Дата рождения:
12.02.1917 Кромавічы, в., Барысаўскі павет, Мінская губерня (цяпер Докшыцкі раён, Віцебская вобласць)
Дата смерти:
29.06.1944 Бабруйскі раён, Магілёўская вобласць
Краткая справка:
удзельнік савецка-фінляндскай вайны 1939–1940 гг., вызвалення Беларусі ў Вялікую Айчынную вайну, Герой Савецкага Саюза (1945), узнагароджаны ордэнамі Леніна, Чырвонага Сцяга
Имена на других языках:
Черныш Александр Иванович (русский);
1670 символов
Справка
Аляксандр Іванавіч Чарныш нарадзіўся ў вёсцы Кромавічы Докшыцкага раёна Віцебскай вобласці ў сялянскай сям’і. Скончыў курсы тэхнікаў землеўпарадкавання.
У 1938 г. быў прызваны ў рады Чырвонай Арміі. Удзельнічаў у савецка-фінляндскай вайне 1939–1940 гг. У час Вялікай Айчыннай вайны ў якасці камандзіра стралковай роты ваяваў на Ленінградскім, Закаўказcкім, Бранскім, 1-м Беларускім франтах.
Аляксандр Чарныш асабліва вызначыўся падчас правядзення беларускай стратэгічнай наступальнай аперацыі “Баграціён”. 28 чэрвеня 1944 г. у раёне Кіраўска Магілёўскай вобласці яго рота была атакавана вялікай групай нямецкіх войскаў. Нягледзячы на колькасную перавагу праціўніка чырвонаармейцы знішчылі каля 170 гітлераўскіх салдат і афіцэраў, яшчэ 27 захапілі ў палон.
29 чэрвеня 1944 г. рота пад камандаваннем А.І. Чарныша перакрыла дарогу Бабруйск – Мінск і адрэзала ворагу шляхі да адступлення. Пры падтрымцы танкаў і самаходных гармат гітлераўцы 14 разоў пераходзілі ў контратаку, але так і не змаглі вырвацца з акружэння. У выніку гэтай аперацыі было знішчана больш за 200 салдат і афіцэраў праціўніка, яшчэ 80 было захоплена ў палон. У гэтым баі капітан А.І. Чарныш загінуў і быў пахаваны ў брацкай магіле ў вёсцы Чарніца Бабруйскага раёна.
Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 24 сакавіка 1945 г. за ўзорнае выкананне баявых заданняў камандавання на фронце барацьбы з нямецкімі захопнікамі і праяўленыя пры гэтым адвагу і геройства Аляксандру Іванавічу Чарнышу пасмяротна прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.
Узнагароджаны ордэнамі Леніна, Чырвонага Сцяга. У Докшыцах узведзены помнік А.І. Чарнышу.
Пераклад 2021 г. матэрыялаў інтэрнэт-праекта “Герои страны”.