Дата рождения:
27.01.1932 Бартнікі, в., Баранавіцкі раён, Брэсцкая вобласць
Дата смерти:
16.03.2015
Краткая справка:
вучоны ў галіне траўматалогіі і артапедыі, акадэмік НАН Беларусі, заслужаны дзеяч навукі Беларусі, выдатнік аховы здароўя СССР і Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1992), кавалер ордэна Дружбы народаў і інш.
Имена на других языках:
Руцкий Александр Владимирович (русский);
4854 символа
Справка
Нарадзіўся Аляксандр Уладзiмiравiч Руцкі 27 студзеня 1932 г. у в. Бартнікі, што на Брэстчыне, у сям'і селяніна. Яшчэ ў дзіцячыя гады вырашыў стаць урачом, калі хлопчыкам у гады Вялікай Айчыннай вайны назіраў за працай палявога шпіталя, які размяшчаўся ў бацькоўкай хаце. Пасля заканчэння сярэдняй школы скончыў Мінскі дзяржаўны медыцынскі інстытут (1955).
Свой прафесійны шлях малады ўрач пачынаў у сельскай бальніцы, дзе быў і хірургам, і тэрапеўтам, і акушэрам. Потым працаваў інспектарам Таварыства Чырвонага Крыжа, ардынатарам і загадчыкам артапедатраўматалагічнага аддзялення Мінскай абласной клінічнай бальніцы. У 1961 г. А.У. Руцкі быў абраны на пасаду асістэнта кафедры траўматалогіі і артапедыі Беларускага дзяржаўнага інстытута ўдасканалення ўрачоў. У хуткасці абараніў кандыдацкую дысертацыю па тэме “Пераломы верхняга канца плечавай косткі і іх лячэнне” (1964) і доктарскую дысертацыю па тэме “Асаблівасці клінікі і лячэння цяжкіх хворых і ўскладненых пераломаў вобласці локцевага сустава ў дзяцей” (1975). У перыяд 1966–1998 гг. вучоны ўзначальваў Беларускі дзяржаўны інстытут удасканалення ўрачоў. Адначасова з пасадай рэктара Аляксандр Уладзiмiравiч з 1977 г. працаваў на кафедры траўматалогіі і артапедыі Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі спачатку ў якасці загадчыка, а з 2004 г. у якасці прафесара.
Падчас сваёй практыкі Аляксандр Уладзiмiравiч займаўся фундаментальнымі і прыкладнымі даследаваннямі, якія былі накіраваны на зніжэнне траўматызму, скарачэнне тэрмінаў лячэння, памяншэнне інваліднасці і смяротнасці. Вучоны прапанаваў шэраг метадаў лячэння траўматалагічных хворых. Вынікі яго работ, звязаных з даследаваннем тканкавага крывацёку і абменных працэсаў, адкрылі новыя перспектывы і магчымасці ў дыягностыцы і лячэнні траўматычных пашкоджанняў і захворванняў апорна-рухальнага апарату. Навукова-даследчая дзейнасць А.У. Руцкага заўсёды была звязана з вывучэннем паталогіі сістэмы апоры і руху. Ім былі ўкаранёны шматлікія арыгінальныя метады эфектыўнага лячэння пашкоджанняў апорна-рухальнага апарату. У прыватнасці, прапанаваная ім клінічная класіфікацыя пашкоджанняў вобласці локцевага сустава дазваляла вызначыць ступень цяжкасці пералому і метад яго рацыянальнага лячэння. Пад кіраўніцтвам прафесара вывучаліся таксама пытанні прафілактыкі гнойна-септычных ускладненняў пры пашкоджаннях канечнасцяў у хворых з цяжкай саматычнай паталогіяй і апёкамі. Вучоны распрацаваў двухполюсны эндапратэз тазасцегнавага сустава, на які быў атрыманы Еўраазіяцкі патэнт.
У апошнія гады асаблівае месца сярод навуковых інтарэсаў акадэміка А.У. Руцкага займаюць пытанні эндапратэзавання буйных суставаў. Вынікам шматгадовых даследаванняў у гэтай складанай вобласці з’явілася стварэнне і практычнае ўкараненне татальнага эндапратэза тазасцегнавага сустава, а таксама набору інструментаў для правядзення аперацыі эндапратэзавання, што дазволіла палепшыць якасць жыцця многіх хворых і паспяхова вырашыць праблему імпартазамяшчэння. У цяперашні час пад кіраўніцтвам навукоўца распрацоўваецца айчынны эндапратэз каленнага сустава.
Вынікі навуковай дзейнасці А.У. Руцкага выкладзены у 275 друкаваных працах, у тым ліку ў 11 манаграфіях. Ён з’яўляецца аўтарам навучальных дапаможнікаў “Тэхніка выканання хірургічных аперацый” (1985), “Тапаграфічная анатомія і аператыўная хірургія верхніх канечнасцяў” (1987), “Аператыўная хірургія і тапаграфічная анатомія ніжніх канечнасцяў і пазваночніка” (1987, 1993). Ім падрыхтаваны раздзел “Захворванні і пашкоджанні апорна-рухальнага апарату” ў “Даведніку па дзіцячай хірургіі” (1980) і “Даведніку лекара агульнай практыкі” (1995). Аляксандр Уладзіміравіч аўтар 17 патэнтаў і аўтарскіх пасведчанняў на вынаходніцтвы. У 2002 г. вучоны быў абраны акадэмікам Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Пад яго кіраўніцтвам абаронена 20 кандыдацкіх і доктарскіх дысертацый.
На працягу ўсёй сваёй дзейнасці А.У. Руцкі актыўна займаўся і грамадскай працай. Ён з’яўляўся Прэзідэнтам Асацыяцыі траўматолагаў і артапедаў Рэспублікі Беларусь (1996–2000), старшынёй спецыялізаванага Савета па абароне дысертацый “Хірургія. Уралогія”, членам савета па абароне дысертацый пры Беларускім навукова-даследчым інстытуце траўматалогіі і артапедыі, членам Рэспубліканскай атэстацыйнай камісіі і рэдакцыйнага савета часопіса “Ахова здароўя”.
У 1982 г. А.У. Руцкаму было прысвоена ганаровае званне “Заслужаны дзеяч навукі БССР”. У 1992 г. за цыкл работ па распрацоўцы і ўкараненні ў практыку сасудзістай хірургіі новых метадаў дыягностыкі і лячэння вучонаму была прысуджана Дзяржаўная прэмія Рэспублікі Беларусь. Сярод узнагарод Аляксандра Уладзіміравіча таксама ордэны Працоўнага Чырвонага Сцяга (1971), Дружбы народаў (1981), шматлікія медалі і ганаровыя граматы.
Матэрыял падрыхтаваны Баранавіцкай цэнтральнай раённай бібліятэкай у 2011 г.