Дата рождения: 23.12.1937 Ваўкавыск, г., Гродзенская вобласць
Дата смерти: 13.09.2005
Краткая справка: акцёр тэатра і кіно, народны артыст Беларусі
Имена на других языках: Петров Михаил Владимирович (русский);
Нарадзіўся народны артыст Беларусі ў г. Ваўкавыску Гродзенскай вобласці. У 1960 г. скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут (педагогі К. Саннікаў, А. Бутакоў). З гэтага ж года і да апошніх дзён жыцця працаваў у Беларускім рэспубліканскім тэатры юнага гледача, дзе выканаў больш за 90 роляў. Акцёр стварыў героіка-рамантычныя, драматычныя і камедыйныя вобразы. Яго творчую манеру вызначалі дакладнасць распрацоўкі характараў, музыкальнасць, пластычнасць, яркая тэатральнасць і імправізацыя.
У 1964 г. на сцэне тэатра была пастаўлена п'еса «Марат Казей» В. Зуба, у якой расказвалася аб гераічным подзвігу чатырнаццацігадовага беларускага партызана-разведчыка. Спектакль быў горача прыняты гледачом. Марат у выкананні М Пятрова – сапраўдны герой. У ім спалучаліся розныя рысы: ён па-хлапечаму гарэзлівы і непаседлівы, вынаходлівы і кемлівы, рашучы і адчайны. Акцёр імкнуўся паказаць вобраз у развіцці, і гэта яму ўдалося. Роля Марата стала для М. Пятрова пэўнай заваёвай. Рэальна-верагодныя падзеі ў спектаклі былі асветлены рамантычнасцю. Патрыятычная накіраванасць твора пакінула глыбокі след у свядомасці і сэрцах юных гледачоў.
Тэатр ажыццяўляў плённыя пошукі ў справе авалодання галоўным жанрам дзіцячай сцэны – казкі. Прынцыповым дасягненнем у гэтым напрамку з'явілася пастаноўка казкі «Людзі і разбойнікі Кардэмона» нарвежскага пісьменніка Т. Эгнера (1965). З неаслабнай увагай сачыў глядач за прыгодамі тройкі разбойнікаў, сярод якіх Еспер у выкананні М. Пятрова. Акцёр здолеў шчыра, эмацыянальна перадаць эвалюцыю чалавечага станаўлення такога абыякавага і «незалежнага» юнака, якім ён быў у пачатку развіцця падзей.
Як мюзікл, у новым жанры для тэатра вырашаўся спектакль «Прыгоды Бураціна» паводле А. Талстога (1966). Класічная казка прачытана на сучаснай тэатральнай мове. Спектакль быў цікавы не толькі для малодшых школьнікаў, але і для вучняў старэйшых класаў, студэнтаў, нават дарослых людзей. Пад апладысменты глядзельнай залы артысты М. Пятроў і С. Мацюкевіч выконвалі эксцэнтрычныя сцэны ката Базіліо і лісы Алісы. Набыты вопыт творча асэнсаваны тэатрам у спектаклях «Малыш і Карлсан, які жыве на даху» (1969) і «Пэпі – Доўгая панчоха» (1970) паводле А. Ліндгрэн. У гэтых пастаноўках цікава раскрылі свае магчымасці ствараць камедыйныя вобразы многія акцёры, у тым ліку і М. Пятроў. У спекталі «Тры мушкецёры» паводле А. Дзюма (1968) артыст цікава сыграў ролю Планшэ. Яскравым, вясёлым і сапраўды народным відовішчам стаў спектакль «Чаму ж мне не пець, чаму ж не гудзець...» паводле твораў Я. Купалы і М. Чарота (1972). Спектакль разыгрываўся ў традыцыях вандроўнай трупы. Музычна-камедыйны пачатак вызначаў непаўторнасць кожнага характару. Многія акцёры выявілі ў спектаклі добрае ўменне ствараць выразныя характары, якія дзейнічаюць у складаных камедыйных сітуацыях. Міхаіл Пятроў прадставіў гледачу яркі, запамінальны вобраз Яўменя. Артыст умела карыстаўся такімі прыёмамі, як іронія, вынаходлівая пластыка. Яго ігра была насычана трукамі, поўнілася імправізацыяй, пацехамі і жартамі.
У спектаклі «Зялёная птушка» К. Гоцы (1972) было шмат сцэнічных эфектаў, бліскуча дэманстравалася акцёрская і пастановачная тэхніка. У прапанаванай эстэтыцы тэатра масак акцёры з захапленнем імправізавалі, выклікаючы імгненную рэакцыю гледачоў. Асабліва шчодры прыём меў Труфальдзіна ў выкананні М. Пятрова. У ігры артыста праявілася не толькі незвычайная камедыйная таленавітасць, але і рэдкі дар камедыйнага светаадчування.
Сур'ёзным выпрабаваннем для тэатра стала праца над камедыяй «Дванаццатая ноч» У. Шэкспіра (1976). Асабліва сугучным шэкспіраўскім вобразам і адмыслова актуалізаваным атрымаўся вобраз блазна Фесты, якога з трагікамічным падтэкстам ствараў М. Пятроў. На незвычайнага блазна ў спектаклі неаднаразова звярталі ўвагу крытыкі. Так, Т. Арлова ў сваім артыкуле «Прыроджаны Арлекіна» адзначала: «Яго блазан не смешны, калі жартуе. Не забаўны ў сваіх труках. Шчымлівым сумам патыхае ад «свавольстваў» пажылога разумнага чалавека, якога лёс прымушае пастаянна насіць маску дурня».* Героіку і камізм, іронію і рамантыку барацьбы раскрываў М. Пятроў у ролі дзеда Астапа ў спектаклі «Міколка-паравоз» паводле аповесці М. Лынькова (1977). Стыхія нястрымнай весялосці і радасці панавала ў спектаклі «Прыгоды падарожніка Піпса і яго сяброў папугая Тэраферы і сабакі Кліпса» С. Фрэедмана (1987), у якім выклікаў замілаванне непасрэдны да наіўнасці падарожнік-філантроп Піпс у выкананні М. Пятрова. Поспех спадарожнічаў спектаклю «Шчаслівыя жабракі» К. Гоцы (1997), створаны ў карнавальна-забаўляльнай форме. Кідкаму вонкаваму прадстаўленню поўнасцю адпавядаў вобраз Брыгелы ў выкананні М. Пятрова, асветлены майстэрствам імправізацыі і экспромта.
Адметныя ролі акцёр выканаў у беларускім рэпертуары: Ваня («Дзеці аднаго дома» І. Шамякіна), Пан («На ўсіх адна бяда» П. Макаля), Блазан («Песня пра зубра» М. Гусоўскага), Першы жыхар («Палачанка» А. Дударава) і інш. Запаміналіся такія персанажы М. Пятрова, як Скід («Два веронцы» У. Шэкспіра), Рыф («Вестсайдская гісторыя» А. Лоўрэнса), Стары («Пушкінскія казкі» паводле А. Пушкіна), Круглік («Барабаншчыца» А. Салынскага), Сільвер («Востраў скарбаў» Р. Стывенсана), Хобс («Маленькі лорд Фаўнтлярой» паводле Ф. Бернэт) і шмат іншых.
Акцёр зняўся ў беларускіх фільмах «Нашы суседзі», «Чырвонае лісце», «Гарачая душа», «Пра Чырвоную Шапачку», «Рэха ў пушчы», «Трэцяга не дадзена», «Зорны хлопчык», «Купальская ноч», «Людзі на балоце» і інш.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2012 г.
*Тэатральны Мінск. – 1977. – № 3. – С. 39.