Вядомы беларускі паэт Сяргей Панізнік нарадзіўся ў вёсцы Бабышкі Міёрскага раёна Віцебскай вобласці. Пасля заканчэння Лявонпальскай сярэдняй школы ён вучыўся на фельчарскім аддзяленні Магілёўскага медыцынскага вучылішча. Некаторы час Панізнік працаваў у Княжыцкай участковай бальніцы каля Магілёва. У 1962 г. яго прызвалі ў армію, дзе будучы паэт служыў фельчарам дывізіёна ў вайсковай часці Беларускай ваеннай акругі. Пасля вучобы ў Львоўскім вышэйшым ваенна-палітычным вучылішчы СА і ВМФ Сяргей Панізнік стаў прафесійным ваенным журналістам і на доўгія гады звязаў свой лёс з арміяй. У складзе Цэнтральнай групы войск ён служыў у Чэхаславакіі, потым — у Беларусі. У 1977 г. пачаў працаваць стыль-рэдактарам газеты “Вячэрні Мінск”, пазней — на Дзяржтэлерадыё БССР. З 1982 г. паэт працаваў у выдавецтве “Юнацтва” і адначасова (у 1992—1994 гг.) займаўся даследаваннем беларуска-латышскіх і беларуска-чэшскіх культурных сувязей у Нацыянальным навукова-асветным цэнтры імя Ф.Скарыны. Тры гады (з 1996 па 1999) Сяргей Сцяпанавіч з'яўляўся вучоным сакратаром літаратурнага музея Янкі Купалы. У апошнія гады ён шмат працуе на ніве роднай культуры. Толькі адзін яе бок — цесная сувязь з роднай Віцебшчынай, з землякамі — уражвае сваімі маштабамі. Сяргей Панізнік — дарадчык і старэйшы сябра маладым літаратарам, актыўны памочнік віцебскім краязнаўцам, збіральнік матэрыяльнай культуры. Па яго словах, “усё ўзвышанае, зберажонае будзе ўзвышаць і нас. Калі будзем помніць пра продкаў, то нашчадкі будуць помніць пра нас”*.
Ужо на пачатку творчага шляху галоўнай тэмай вершаў Сяргея Панізніка стала тэма гісторыі Радзімы.
Разводзілі кастры Купалля продкі
і песні палымлівыя спявалі,
сваю зямлю вякамі ўслаўлялі
і не хадзілі ад яе упрочкі.
Збяру я неастылае вуголле —
і зоймецца наноў
касцёр струмлівы!
Я ведаю: кастру майму
ніколі
не згаснуць на зямлі шчаслівай.
“Гары, мой Ліпень…”
Гэтыя радкі з першай кнігі паэта “Кастры Купалля” акрэслілі абсягі яго творчасці, вызначылі літаратурнае крэда. Зборнік стаў прыкметнай з’явай у беларускай паэзіі шасцідзесятых гадоў, а яго аўтар адразу быў прыняты ў Саюз пісьменнікаў Беларусі. На працягу сваёй творчасці Панізнік неаднаразова звяртаўся да падзей сівой мінуўшчыны і да нядаўняй гісторыі. Яго па праву можна назваць прадаўжальнікам традыцый У.Караткевіча ў беларускай літаратуры.
Асобную старонку паэтычнай творчасці Панізніка складаюць творы, прысвечаныя падзеям Вялікай Айчыннай вайны. Найбольш значнае, што ён сказаў на гэту тэму, — паэма “Толькі адно імя…”, вершаваны цыкл “Дубровенскае аколле”, дакументальная аповесць “Браніслава”. Не абыдзены ўвагай паэта і такія драмы і трагедыі, як рэпрэсіі ў гады культу (“Рэабілітаваныя ўспаміны”, “Сведкі”), трывожныя вынікі Чарнобыля, пагроза атамнай вайны. Актуальна для Панізніка і тэма вёскі, зямлі. Асабліва вылучаецца ў яго творчасці вобраз жыта, што асацыіруецца з паняццем жыццё. “Жыта ў жыццё стагоддзямі пераліваецца”, — гаворыць ён у зборніку “Жыцень” (1986). Жыцень — еднасць чалавека і прыроды так, як мацярык (зборнік “Мацярык”, 1985) — зямля, цвердзь; стырно (зборнік “Стырно”, 1989) — накірунак жыцця, дзеяння.
Пра што б ні пісаў Сяргей Панізнік — вершы яго натхняюць, прымушаюць задумацца пра сваё ўласнае месца ў лёсе Айчыны. Пра гэта ідзе гаворка і ў апошнім зборніку “А пісар земскі…” (1994). Ад старонкі да старонкі праходзіць тут тэма трагедыйнасці, ахвярнасці, пакут беларускага народа. Аўтар кнігі — увесь у трывозе. Ён запрашае і чытача да суперажывання:
Жыццё — нішто? А я
ў сябе спытаю:
“Вунь вораг мой —
маё сумненне. Спіць?..”
Старонкі дзён атрутныя
гартаю,
Шкадую я ўласнай долі ніць?
Хто абароніць гены —
фараоны?
Хто пашкадуе род — функцыянер?
Для абароны ёсць
карэнні, кроны…
І я! І я! Павер, Зямля, павер.
Позірк на сучаснасць праз прызму гісторыі, праз уласнае пераасэнсаванне мінуўшчыны прыйшоў да паэта даўно, не згубіўся ён і ў наш час. Яму Сяргей Панізнік не здраджвае ніколі, бо першаасновай яго паэзіі, крыніцай натхнення паэта з’яўляецца народная праўда жыцця.
* Беларуская Мінуўшчына. 1996. № 4. С. 42.