Знакаміты хірург, таленавіты вучоны Мікалай Цітавіч Пятроў нарадзіўся ў Санкт-Пецярбургу (Расія) у сям’і служачага. З дзяцінства ў Мікалая Пятрова прасочваліся такія рысы характару як чуласць, спачуванне, чалавекалюбства. Пасля гімназіі юнак цвёрда вырашыў звязаць сваё жыццё з медыцынай. У 1910 г. паступіў у Ваенна-медыцынскую акадэмію (цяпер імя С.М. Кірава), якую выдатна скончыў праз пяць год. З 1915 па 1917 г. маладому спецыялісту давялося працаваць ардынатарам у ваенна-палявым шпіталі на Заходнім фронце. Адчуваючы недахоп ведаў у ваенна-палявой хірургіі і арганізацыі медыцынскага забеспячэння войск, Мікалай Пятроў вырашыў паступіць у Ваенна-медыцынскую акадэмію, дзе займаўся пад кіраўніцтвам вядомых хірургаў таго часу прафесараў С.П. Фёдарава, У.А. Опеля, Г.І. Турнера, В.М. Шаўкуненкі. Аднак грамадзянская вайна не дала маладому ўрачу прадоўжыць адукацыю: у снежні 1918 г. ён быў прызваны ў рады Чырвонай Арміі, займаў пасады дывізіённага і корпуснага ўрача, начальніка санітарнай часткі Першай Коннай арміі С.М. Будзёнага, удзельнічаў у шэрагу буйных баявых аперацый. За добрую арганізацыю санітарнай службы М.Ц. Пятроў быў узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга і Ганаровай граматай Рэвалюцыйнага ваеннага савета Рэспублікі.
У 1921 г. Мікалай Цітавіч прыехаў у Віцебск, дзе працаваў пад кіраўніцтвам вядучага хірурга Г.М. Вялічкі ў гарадской бальніцы імя М.І. Калініна. Дзякуючы мэтанакіраванасці, прафесійным і арганізатарскім здольнасцям М.Ц. Пятроў арганізаваў хірургічнае аддзяленне ў дзіцячай бальніцы горада. Адначасова з дзіцячай хірургіяй ён займаўся праблемамі дзіцячай траўматалогіі і артапедыі. За арганізацыю хірургічнай дапамогі дзецям у Віцебску М.Ц. Пятроў быў ўзнагароджаны граматай Вярхоўнага Савета БССР.
Значнай падзеяй у беларускай медыцыне стала адкрыццё ў 1934 г. Віцебскага медыцынскага інстытута (цяпер Віцебскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт). У гэтым жа годзе М.Ц. Пятроў быў прызначаны асістэнтам кафедры агульнай хірургіі, а з 1935 г. выконваў абавязкі загадчыка кафедры. У гэты час таленавіты хірург арганізаваў абласную станцыю пералівання крыві, шмат працаваў у гэтым накірунку, вынікам чаго сталі дзве навуковыя працы: «Опыт переливания крови в хирургической клинике у детей» і «Наш опыт переливания крови». У 1937 г. М.Ц. Пятроў абараніў кандыдацкую дысертацыю.
Вучоны цікавіўся новымі перадавымі ідэямі ў медыцыне, павышаў прафесійную кваліфікацыю ў Маскве, Ленінградзе, прымаў удзел у з’ездах хірургаў, вывучаў спецыяльную літаратуру. Хірург асвоіў методыкі хірургічных аперацый на галаўным і спінным мозгу ў клініцы прафесара М.Н. Бурдэнкі, потым паспяхова праводзіў іх у Віцебску. У 1940 г. М.Ц. Пятроў абараніў доктарскую дысертацыю, праз год быў зацверджаны ў званні прафесара і абраны загадчыкам кафедры агульнай хірургіі Віцебскага медыцынскага інстытута.
Са жніўня 1941 па кастрычнік 1943 г. Мікалай Цітавіч працаваў прафесарам кафедры факультэцкай хірургіі Свярдлоўскага медыцынскага інстытута (цяпер Уральская дзяржаўная медыцынская акадэмія) і адначасова з’яўляўся кансультантам нейрахірургічнага шпіталя. У гэты час ён займаўся пытаннямі лячэння раненняў перыферычных нерваў, прымянення сульфаніламідных прэпаратаў пры аперацыях на брушной поласці, аператыўнага лячэння язвавай хваробы страўніка і дванаццаціперснай кішкі. М.Ц. Пятроў праявіў сябе як высокакваліфікаваны хірург у галіне паласной і нейрахірургіі, падрыхтаваў пляяду маладых урачоў для арміі.
У канцы 1943 г. М.Ц. Пятрова запрасілі ўзначаліць кафедру хірургіі Беларускага медыцынскага інстытута, які распачаў сваю дзейнасць у г. Яраслаўлі (Расія). Восенню 1944 г. знакаміты хірург разам з інстытутам пераехаў у Мінск, дзе стварыў узорную клінічную хірургічную базу і падрыхтаваў шэраг высокакваліфікаваных хірургаў. Пад кіраўніцтвам прафесара Пятрова былі абаронены 4 кандыдацкіх дысертацыі, выдадзены першыя пасляваенныя зборнікі навуковых прац. Сам М.Ц. Пятроў напісаў больш за 30 навуковых прац. Асноўным накірункам яго даследаванняў былі хваробы страўніка і сумежных органаў, а таксама пашкоджанні і захворванні перыферычнай нервовай сістэмы.
З 1943 г. да апошніх дзён жыцця М.Ц. Пятроў узначальваў кафедру факультэцкай хірургіі Мінскага медінстытута і быў адначасова намеснікам дырэктара па вучэбнай і навуковай частках, актыўна займаўся грамадскай дзейнасцю. У 1948 г. у складзе дэлегацыі Беларусі М.Ц. Пятроў прымаў удзел у рабоце І Асамблеі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя пры ААН у Жэневе.
Прафесар Пятроў уважліва адносіўся да хворых, справядліва і патрабавальна – да студэнтаў і супрацоўнікаў. Яго дасягненні высока ацэнены ўрадам – ён ўзнагароджаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, Чырвонай Зоркі, «Знак Пашаны» і шматлікімі медалямі. У 1948 г. яму было прысвоена званне заслужанага ўрача, а ў 1949 г. – заслужанага дзеяча навукі Беларускай ССР.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2012 г.