрыхтоўцы кадраў вышэйшай кваліфікацыі. Значным дасягненнем І.А. Новік стала ўкараненне ў навучальна-выхаваўчы працэс аўтарскіх курсаў, тыпавых праграм, падручнікаў і дапаможнікаў па сістэмным навучанні студэнтаў, бакалаўраў, магістрантаў. Ірына Аляксандраўна з’яўляецца суаўтарам падручнікаў па алгебры і пачатках аналізу для 10 класа сярэдняй школы з паглыбленым вывучэннем матэматыкі (з рускай і беларускай мовай навучання), вучэбнага дапаможніка па алгебры і пачатках аналізу для сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў. Ёю распрацаваны «Практыкум па методыцы выкладання матэматыкi», дапушчаны Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь у якасці вучэбнага дапаможніка для студэнтаў фізіка-матэматычных факультэтаў педагагічных ВНУ. Гэты практыкум таксама быў выдадзены ў Маскве і выкарыстоўваецца ў навучальным працэсе сістэмы вышэйшай педагагічнай адукацыі Расійскай Федэрацыі.
Высокапрафесійны, эрудыраваны лектар, І.А. Новік неаднаразова выступала з лекцыямі па матэматыцы і методыцы яе выкладання перад студэнтамі і выкладчыкамі матэматычных факультэтаў педагічных ВНУ Беларусі, Расіі, Літвы, Польшчы, Украіны, Манголіі. Яна праводзіць вялікую работу па навуковым кансультаванні настаўнікаў матэматыкі сярэдніх школ, адборы і рэдагаванні публікацый аспірантаў і студэнтаў старэйшых курсаў, з’яўляецца членам рэдкалегій навукова-метадычных часопісаў Беларусі («Весцi БДПУ», «Матэматыка: праблемы выкладання») і Украіны («Дидактика математики: проблемы и исследования» Данецкага нацыянальнага ўніверсітэта). Карыстаецца заслужаным аўтарытэтам сярод прафесарска-выкладчыцкага саставу і студэнцкай моладзі. Тройчы І.А. Новік перамагала ў рэспубліканскім конкурсе «Выкладчык года» і атрымлівала званне «Прафесар года» (2001, 2003, 2008), некалькі разоў узначальвала рэспубліканскае журы конкурсу «Настаўнік года» (1997, 1999, 2001), шмат гадоў узначальвае Савет жанчын БДПУ.
І.А. Новік узнагароджана Граматай Вярхоўнага Савета БССР, юбілейным медалём «За доблестный труд в ознаменование 100-летия со дня рождения В.И. Ленина», знакамі «Отличник просвещения СССР», «Выдатнiк народнай асветы». У 1999 г. Ірына Аляксандраўна атрымала прэмію спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы таленавітых навучэнцаў і студэнтаў за асабісты ўклад у развіццё здольнасцей таленавітай моладзі. У 2007 г. яе заслугі ў навукова-педагагічнай дзейнасці і падрыхтоўцы высокакваліфікаваных педагагічных кадраў былі адзначаны Падзякай Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь. У снежні 2010 г. Ірына Аляксандраўна ўзнагароджана нагрудным знакам «За вклад в развитие БГПУ».
Сёння гэта поўная энергіі і творчых задумак жанчына, прафесіянал найвышэйшага класа, якая працягвае плённую працу ў сферы навукі і адукацыі Рэспублікі Беларусь.
Матэрыял падрыхтаваны кафедрай прыкладной матэматыкі і інфарматыкі матэматычнага факультэта БДПУ імя М. Танка ў 2011 г.