Дата рождения:
03.01.1932 Бабічы, в., Рэчыцкі раён, Гомельская вобласць
Дата смерти:
12.10.2007
Краткая справка:
вучоны ў галіне аграглебазнаўства, акадэмік НАН Беларусі, заслужаны дзеяч навукі Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1976), прэміі НАН Беларусі (2007), кавалер ордэна "Знак Пашаны"
Имена на других языках:
Смеян Николай Иванович (русский);
4564 символа
Справка
Імя Мікалая Іванавіча Смяяна – беларускага вучонага ў галіне глебазнаўства – вядома не толькі ў Беларусі, але і далёка за яе межамі. Ён нарадзіўся ў в. Бабічы Рэчыцкага раёна Гомельскай вобласці. У 1953–1958 гг. вучыўся на біёлага-глебавым факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У. І. Леніна. У 1958–1962 г. працаваў інжынерам-глебазнаўцам, малодшым, старшым навуковым супрацоўнікам Беларускага НДІ глебазнаўства Акадэміі сельскагаспадарчых навук БССР. У 1962–1963 гг. ён галоўны аграном-глебазнавец Міністэрства вытворчасці і нарыхтовак сельскагаспадарчых прадуктаў БССР. З 1963 г. – старшы навуковы супрацоўнік, потым – галоўны спецыяліст, з 1969 г. – намеснік дырэктара па навуковай рабоце Беларускага НДІ глебазнаўства і аграхіміі, адначасова – загадчык аддзела глебазнаўства гэтага інстытута. Шмат гадоў М. І. Смяян паспяхова займаўся навукова-даследчай і адміністрацыйнай дзейнасцю. Ён прымаў актыўны ўдзел у правядзенні глебазнаўча-картаграфічных работ на тэрыторыі Магілёўскай вобласці і ў іншых раёнах рэспублікі. Займаўся складаннем зводных раённых і абласных глебавых карт. Набытыя веды і багаты факталагічны матэрыял аб заканамернасцях развіцця глеб БССР, іх уласцівасцях і ўрадлівасці дазволілі вучонаму падрыхтаваць у 1969 г. кандыдацкую дысертацыю на тэму “Почвы Белыничского и Круглянского районов Могилевской области и пути их рационального использования”. У 1980 г. М. І. Смяян абараніў доктарскую дысертацыю на тэму “Агропроизводственная группировка и районирование почв БССР в соответствии с их пригодностью под основные сельскохозяйственные культуры”. У 1989 г. ён быў выбраны членам-карэспандэнтам НАН Беларусі, у 1990 г. стаў прафесарам, у 1992 г. – акадэмікам Акадэміі аграрных навук Беларусі, у 1995 г. яму прысвоена званне ганаровага доктара Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі, з 2003 г. М. І. Смяян – акадэмік НАН Беларусі.
Пад кіраўніцтвам вучонага праводзіліся навуковыя даследаванні ў галіне глебазнаўства, распрацоўкі глебава-экалагічных асноў адаптыўных сістэм земляробства ў сельскай гаспадарцы і рацыянальнага выкарыстання глебавых рэсурсаў. Ён займаўся класіфікацыяй глеб, склаў глебавую карту Беларусі ў маштабе 1:600000, распрацаваў методыку якаснай ацэнкі глеб, устанавіў ступень іх прыгоднасці пад асноўныя сельскагаспадарчыя культуры, прапанаваў метадычныя падыходы аптымізацыі структуры пасяўных плошчаў і севазваротаў, правёў шырокія даследаванні па глебава-экалагічным раяніраванні. Тэарэтычныя распрацоўкі вучонага з'яўляюцца навуковай асновай прыродаахоўных тэхналогій у сельскай гаспадарцы і знаходзяць шырокае практычнае прымяненне пры ўстанаўленні спецыялізацыі і канцэнтрацыі сельскагаспадарчай вытворчасці, стварэнні аптымальнай структуры пасеваў і севазваротаў, павышэння ўрадлівасці глеб, аховы іх ад разбурэння. Мікалай Іванавіч Смяян з’яўляецца аўтарам больш за 400 навуковых прац, у тым ліку 8 манаграфій. Сярод асноўных работ – “Почвы Белорусской ССР” (1974, у суаўтарстве), “Оценка плодородия почв Белоруссии” (1989, у суаўтарстве), “Пригодность почв БССР под основные сельскохозяйственные культуры” (1990), “Полевое исследование и картографирование почв БССР” (1990, у суаўтарстве), “Почвы сельскохозяйственных земель Республики Беларусь : практическое пособие” (2001, у суаўтарстве) і інш. Пад кіраўніцтвам вучонага абаронены 22 кандыдацкія і 2 доктарскія дысертацыі. Ён быў членам Беларускага таварыства глебазнаўцаў, Міждзяржаўнага савета па зямельных рэсурсах і іх рацыянальным выкарыстанні краін СНД, Міжнароднага таварыства глебазнаўцаў, старшынёй рэдакцыйнай калегіі часопіса “Земля Беларуси”, уваходзіў у склад рэдакцый часопісаў “Почвоведение”, “Почвоведение и агрохимия”, “Земляробства і ахова раслін”. З імем М. І. Смяяна звязана стварэнне ў 1993 г. на базе Беларускага аддзялення Усесаюзнага аб’яднання глебазнаўцаў гарадскога аддзялення “Беларускае таварыства глебазнаўцаў”, старшынёй якога вучоны заставаўся да апошніх сваіх дзён.
Прызнаннем заслуг і аўтарытэта М. І. Смяяна з’яўляюцца яго шматлікія ўзнагароды і званні. Ён лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР (1976) за цыкл работ па вывучэнні глеб Беларусі (апублікаваны ў 1968–1974 гг.), лаўрэат прэміі НАН Беларусі (2007, пасмяротна) за манаграфію “Классификация, диагностика и систематический список почв Беларуси” (2007, напісана ў суаўтарстве), узнагароджаны ордэнам “Знак Пашаны” (1971) і шматлікімі медалямі. У 2000 г. М. І. Смяян атрымаў званне “Заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь”. Яго імя ўключана ў кнігу “2000 выдающихся ученых ХХ века” (Кембрыдж, Вялікабрытанія).