Дата рождения:
25.03.1923 Шуміліна, г. п., Віцебская вобласць
Дата смерти:
15.10.1943
Краткая справка:
удзельнік вызвалення Беларусі ў Вялікую Айчынную вайну, Герой Савецкага Саюза (1943), кавалер ордэна Леніна
Имена на других языках:
Акуционок Пётр Антонович (русский);
2053 символа
Справка
Пётр Антонавіч Акуцыёнак нарадзіўся ў пасёлку Шуміліна Віцебскай вобласці ў сям’і рабочага. Пасля атрымання няпоўнай сярэдняй адукацыі працаваў у раённым Доме культуры, быў нязменным арганізатарам і ўдзельнікам усіх масавых і спартыўных мерапрыемстваў.
З пачаткам Вялікай Айчыннай вайны Пётр Акуцыёнак стаў байцом знішчальнага батальёна для барацьбы з варожымі дыверсантамі і лазутчыкамі. Калі гітлераўскія войскі падступілі да роднага пасёлка, быў эвакуіраваны ў Кіргізію. У лютым 1943 г. Пётр Акуцыёнак пасля заканчэння кароткатэрміновых камандных курсаў у званні малодшага лейтэнанта прыбыў на фронт.
Баявое хрышчэнне прыняў пад Курскам, дзе ў першым баі падбіў варожы танк. Пасля разгрому фашыстаў на Курскай дузе дывізія, у якой ён служыў, перайшла ў наступленне. Малодшы лейтэнант Акуцыёнак прымаў удзел у фарсіраванні Паўночнай Дзясны і Сожа, дзе праявіў сябе як адважны і ўмелы камандзір.
15 кастрычніка 1943 г. пачалася аперацыя Чырвонай Арміі па фарсіраванні Дняпра. Байцы ўзвода Акуцыёнка на лодках і плытах першымі дасягнулі правага берага. Пад моцным абстрэлам яны кінуліся на штурм варожых траншэй. Камандзір бег наперадзе байцоў. Жорсткі бой на правым беразе працягваўся ўсю раніцу. У гэтым баі адважны афіцэр загінуў. Яго смерць не стала дарэмнай: да сярэдзіны дня 15 кастрычніка 1943 г. вышыня была ў руках чырвонаармейцаў. Да вечара плацдарм пашырылі ў глыбіню да 4-8 кіламетраў. Шлях у Беларусь быў адкрыты...
Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 30 кастрычніка 1943 г. за фарсіраванне ракі Днепр і паспяховае замацаванне плацдарма на яе беразе, узорнае выкананне баявых заданняў камандавання на фронце барацьбы з нямецка-фашысцкімі захопнікамі і праяўленыя пры гэтым адвагу і геройства, Пятру Антонавічу Акуцыёнку было пасмяротна прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.
Пахаваны Герой у брацкай магіле ў пасёлку Лоеў Гомельскай вобласці. У Лоеве і Шуміліна ёсць вуліцы, названыя ў гонар П.А. Акуцыёнка. Імя Героя занесена ў Кнігу народнай славы Шумілінскага раёна.
Пераклад 2021 г. матэрыялаў інтэрнэт-праекта “Герои страны”.