Віталін Змітро (сапраўднае імя Сергіевіч Дзмітрый Рыгоравіч)
Дата рождения:
08.08.1912 Сухое, в., Іванаўскі раён, Брэсцкая вобласць
Дата смерти:
04.11.2004
Краткая справка:
пісьменнік
Псевдонимы:
Віталін Змітро
Варианты имени:
Сергіевіч Зміцер Рыгоравіч
Имена на других языках:
Сергиевич Дмитрий Григорьевич (русский);
3868 символов
Справка
Нарадзіўся пісьменнік у в. Сухое Бродніцкай воласці Пінскага павета Мінскай губерні (цяпер Іванаўскі раён Брэсцкай вобласцi) у сям’і чыгуначніка. У 1915 г., калі пачалося нямецкае наступленне, бацькі эвакуіраваліся ўглыб Расіі. Спачатку жылі ў Бранску, потым пераехалі ў Мелекес, у Заволжа. У 1919 г. вярнуліся на радзіму і спыніліся ў г. Калінкавічы Гомельскай вобласці. У 1920 г. Дзмітрый Сергiевiч паступіў у першы клас пачатковай школы. У 1929 г. скончыў дзевяць класаў і прыехаў у Мінск. Спачатку ўладкаваўся на будоўлю, потым паступіў на курсы электраманцёраў і пачаў працаваць у радыёмайстэрні Белрадыёцэнтра. Праз некаторы час стаў літсупрацоўнікам у рэдакцыі радыёвяшчання. Вясной 1932 г. пераехаў у Крычаў, працаваў адказным сакратаром раённай газеты. Пасля вяртання ў Мінск у верасні 1932 г. паступіў на творчае аддзяленне Мінскага вышэйшага педагагiчнага інстытута. Адначасова працаваў у часопісе “Шляхі калектывізацыі”, пісаў вершы і шмат друкаваўся ў рэспубліканскіх выданнях.
Дзмітрый Сергіевіч пад псеўданiмам Змітро Віталін дэбютаваў вершамі на беларускай мове ў 1930 г. Яго лiрыка была прасякнута матывамi захаплення жыццём, рамантыкай юнацтва, услаўленнем поспехаў сацыялiстычнага будаўнiцтва. У 1932 г. выйшаў першы зборнік паэта “Будзем жыць!”. Праз год Змітро Віталін быў арыштаваны і асуджаны на два гады папраўчых лагераў. Срок адбываў у Марыінскім “Сіблагу” каля Томска (рэабiлiтаваны 24 жнiўня 1956 г.). У 1935 г. вярнуўся ў Калінкавічы і пачаў працаваць на будоўлі. У 1936 г. быў прызваны у армію, будаваў ваенныя гарадкi ў Беларусi i Смаленскай вобласцi. Пасля дэмабілізацыі працаваў на фанернай фабрыцы ў Мазыры, у нарыхтоўчай канторы ў Лельчыцкім раёне, ў абласной газеце.
Змітро Віталін – удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. Першыя два гады служыў радавым сувязістам на Волхаўскім і Ленінградскім франтах. Абараняў і вызваляў ад блакады горад на Няве. З восені 1943 г. стаў ваенным карэспандэнтам дэвізійнай газеты “Вперед, за Родину!”. Франтавыя дарогі правялі яго праз Наўгародчыну, Пскоўшчыну, Латвію, Літву, Польшчу, Германію, Чэхаславакію. Вызваляў ад акупантаў Венгрыю і Аўстрыю. Пасля вайны пяць гадоў працаваў у штотыднёвай газеце “За честь Родины” Цэнтральнай групы войск, якая дыслацыравалася ў Вене. Вясной 1950 г. ваенны журналіст Д. Сергіевіч быў пераведзены ў г. Адэсу, у акружную газету “Защитник Родины”, затым накіраваны на вучобу ў Ленінград – на вышэйшыя курсы ўдасканалення палітсаставу Савецкай Арміі (1951–1952). Па заканчэнні курсаў вярнуўся ў Адэсу. У 1961 г. звольніўся ў запас у званнi маёра і пачаў займацца творчай працай.
Першы твор на рускай мове – аповесць “На голубом Дунае” – выйшаў у 1955 г. у Адэсе. Там жа былі выдадзены кнігі прозы пераважна на ваенную тэматыку: “Первый бой” (1957), “Привет из юности” (1964), “Тревожная осень” (1966), “Высокий остров” (1969), “Маршевая рота” (1971), “Гроза на рассвете” (1973), “Сосны посреди поля” (1975), “Добрые приметы” (1978), “Нет последних рубежей” (1982) і інш. Выходзiлi таксама раманы, аповесці i апавяданні пісьменніка ў выдавецтвах Кiева i Масквы. Па сцэнарыю З. Віталіна ў канцы 1960-х гг. быў пастаўлены тэлевiзiйны спектакль “Твердыня души” аб абароне горада-героя Адэсы.
Лёс Дзмiтрыя Рыгоравiча Сергіевіча склаўся няпроста. Пасля вайны ён згубiў сувязь з Беларуссю, нават у даведнiках да пачатку 1990-х гг. пiсалi, што З. Вiталiн прапаў без вестак на фронце. Але нарэшце сувязi лiтаратара аднавiлiся, і ў 1994 г. часопiс “Полымя” надрукаваў падборку яго вершаў, а штотыднёвiк “Лiтаратура i мастацтва” змясцiў артыкул аб жыцці i творчасці. У 2012 г. у Мазыры выдадзена кніга У.А. Лякіна “Тры жыцці Змітро Віталіна”.
Змітро Віталін (Д.Р. Сергiевiч) памёр 4 лістапада 2004 г., пахаваны ў Адэсе.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2012 г. Іванаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя Ф.І. Панфёрава.