Дата рождения:
07.11.1922 Красны Дварэц, в., Чачэрскі раён, Гомельская вобласць
Дата смерти:
12.06.2001
Краткая справка:
вучоны ў галіне ўралогіі, дзяржаўны дзеяч, акадэмік НАН Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР (1982), Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1988), выдатнік аховы здароўя, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны І і ІІ ст., двума ордэнамі Чырвонай Зоркі, трыма ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга
Имена на других языках:
Савченко Николай Евсеевич (русский);
3842 символа
Справка
Мікалай Яўсеевіч Саўчанка нарадзіўся ў пасёлку Чырвоны Дварэц Чачэрскага раёна ў сялянскай сям’і. Пасля заканчэння школы паступіў у Мінскі медыцынскі інстытут, але вучобу перапыніла Вялікая Айчынная вайна. У першыя яе дні Мікалай Саўчанка добраахвотнікам пайшоў на фронт, быў разведчыкам, санінструктарам, фельшарам разведбатальёна, ваяваў на Паўднёва-Заходнім, Сталінградскім, Бранскім і 1-м Украінскім франтах. Вайну закончыў у Берліне. За баявыя заслугі ўзнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны I і II ступеняў, двума ордэнамі Чырвонай Зоркі, медалямі.
Пасля дэмабілізацыі М.Я. Саўчанка цвёрда вырашыў стаць хірургам і працягнуў вучобу ў медыцынскім інстытуце. Яго першае студэнцкае навуковае даследаванне мела назву “Туберкулёз почек”. У 1948 г. Мікалай Яўсеевіч быў прызначаны галоўным урачом Гродзенскага скурна-венерычнага дыспансера, а ў 1950 г. зноў быў прызваны ў Савецкую Армію.
У 1951 г. паступіў у ад’юнктуру на кафедру ўралогіі Ваенна-медыцынскай акадэміі імя С.М. Кірава ў Ленінградзе, якую закончыў з адзнакай. Падчас вучобы вёў навуковую працу, займаўся даследваннем начнога энурэзу, якое лягло ў аснову яго кандыдацкай дысертацыі.
У 1958 г. М.Я. Саўчанка быў абраны дацэнтам кафедры ўралогіі Беларускага інстытута ўдасканалення ўрачоў, з 1960 па 1966 гг. з’яўляўся рэктарам гэтай установы. У гэты час праводзіў шырокія і мнагапланавыя даследванні захворванняў мочапалавой сістэмы, у прыватнасці гіпаспадыі і эпіспадыі. Вынікі даследванняў абагуліў у доктарскай дысертацыі “Гипоспадия (Фрагменты патогенеза, гипоспадия и пол, унификация лечения)”, абароненай у 1965 г. Клініка інстытута, якой кіраваў М.Я. Саўчанка, стала прызнаным цэнтрам лячэння гэтых хвароб.
У 1966 г. Мікалай Яўсеевіч атрымаў званне прафесара і быў прызначаны міністрам аховы здароўя Беларускай ССР. Усе дваццаць гадоў працы на гэтай адказнай пасадзе ён надаваў шмат увагі развіццю медыцынскага абслугоўвання і паляпшэнню здароўя насельніцтва. Значна ўмацавалася матэрыяльна-тэхнічная база лячэбных устаноў, быў пабудаваны шэраг новых бальніц, паліклінік, навукова-даследчых інстытутаў, адной з самых нізкіх у краіне стала дзіцячая смяротнасць.
Кіруючую працу Мікалай Яўсеевіч умела спалучаў з педагагічнай, навуковай і лячэбнай практыкай, застаючыся пры гэтым высокакваліфікаваным хірургам-уролагам. З лютага 1967 г. ён адначасова з’яўляўся і кіраўніком кафедры ўралогіі Мінскага медыцынскага інстытута. На базе 4-й клінічнай бальніцы Мінска ім была створана клініка ўралогіі і нефралогіі, якая пазней была ператворана ў Рэспубліканскі цэнтр нефралогіі і трансплантацыі. У 1970 г. менавіта прафесар Саўчанка выканаў першую ў Беларусі аперацыю па парасадцы ныркі, а потым правёў яшчэ 40 такіх аперацый каб дэтальна адпрацаваць тэхніку выканання гэтай складанай маніпуляцыі.
Мікалай Саўчанка дасканала валодаў сучаснымі метадамі дыягностыкі і лячэння ўралагічных захворванняў, шмат аперыраваў, вёў вялікую навукова-даследчую працу, распрацаваў і ўкараніў у клінічную практыку метады дыягностыкі і лячэння прыроджаных заган развіцця нырак і іншых хвароб. У 1991 г. пры яго непасрэдным ўдзеле было адчынена першае ў рэспубліцы аддзяленне дыстацыйнай літатрыпсіі, быў створаны Рэспубліканскі цэнтр дзіцячай уралогіі.
Прафесар М.Я. Саўчанка з’яўляўся акадэмікам Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Ён напісаў каля 400 навуковых прац, у тым ліку 11 манаграфій і 9 патэнтаў на вынаходствы, падрыхтаваў 6 дактароў і 24 кандыдаты медыцынскіх навук. Узнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі (1944, 1945), Айчыннай вайны I (1985) і II ступеняў (1945), Працоўнага Чырвонага Сцяга (1966, 1971, 1976), медалямі, знакам “Выдатнік аховы здароўя”. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР (1982) і Дзяржаўнай прэміі БССР (1988). У 2001 г. імя М.Я. Саўчанкі прысвоена 4-й гарадской клінічнай бальніцы Мінска. У яго гонар названа вуліца ў Чачэрску.