Дата рождения: 20.07.1902 Баранавічы, г., Брэсцкая вобласць
Дата смерти: 22.07.1983
Краткая справка: ваенны дзеяч, віцэ-адмірал, удзельнік грамадзянскай і Вялікай Айчыннай войнаў, кавалер шматлікіх савецкіх і замежных ордэнаў, Герой Савецкага Саюза (1965), імем якога названа вуліца ў г. Баранавічы, дзе адкрыты дом-музей Г. М. Халасцякова
Имена на других языках: Холостяков Георгий Никитич (русский);
Георгій Мікітавіч Халасцякоў належаў да таго пакалення людзей, чыё юнацтва супала з рэвалюцыйнымі падзеямі і грамадзянскай вайной. Ваенная справа стала яго прафесіяй і лёсам.
Нарадзіўся ён 20 ліпеня 1902 г. у Баранавічах у сям’і чыгуначніка-машыніста. Дзяцінства абарвалася, калі сям'я ў 1915 г. у патоку бежанцаў пакінула родны горад. Жылі па чужых кутках у Гомелі, Навазыбкаве. Нарэшце, аселі ў Рэчыцы. З той пары горад стаў для будучага адмірала другой радзімай, тут пачалося яго свядомае жыццё. У 1918 г. Рэчыцу акупіравалі немцы. Георгію ўдалося дабрацца да Курска, дзе ў дэпо працаваў бацька. Ён дапамог уладкавацца сыну падручным слесара ў чыгуначныя майстэрні. У шаснаццацігадовым узросце Георгій Халасцякоў зведаў нялёгкую працу, уступіў у камсамол. Неўзабаве пачалася грамадзянская вайна. Ён запісаўся ў маладзёжны атрад часці асобага прызначэння, удзельнічаў у баях з дзянікінцамі, быў паранены, ляжаў у шпіталі. Вярнуўшыся ў Рэчыцу, пайшоў працаваць у раённы камітэт камсамола. У хуткім часе яго выбралі сакратаром арганізацыі, а ў лютым 1920 г. сямнаццацігадовага хлопца прынялі ў рады камуністычнай партыі. Вясной да Рэчыцы зноў наблізіўся фронт. Цяпер наступалі польскія войскі. Георгій Халасцякоў – у радах Чырвонай Арміі. Зноў баі, свіст куль, разрывы снарадаў, гібель байцоў. Палякам удалося ўзяць у палон параненых, сярод якіх апынуўся і Г. Халасцякоў. Пасля вызвалення ў 1921 г. ён вярнуўся ў Рэчыцу.
Дэмабілізаваўшыся, працаваў у Рэчыцкай камсамольскай арганізацыі. Як актывіста яго па камсамольскай пуцёўцы адправілі на флот. Гэта падзея вызначыла ўвесь далейшы лёс хлопца. У снежні 1921 г. Г. Халасцякоў апынуўся ў другім Балтыйскім флоцкім экіпажы. Тут ён прайшоў курс маладога байца і атрымаў накіраванне ў артылерыйскую школу Балтыйскага флоту. Пасля выдатнай вучобы ў падрыхтоўчай школе для ваенных маракоў у 1922 г. паступіў у Ваенна-марское гідраграфічнае вучылішча, якое паспяхова закончыў праз тры гады. Георгія Халасцякова прызначылі вахтавым начальнікам на лінкор “Марат”, але юнаку хацелася стаць даследчыкам мора. Ён ніколі не развітваўся са сваёй галоўнай мэтай – стаяць на камандзірскім мосціку. Яму пашанцавала: стаў штурманам на падводнай лодцы “Камунар”. Праз год Г. Халасцякова адправілі на спецыяльныя курсы падводнікаў, у 1933 г. накіравалі на Далёкі Усход камандаваць галоўнай падводнай лодкай “Ласось” (пазней вядомая як “Шчупак”). У 1934–1938 гг. ён камандаваў 5-й брыгадай падводных лодак Ціхаакіянскага флоту. У 1938 г. быў беспадстаўна рэпрэсіраваны, у 1940 г. – рэабілітаваны і прызначаны камандзірам 3-й брыгады падводных лодак Чарнаморскага флоту, потым начальнікам аддзела падводнага плавання штаба Чарнаморскага флоту. Гэта пасада не ўзрадавала: крыўдна было баявому камандзіру займацца папяровай справай, але за работу ўзяўся з поўнай адказнасцю. Так ён і сустрэў Вялікую Айчынную вайну, якая ўсё перайначыла.
