Дата рождения: 07.07.1887 Віцебск, г.
Дата смерти: 28.03.1985
Краткая справка: беларускі і французскі мастак, графік, адзін з лідараў мастацкага авангарда ХХ ст.
Варианты имени: Шагал Майсей Захаравіч; Шагал Моўша Хацкелевіч
Имена на других языках: Chagall (английский); Шагал Марк (русский); Шагал Марк Захарович (русский); Шагал Мовша Хацкелевич (русский);
Марка Шагала, выдатнага жывапісца, графіка, тэатральнага дэкаратара, называюць летуценнікам і фантастам. Біблейскія і фальклорныя сюжэты, матывы кахання, цудоўныя пейзажы, мяккая пластычнасць, тонкая маляўнічасць, напружаны, паўрэальны каляровы строй карцін – усё гэта асаблівасці творчасці аднаго з самых вядомых прадстаўнікоў мастацкага авангарда XX ст.
Нарадзіўся М. Шагал у Віцебску ў небагатай яўрэйскай сям’і. Яго бацька працаваў грузчыкам у рыбнай лаўцы і быў вельмі рэлігійным чалавекам. Менавіта таму першапачатковая адукацыя будучага мастака пачалася з вывучэння Торы і Талмуда. Восенню 1900 г. ён паступіў у гарадское чатырохкласнае вучылішча. У вольны ад заняткаў час спяваў у сінагозе, іграў на скрыпцы, пісаў вершы і маляваў. Першае знаёмства з мастацтвам адбылося ў школе малявання і жывапісу Ю. Пэна, дзе М. Шагал пачаў вучыцца ў 1906 г. Тут ён прабыў усяго два месяцы і з вясны 1907 г. працягваў вучобу ў Пецярбургу, дзе наведваў школу М. Рэрыха пры Таварыстве заахвочвання мастакоў, пазней – прыватную школу Л. Званцавай.
Восенню 1910 г. М. Шагал апынуўся ў Парыжы. У сталіцы Францыі ён браў урокі малявання ў так званых свабодных акадэміях – знакамітай Гранд Шам’ер і Ла Палет, але галоўнымі навучальнымі ўстановамі для мастака сталі Луўр, Люксембургскі музей, а таксама салоны, прыватныя галерэі, мастацкія лаўкі і старажытныя вуліцы вялікага горада. Парыж збіраў таленты з усяго свету. Менавіта тут адбылася канчатковая крышталізацыя мастацкага стылю М. Шагала. Чатыры гады знаходжання ў Парыжы сталі адным з лепшых перыядаў яго творчасці. У гэты час былі напісаны карціны “Я і мая вёска” (1911), “Аўтапартрэт з сямю пальцамі”, “Яўрэй моліцца” (абедзве 1912), “Парыж праз вакно” (1913) і інш. У 1912 г. мастак прыняў удзел у Асеннім салоне, пазней адбылася персанальная выстаўка ў Берліне, якая зрабіла вялікае ўражанне на нямецкіх экспрэсіяністаў.
Летам 1914 г. М. Шагал прыехаў у Віцебск. Ён збіраўся прабыць у родным горадзе некалькі месяцаў, але пачалася Першая сусветная вайна, якая не дала вярнуцца ў Парыж. Быццам адчуваючы канчатковае развітанне з Радзімай у будучым, мастак спяшаўся намаляваць усё, што трапляла на вочы: дамы, цэрквы, сінагогі, віды Віцебска, партрэты сваякоў і старых яўрэяў. Шлюб з Бэлай Разенфельд, якая на доўгія гады стала сапраўднай музай М. Шагала, унёс мажорныя матывы ў яго творчасць: з’явіліся карціны, прысвечаныя каханню, – “Блакітныя закаханыя” (1914), “Зялёныя закаханыя” (пасля 1914), “Ружовыя закаханыя”, “Шэрыя закаханыя” (абедзве 1916) і інш. Да гэтага часу адносяцца творы, якія адлюстравалі хараство беларускай прыроды. У 1915 г. М. Шагал з жонкай пакінуў Віцебск і пераехаў у Пецярбург. Тут ён удзельнічаў у шэрагу выставак, а таксама зблізіўся з многімі вядомымі дзеячамі культуры. Пасля рэвалюцыі 1917 г. па рэкамендацыі А. Луначарскага быў прызначаны паўнамоцным прадстаўніком па справах мастацтваў у Віцебскай губерні. Высокае становішча дазволіла стварыць у родным горадзе Віцебскае народнае мастацкае вучылішча, куды былі запрошаны на працу такія вядомыя выкладчыкі з Петраграда і Масквы, як М. Дабужынскі, В. Ермалаева, Э. Лісіцкі, К. Малевіч, М. Суэцін, І. Чашнік і іншыя, а таксама знакаміты Ю. Пэн – першы настаўнік М. Шагала. Некаторы час Марк Захаравіч сам узначальваў вучылішча, а з 1919 г. кіраваў Вольнай майстэрняй жывапісу, дапамагаў у стварэнні мастацкага музея. У 1920 г. пераехаў у Маскву, дзе афармляў спектаклі і глядзельную залу Камернага яўрэйскага тэатра, выкладаў у працоўнай калоніі для беспрытульнікаў, выканаў серыю ілюстрацый да аўтабіяграфічнай кнігі “Моя жизнь”, якая была выдадзена ў 1931 г. у Парыжы.
