Дата смерти:
27.04.1584 Вільня, г. (цяпер г. Вільнюс, Літва)
Краткая справка:
дзяржаўны і ваенны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага
Псевдонимы:
Руды; Рыжий
Имена на других языках:
Radvila Mikalojus Rudasis (литовский); Radziwiłł Mikołaj Rudy (польский); Радзивилл Николай Рыжий (русский);
3342 символа
Справка
Род Радзівілаў – адзін з найбольш славутых родаў еўрапейскай арыстакратыі. У XV–XVIII стст. яго прадстаўнікі займалі вышэйшыя дзяржаўныя, адміністрацыйныя і вайсковыя пасады ў Вялікім Княстве Літоўскім (ВКЛ). Адным з іх з’яўляўся Мікалай Радзівіл па мянушцы Руды, дзяржаўны і ваенны дзеяч, праслаўлены абаронца Айчыны.
Ён быў сынам Юрыя Радзівіла, заснавальніка біржанска-дубінкаўскай галіны роду, і Барбары, якая паходзіла са знакамітага роду Колаў. Бацька М. Радзівіла праславіўся ўдзелам у войнах і перамогамі ў 30 бітвах. Галоўную славу і гонар здабыў у бітве пад Оршай 8 верасня 1514 г., дзе камандаваў лёгкай конніцай ВКЛ. За мужнасць ён атрымаў мянушкі Віктар, Пераможца, Літоўскі Геркулес. Бараніць Бацькаўшчыну для дзяржаўных мужоў княства было галоўным абавязкам, і М. Радзівіл дастойна працягваў справу бацькі. Ён удзельнічаў у вайне Маскоўскай дзяржавы з ВКЛ (1534–1537), у тым ліку ў аблозе Старадуба (1535), камандаваў войскам княства ў бітве на рацэ Ула (1564), недалёка ад Чашнікаў. Вынікам бліскучай ваеннай аперацыі, распрацаванай і праведзенай М. Радзівілам, стала поўная перамога над дзвюма арміямі рускага цара Івана IV Грознага. Яна прыпыніла наступленне цара і прадэманстравала выдатную вайсковую арганізацыю ў ВКЛ, таленавітае кіраўніцтва яго палкаводцаў і неўтаймаваны баявы дух войска. На ліку М. Радзівіла было яшчэ шмат перамог, сярод іх – вызваленне Полацка ў 1579 г., кампанія 1580 г., дзе войска князя ўзяло замкі Усвят і Езярышча, паход на Пскоў у 1581 г. Імя М. Радзівіла, ваяводы трокскага і віленскага, вялікага гетмана, канцлера ВКЛ, увекавечана ў кнізе знакамітых воінаў, якая выйшла ў 1601 г. у Аўстрыі.
Слава таленавітага вайскоўца не перашкаджала князю займацца палітычнай дзейнасцю. Асаблівы рост уплыву М. Радзівіла на дзяржаўныя справы звязаны са шлюбам яго сястры Барбары з вялікім князем літоўскім Жыгімонтам II Аўгустам, які ў 1549 г. надаў яму правы велікакняжацкага намесніка з рэзідэнцыяй у Вільні. Вялікую ролю ў гэтым саюзе адыграў стрыечны брат М. Радзівіл Чорны. У выніку шлюбу Радзівілы занялі кіруючае становішча ў ВКЛ. Пэўны час Жыгімонт II Аўгуст знаходзіўся пад іх уплывам. Пасля смерці М. Радзівіла Чорнага М. Радзівіл Руды стаў у 1566 г. віленскім ваяводам і канцлерам літоўскім, што значна ўзмацніла яго пазіцыі. Ён адказваў за абарону і арганізацыю войска ў ВКЛ, кіраваў падрыхтоўкай Статута ВКЛ 1566 г., узначальваў дэлегацыю княства на Люблінскім сейме (1569), але ўхіліўся ад падпісання акта Люблінскай уніі. Пасля смерці Жыгімонта II Аўгуста ў 1572 г. фактычна стаў некараваным вялікім князем ВКЛ. Вернай апорай былі сыны, якія пад бацькоўскай апекай занялі важныя пасады ў княстве: Крыштоф стаў польным гетманам, кашталянам трокскім і падканцлерам ВКЛ, Мікалай – навагрудскім ваяводам. Пасля абрання каралём Стафана Баторыя М. Радзівіл стаў яго галоўнай палітычнай апорай у ВКЛ.
Мікалай Радзівіл, дыпламат, буйнейшы палітычны дзеяч, вялікі патрыёт, імкнуўся адстойваць незалежнасць ВКЛ ад Польшчы, узмацняў пазіцыю сваёй дзяржавы ў Еўропе. За заслугі перад радзімай ён атрымаў у 1547 г. тытул князя Свяшчэннай Рымскай імперыі на Біржах і Дубінках, быў узнагароджаны Барысавам, Лідай, Мазыром, Ашмянамі, Койданавам і іншымі тэрыторыямі. Шмат вядомых палітычных і рэлігійных дзеячаў прысвяцілі М. Радзівілу свае творы.