Дата рождения:
30.11.1892 Раматова, в., Брэсцкі павет, Гродзенская губерня (цяпер Маларыцкі раён, Брэсцкая вобласць)
Дата смерти:
28.09.1956
Краткая справка:
партыйны і дзяржаўны дзеяч Беларусі, удзельнік Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 г., Першай сусветнай, грамадзянскай і Вялікай Айчыннай войнаў, кавалер ордэна Леніна
Варианты имени:
Саевіч Платон Васілевіч
Имена на других языках:
Саевич Платон Васильевич (русский);
2477 символов
Справка
Платон Васiльевiч Саевiч нарадзiўся ў в. Раматова Брэсцкага павета (цяпер Маларыцкі раён Брэсцкай вобласцi) у сялянскай сям'i. Закончыў Свiслацкую настаўнiцкую семiнарыю (1911), працаваў у в. Рыбнае Кобрынскага павета. З 1913 г. у царскай армii. Пачынаў службу сувязiстам у сапёрным батальёне, якi размяшчаўся ў Брэсцкай крэпасцi, потым прайшоў франтавымі шляхамі Першай сусветнай вайны. Вызначыўся як староннiк рэвалюцыйных пераўтварэнняў і з мая 1917 г. стаў членам РСДРП(б). Кастрычнiцкую рэвалюцыю сустрэў у Вiцебскай губернii камiсарам Двiнскага чыгуначнага вузла. З чэрвеня 1918 г. на савецкай рабоце ў г. Барысаглебску Тамбоўскай губернii (Расія), у лiпенi – дэлегат Усерасiйскага з'езда бежанцаў-беларусаў у Маскве. З сакавiка 1919 г. у Чырвонай Армii, камiсар сувязi на Паўднёвым i Каўказскiм франтах. Удзельнічаў у баях супраць Дзянікіна. Пасля ліквідацыі белага руху на Паўднёвым Каўказе працаваў на аднаўленні Грозненскіх нафтапромыслаў. У 1921 г. П.В. Саевiч стаў студэнтам Камунiстычнага ўнiверсiтэта iмя Я.М. Свярдлова (Масква), якi закончыў у 1924 г. Быў накiраваны на партыйную работу ў Нiжагародскую губернiю.
У 1926 г. П.В. Саевiч вярнуўся ў Беларусь. Працаваў дэканам рабфака i рэктарам Беларускай сельскагаспадарчай акадэмii, рэктарам Камунiстычнага ўнiверсiтэта Беларусi. З красавiка 1932 г. – дырэктар Iнстытута гiсторыi партыi i Кастрычнiцкай рэвалюцыi пры ЦК КП(б)Б, праз год – загадчык кафедры Вышэйшай камунiстычнай сельскагаспадарчай школы Беларусi. З 1939 г. – выкладчык партыйных курсаў пры ЦК КП(б)Б.
З першага і да апошняга дня Вялiкай Айчыннай вайны П.В. Саевіч знаходзіўся ў дзеючай арміі. Спачатку ён батальённы камісар, потым камiсар палка, намеснiк начальнiка палiтупраўлення, начальнiк аддзела фронту. Быў палiтычным саветнiкам дэлегацыi ў савецка-амерыканскай камiсii па Карэi. З 1946 па 1952 гг. П.В. Саевіч на партыйнай і дзяржаўнай рабоце: уваходзіў у склад ЦК КП(б)Б, з’яўляўся членам ЦВК БССР, дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР. Апошняя пасада – міністр асветы БССР (1947–1951). Платон Васільевіч узнагароджаны ордэнамi Ленiна, Чырвонага Сцяга, Айчыннай вайны I ступенi, Чырвонай Зоркi, некалькімі медалямi.
У маi 1951 г. П.В. Саевiч быў неабаснавана арыштаваны і прыгавораны да 25 гадоў выпраўленча-працоўных лагераў. У 1954 г. рэабiлiтаваны i вызвалены. Яго імя нададзена Вялiкарыцкай сярэдняй школе Маларыцкага раёна.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2012 г. Маларыцкай цэнтральнай раённай бiблiятэкай.