Георгій Мікітавіч быў прызначаны ў 1941 г. начальнікам штаба Новарасійскай ваенна-марской базы. Тут асабліва ярка праявіўся яго флатаводчы талент. Па маштабе баявых дзеянняў база пад камандаваннем капітана I рангу, а затым контр-адмірала Г. М. Халасцякова адыграла асноўную ролю ва ўсіх аперацыях на моры і сушы. Малагабарытныя сейнеры-спаркі, баркасы, катэры дастаўлялі на Малую зямлю пехацінцаў і маракоў, а таксама баявыя прыпасы, медыкаменты і харчаванне. Са снежня 1944 г. Г.М. Халасцякоў быў прызначаны камандуючым Дунайскай рачной ваеннай флатыліі, якая з баямі прайшла ўверх па Дунаі ад Чорнага мора да Вены, вызначылася ў Эстэргомскім прарыве, высадках дэсантаў у гарадах Тат, Родвань, Камарна, вызваленні Браціславы, захопе Імперскага моста ў цэнтры Вены. У 1945 г. Г.М. Халасцякоў атрымаў новае званне – віцэ-адмірал. У 1950 г. закончыў Вышэйшую ваенную акадэмію імя К.Я. Варашылава. Віцэ-адмірал вярнуўся служыць на Ціхаакіянскі флот, дзе да 1965 г. знаходзіўся на камандных пасадах. Званне Героя Савецкага Саюза Г.М. Халасцякоў атрымаў у 1965 г. Да 1969 г. працаваў на адказных пасадах Галоўнага штаба ВМФ СССР, у апараце Міністэрства абароны СССР. З 1969 г. – на заслужаным адпачынку, жыў у Маскве, але працягваў працаваць да апошняга дня свайго жыцця. Трагічна загінуў у 1983 г.
За гады службы віцэ-адмірал Г.М. Халасцякоў атрымаў не адну баявую ўзнагароду (больш за 20 ордэнаў). У ліку першых падводнікаў у 1935 г. быў узнагароджаны ордэнам Леніна. Ён адзіны ў краіне прафесійны ваенны, які ўзнагароджаны адначасова палкаводчым ордэнам Суворава і двума флатаводчымі ордэнамі Ушакова I ступені. Георгій Мікітавіч меў таксама ўзнагароды замежных дзяржаў, сярод якіх і вышэйшая марская рэгалія Вялікабрытаніі – “Трафальгарскі крыж”, які атрымаў ад караля Англіі Георга VI. У 1974 г. стаў ганаровым грамадзянінам гарадоў Баранавічы і Браціслава. У 1980 г. свет пабачыла яго кніга “Вечный огонь”, асноўная частка якой прысвечана баявым дзеянням маракоў-чарнаморцаў у гады Вялікай Айчыннай вайны, у тым ліку абароне горада-героя Новарасійска, легендарнай Малой зямлі. Імем Г.М. Халасцякова названы акіянскі танкер, што ў 1984 г. папоўніў Латвійскае марское параходства. Яго імем названа вуліца ў Баранавічах, Баранавіцкая сярэдняя школа № 9, дзе быў адкрыты музей памяці віцэ-адмірала. Фонды Рэчыцкага краязнаўчага музея захоўваюць багатую калекцыю матэрыялаў, якія перадалі родныя пасля яго трагічнай гібелі. Гэта дакументы, кнігі з асабістай бібліятэкі адмірала, мэбля, шматлікія сувеніры, фотаздымкі. Да 100-гадовага юбілею на малой радзіме ў Баранавічах быў адкрыты Памятны знак-якар, які стаў сімвалам увекавечання светлага імя легендарнага флатаводца.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2012 г.