Адзін з буйнейшых прыродазнаўцаў, які пакінуў пасля сябе значную спадчыну ў шматлікіх галінах ведаў і найперш за ўсё ў геабатаніцы і фізічнай геаграфіі, Гаўрыла Іванавіч Танфільеў нарадзіўся ў Рэвелі (сучасны Талін, Эстонія) 6 сакавіка 1857 г. у сям’і мытнага служачага. Скончыў Рэвельскую класічную гімназію (1876) і аддзяленне прыродазнаўчых навук фізіка-матэматычнага факультэта Пецярбургскага ўніверсітэта (1883). Сярод яго выкладчыкаў былі знакамітыя рускія вучоныя А. М. Бекетаў, В. В. Дакучаеў і інш.
Пасля заканчэння ўніверсітэта малады вучоны вырашыў прысвяціць жыццё вывучэнню прыроды Расіі. У 1885 г. уладкаваўся на працу ў Дэпартамент земляробства Міністэрства дзяржаўнай маёмасці. З 1887 г. ўвайшоў у склад Вольнага эканамічнага таварыства, па ініцыятыве і на сродкі якога ажыццявіў сваю першую навуковую камандзіроўку, прысвечаную даследаванню балот Пецярбургскай губерні. У навуковых працах “Аб балотах Пецярбургскай губерні” (1888, 1889), прысвечаных вынікам вандроўкі, вучоны апісаў асаблівасці працэсаў забалочвання і зарастання азёр, даў класіфікацыю балот, прывёў даныя аб саставе расліннасці розных тыпаў багнаў і іншыя цікавыя звесткі. Асаблівую ўвагу Гаўрыла Іванавіч надаваў вывучэнню балот і тарфянікаў Беларусі. Яго працы “Болоты і тарфянікі Палесся” (1895) і “Геабатанічны нарыс Палесся” (1899) сталі класічнымі прыкладамі геаграфічнага апісання балот і тарфянікаў. У гэтых працах вучоны даказаў, што на Палессі пераважаюць не сфагнавыя, а травяныя багны і тарфянікі, якія лёгка паддаюцца асушэнню.
Г. І. Танфільеў удзельнічаў у шматлікіх экспедыцыях па Расіі, у тым ліку ў Асобай экспедыцыі В. В. Дакучаева (1892–1897), арганізаванай для распрацоўкі мер па пераадоленні наступстваў засухі 1891 г. і папярэджванні іх у далейшым. Распрацаваў агульнапрыняты зараз у практыцы метад палявога вызначэння карбанатаў у глебе пры дапамозе салянай кіслаты, зрабіў шматлікія апісанні стэпавай расліннасці, абследваў шэраг прыродных лесастэпавых дубраў і штучных пасадак лесу ў стэпе. Удзельнічаў у абагульненні вынікаў вопытаў і назіранняў, а таксама ў распрацоўцы рэкамендацый па насаджэнні лясоў у стэпе. Яго даследаванні ў гэтым накірунку паслужылі фундаментам, на базе якога пачало развівацца сучаснае стэпазнаўства.
Акрамя даследаванняў расліннасці і глебаў стэпавай зоны Г. І. Танфільеў вывучаў таксама асаблівасці ландшафту розных відаў тундры і тарфянікаў. Ён адным з першых пачаў выкарыстоўваць пры вывучэнні тарфянікаў метад пылковага аналізу, заснаваны на вызначэнні наяўнасці сасновага пылку. Прымаў удзел у працы па складанні “Глебавай карты Еўрапейскай Расіі” – першай навуковай карты глебаў, ад якай пайшоў пачатак савецкай навуковай глебавай картаграфіі. У 1900 г. за ўдзел у працы над гэтай картай Г. І. Танфільеву быў прысуджаны Вялікі залаты медаль Парыжскай сусветнай выставы.
З 1895 г. вучоны сумяшчаў працу галоўнага батаніка Пецярбургскага батанічнага сада з выкладаннем у Пецярбургскім універсітэце. У 1897 г. была апублікавана складзеная Г. І. Танфільевым схема фізіка-геаграфічнага раянавання еўрапейскай часткі Расіі, якая з’явілася першай спробай падзялення такой вялікай тэрыторыі на фізіка-геаграфічныя вобласці. У 1899 г. вучоны стаў заснавальнікам першага ў свеце глебазнаўчага часопіса “Глебазнаўства”, які выдаецца Расійскай акадэміяй навук і па сённяшні дзень.
З 1905 г. у сувязі з пагаршэннем стану здароўя Г. І. Танфільеў перабраўся ў Адэсу, дзе і пражыў да канца свайго жыцця. Выкладаў у Імператарскім Новарасійскім універсітэце (зараз – Адэскі нацыянальны ўніверсітэт імя І. І. Мечнікава) агульнае землязнаўства, геаграфію раслін і жывёл, геаграфію Расіі і палярных краін. Стварыў ва ўніверсітэце геаграфічны кабінет, грунтоўную бібліятэку пры ім і адну з лепшых у Расіі кафедр геаграфіі. Адначасова выкладаў геаграфію на Вышэйшых жаночых курсах.
Першай вялікай працай, напісанай вучоным ў Адэсе, была яго доктарская дысертацыя “Межы лясоў у Палярнай Расіі” (1911), якую ён паспяхова абараніў у Пецярбургскім універсітэце, атрымаўшы званне доктара геаграфіі. У 1916–1924 гг. Гаўрыла Іванавіч працаваў над фундаментальным шматтомным сачыненнем “Геаграфія Расіі”, якое адыграла значную ролю ў далейшым развіцці геаграфічнай навукі.
Вучоны неаднаразова прымаў удзел у міжнародных з’ездах і кангрэсах. Быў абраны ганаровым членам шматлікіх навуковых таварыстваў і навукова-даследчых арганізацый. З’яўляўся старшынёй Глебавай камісіі Вольнага эканамічнага таварыства, прэзідэнтам Адэскага таварыства прыродазнаўства, ганаровым членам Рускага геаграфічнага таварыства і інш. Імем Гаўрылы Іванавіча Танфільева названы адзін з Курыльскіх астравоў.
Вынікі даследаванняў Г. І. Танфільева – таленавітага вучонага-батаніка, глебазнаўца і географа – застаюцца актуальнымі і ў нашы дні. Вучоны апісаў расліннасць палескіх балот і распрацаваў першую іх класіфікацыю, стаўшы такім чынам пачынальнікам геабатанічных даследаванняў у Беларусі і заснавальнікам айчыннага балотазнаўства.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2011 г.