Дата рождения:
06.07.1922 Дараганава, в., Асіповіцкі раён, Магілёўская вобласць
Дата смерти:
2014
Краткая справка:
мовазнавец, даследчыца беларускай дыялекталогіі, гісторыі беларускай мовы, сучаснай беларускай літаратурнай мовы, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР (1971) і Дзяржаўнай прэміі Беларусі (2000)
Имена на других языках:
Романович Евгения Михайловна (русский);
3086 символов
Справка
Значны ўклад у развіццё беларускай дыялекталогіі ўнесла Яўгенія Міхайлаўна Рамановіч. Нарадзілася яна ў в. Дараганава Асіповіцкага раёна Магілёўскай вобласці. У 1940 г. скончыла сярэднюю школу і паступіла на філалагічны факультэт Мінскага педагагічнага інстытута імя А.М. Горкага (зараз Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя М. Танка). У час Вялікай Айчыннай вайны эвакуіравалася ў Ніжне-Ісецкі пасёлак пад Свярдлоўск, затым у Чалябінск, дзе з 1941 па 1944 г. працавала на ваенным заводзе, спачатку работніцай цэха, пазней узначальвала брыгаду.
У 1948 г. Я.М. Рамановіч скончыла Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, затым паступіла ў аспірантуру пры Інстытуце мовазнаўства Акадэміі навук БССР (зараз Інстытут мовазнаўства імя Я. Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі). У 1953 г. абараніла кандыдацкую дысертацыю на тэму «Говоры Узденского района Минской области». З 1952 па 1991 г. працавала ў Інстытуце мовазнаўства, спачатку навуковым супрацоўнікам у сектары гісторыі беларускай мовы, затым у сектары дыялекталогіі. Прымала ўдзел у выкананні шэрага важных лексікаграфічных даследаванняў, зборы беларускіх дыялектных матэрыялаў, стварэнні першых акадэмічных граматык беларускай мовы, гістарычных і этымалагічных слоўнікаў.
Навуковыя працы Я.М. Рамановіч прысвечаны гісторыі нацыянальнага мовазнаўства, аналізу гаворак, беларускай мовазнаўчай бібліяграфіі, лексічнаму складу фанетычнай сістэмы і граматычнаму ладу і інш. Яна з’яўляецца адной з аўтараў вучэбных дапаможнікаў «Курс сучаснай беларускай літаратурнай мовы. Марфалогія» (1957), «Хрэстаматыя па гісторыі беларускай мовы» (ч. 1–2, 1961–1962), калектыўных выданняў «Дыялекталагічны атлас беларускай мовы» (1963), «Нарысы па беларускай дыялекталогіі» (1964), «Лінгвістычная геаграфія і групоўка беларускіх гаворак» (1968–1969), «Слоўнік беларускіх гаворак паўночна-заходняй Беларусі і яе пагранічча» (т. 1–5, 1979–1986), манаграфіі «П.А. Бузук: агляд жыцця і навуковай дзейнасці вучонага-лінгвіста» (1969). Яўгенія Міхайлаўна – адна са складальнікаў бібліяграфічных выданняў, сярод якіх вылучаюцца паказальнікі «Бібліяграфічны ўказальнік літаратуры па беларускаму мовазнаўству» (1960), «Бібліяграфія прац Я.Ф. Карскага» (1961), серыя паказальнікаў «Беларускае мовазнаўства» (1967, 1980, 1993). Яна падрыхтавала спіс навуковых прац мовазнаўца Ю.Ф. Мацкевіч, надрукаваны ў зборніку «Жывое наша слова» (2001). З 1971 г. Я.М. Рамановіч працавала над «Лексічным атласам беларускіх народных гаворак» (т. 1–5, 1993–1998, у суаўтарстве), для якога быў сабраны разнастайны фактычны матэрыял, прааналізаваны гаворкі жыхароў шматлікіх населеных пунктаў, складзены лінгвістычныя карты і каментарыі да іх. Прымала ўдзел у выкананні навуковага даследавання «Мікратапанімія Беларусі» (1974). Усяго апублікавала больш за 80 навуковых прац.
У 1971 г. за ўдзел у комплексе прац па беларускай лінгвагеаграфіі Я.М. Рамановіч удастоена Дзяржаўнай прэміі СССР. У 2000 г. за цыкл работ «Лексічны атлас беларускіх народных гаворак» яна разам з іншымі аўтарамі была ўзнагароджана Дзяржаўнай прэміяй Беларусі.