Краткая справка:
польскі жывапісец, творчасць якога звязана з мастацкім жыццём Беларусі і Расіі
Имена на других языках:
Peschka Marcin Fryderyk Jozef (не определен); Peszka Marcin Fryderyk Jozef (не определен); Peszke Marcin Fryderyk Jozef (не определен); Пешка Юзеф (русский);
2640 символов
Справка
Адным з пачынальнікаў жанру архітэктурнага пейзажу на беларускіх землях, летапісцам жыцця гарадоў і мястэчак канца XVIII – пачатку ХІХ ст. з’яўляецца польскі мастак Юзаф Пешка.
Нарадзіўся ён у Кракаве ў заможнай мяшчанскай сям’і Пятра Паўла і Сабіны Пешкаў. Пачатковую адукацыю, верагодна, атрымаў у 1777–1781 гг. у школе Навадворскіх у родным горадзе. На працягу двух гадоў браў урокі малявання ў мастака з Маравіі, прафесара Ягелонскага ўніверсітэта Д. Эстрэйхера. У 1786 г. удасканальваў майстэрства ў Варшаве пад кіраўніцтвам вядомага жывапісца і графіка Ф. Смуглевіча. Разам з ім у 1787 г. удзельнічаў у аздабленні Кафедральнага сабора Святога Станіслава ў Вільні. Хутка Ю. Пешка набыў вялікую папулярнасць у Варшаве і быў запрошаны выканаць для гарадской ратушы партрэты вядомых асоб – удзельнікаў Чатырохгадовага сейму 1788–1792 гг.
З 1793 г. малады мастак шмат вандраваў: наведаў Маскву, Санкт-Пецярбург, Вільню, жыў у Магілёве, Віцебску, Лідзе, Смілавічах, Гродне, Мінску і інш. Прымаў удзел у дэкарыраванні шпіталя Дзявочага манастыра ў Маскве (1798), афармленні Міхайлаўскага палаца ў Санкт-Пецярбургу (каля 1800–1801), быў прыдворным жывапісцам у замку Радзівілаў у Нясвіжы (1807–1810). У гэты перыяд Ю. Пешка напісаў алегарычныя і гістарычныя кампазіцыі («Тры музы», «Ахвяраванне мячоў Ягайлу перад бітвай», «Алегарычная сцэна з Напалеонам»), партрэты шляхты і святароў (Т. Радзівіл, А. Чартарыйскага, К. Сапегі, С. Солтана, Г. Страйноўскага), пейзажы («Чырвоная брама», «Крэмль і мост праз Маскву-раку»), рэпартажныя малюнкі («Адкрыццё Дабрачыннага Таварыства ў Вільні»). Падчас знаходжання на беларускіх землях стварыў вялікую серыю жывапісных і акварэльных краявідаў гарадоў і мястэчак, замкаў і храмаў («Выгляд Гародні з боку Каложы», «Від Высокага рынку ў Мінску», «Выгляд горада Віцебска», «Выгляд Лідскага замка» і інш.), якая мае для нас не толькі мастацкую, але і дакументальную вартасць. Яго малюнкі дакладна перадаюць найбольш характэрныя рысы архітэктурнага асяроддзя, пейзажу і тагачаснага гарадскога побыту. Выявы многіх архітэктурных аб’ектаў вядомыя нам толькі паводле гэтых прац.
Каля 1810 г. Юзаф Пешка атрымаў ступень магістра прыгожых мастацтваў у Віленскім універсітэце і праз некаторы час вярнуўся ў Кракаў. У 1817 г. мастак стаў прафесарам жывапісу і малюнка ў Школе прыгожых мастацтваў Ягелонскага ўніверсітэта, у 1831 узначаліў Акадэмію Мастацтваў універсітэта. Памёр жывапісец ад халеры 4 лістапада 1831 г. у Кракаве. Большасць яго твораў зберагаецца ў музеях Польшчы, а таксама ў бібліятэцы Акадэміі навук Украіны ў Львове.