Дата рождения:
14.08.1902 Ачыжа, в., Чэрвеньскі раён, Мінская вобласць
Дата смерти:
03.10.1990 Расія
Краткая справка:
ваенны дзеяч, удзельнік вызвалення Шумілінскага раёна ў Вялікую Айчынную вайну, Герой Савецкага Саюза (1944)
Имена на других языках:
Тарловский Василий Иванович (русский);
2113 символа
Справка
Васіль Іванавіч Тарлоўскі нарадзіўся ў вёсцы Ачыжа Чэрвеньскага раёна ў сям’і селяніна. У сярэдзіне 1920-х гг. вучыўся ў Белпедтэхнікуме. Пасля яго заканчэння працаваў у школах Жыткавіцкага і Пухавіцкага раёнаў. У 1940 г. скончыў Мінскі педагагічны інстытут, працаваў настаўнікам у вёсцы Горкі Чэрвеньскага раёна.
Вясной 1941 г. быў прызваны ў Чырвоную Армію, са студзеня 1942 г. знаходзіўся на фронце. Баявое хрышчэнне прыняў пад Харкавам. У першым баі сяржант Тарлоўскі прыкрываў адыход палка, які праследавалі гітлераўскія аўтаматчыкі. У баі за Дон ён асабіста расстраляў з кулямёта 17 гітлераўцаў і атрымаў першую ўзнагароду – медаль “За баявыя заслугі”.
У 1943 г. Васіль Тарлоўскі стаў афіцэрам. Скончыў курсы намеснікаў камандзіраў рот 65-й арміі, курсы ўдасканалення каманднага саставу 6-й гвардзейскай арміі. Старшы лейтэнант Тарлоўскі прымаў удзел у баях за вызваленне роднай Беларусі. Вызначыўся пры прарыве абароны праціўніка і фарсіраванні ракі Заходняя Дзвіна ў чэрвені 1944 г. Рота Васіля Тарлоўскага прарвалася праз тры лініі варожых траншэй, фарсіравала раку ў раёне вёскі Буй Бешанковіцкага раёна, заняла шашу і адрэзала ворагу шлях да адыходу.
Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 22 лiпеня 1944 г. за ўзорнае выкананне заданняў камандавання і праяўленыя мужнасць і гераізм у баях з нямецка-фашысцкімі захопнікамі Васілю Іванавічу Тарлоўскаму было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза з уручэннем ордэна Леніна і медаля “Залатая Зорка”.
Восенню 1944 г. В.І. Тарлоўскі быў цяжка паранены, быў прызнаны нягодным да страявой службы і працягваў службу ў ваенкаматах горада Іванава. Звольнены ў запас у 1953 г. Бацькі Васіля Тарлоўскага загінулі ў гады акупацыі, таму пасля звальнення ў запас ён застаўся жыць у Іванаве. Некаторы час працаваў у медыцынскім інстытуце, затым вярнуўся да прафесіі настаўніка і да 1956 г. выкладаў фізіку ў школе № 54.
Узнагароджаны ордэнамі Леніна, Айчыннай вайны І-й ступені, медалём “За баявыя заслугі” і інш. У Іванаве, на доме дзе жыў В.І. Тарлоўскі, устаноўлена мемарыяльная дошка.
Пераклад 2020 г. матэрыялаў інтэрнэт-праекта “Герои страны”.