У 1922 г. М. Шагал з сям’ёй пакінуў Расію. Спачатку мастак наведаў Берлін, дзе з 1914 г. заставаліся яго работы, праз год пасяліўся ў Парыжы. Другі французскі перыяд творчасці (1923–1941) пачаўся вялікімі цыкламі кніжных ілюстрацый. У серыі малюнкаў да кніг “Мёртвыя душы” М. Гогаля, “Байкі” Ж. Лафантэна, да Бібліі на поўную моц раскрыўся талент Шагала-графіка. Біблейская тэма знайшла свой працяг у карцінах “Белае распяцце” (1938) і “Падзенне анёла” (1930–1940). У 1930-я гг. М. Шагал шмат працаваў, наладжваў персанальныя выстаўкі, атрымліваў першыя міжнародныя прэміі, падарожнічаў. У нацысцкай Германіі ў 1933 г. па загадзе Гебельса яго карціны публічна спалілі. Гэта была адна з першых акцый фашыстаў па знішчэнні так званага дэгенератыўнага мастацтва. Другая сусветная вайна, распачатая Германіяй у 1939 г., набліжалася да Францыі, і ў 1941 г. М. Шагал з сям’ёй пераехаў на часовае жыхарства ў Злучаныя Штаты Амерыкі: ён быў вымушаны ратавацца ад нацызму. Толькі ў 1947 г. зноў вярнуўся ў Парыж.
Трэці перыяд парыжскага жыцця стаў часам, калі творчасць мастака набыла сусветную славу. Натхнёны любоўю да Парыжа, М. Шагал напісаў шмат карцін, прысвечаных гэтаму гораду. Не забываў ён і родны Віцебск, тэма якога знайшла адлюстраванне ў серыі літаграфій “Успаміны аб Віцебску” (пачатак 1960-х гг.), а таксама ў карцінах “Каровы над Віцебскам” (1966), “Анёл над Віцебскам” (1977), “Мастак над Віцебскам” (1977–1978, варыянт 1982) і інш. Біблейская тэма, распачатая ў 1930-я гг., працягвалася ў 17 палотнах пад агульнай назвай “Біблейскае пасланне”, створаных у 1954–1966 гг.
Марк Шагал працаваў амаль ва ўсіх жывапісных жанрах, аднак уражваюць і яго манументальныя творы, дзе мастак раскрыўся як майстра керамікі, мазаікі, габелена і вітража. Па яго эскізах былі размаляваны плафоны тэатраў “Гранд-Апера” ў Парыжы і “Метраполітэн-опера” ў Нью-Ёрку; зроблены вітражы для Іерусалімскай клінікі, Рэймскага сабора і касцёла Святога Стэфана ў Майнцы. Мазаікі М. Шагала ўпрыгожваюць будынкі Нацыянальнага банка ў Чыкага, універсітэта ў Ніцы, парламента Іерусаліма.
Звычайна пра мастака гавораць, што размаўляе ён на палатне, але М. Шагал быў і мастаком слова. Ён усё сваё жыццё пісаў дзённікі, лісты, вершы. Усім, хто шануе М. Шагала, варта пазнаёміцца з літаратурнымі творамі, каб паглядзець на свет вачыма аўтара, адчуць споведзь яго душы – закаханай, даверлівай і ранімай.
Мастацкая спадчына М. Шагала належыць усяму свету. Ён прадстаўнік некалькіх культур: беларускай – па месцы нараджэння; яўрэйскай – па нацыянальнасці і выхаванні; рускай, якая сфарміравала яго як мастака; французскай, што дазволіла дасягнуць майстэрству найвышэйшага росквіту. Карціны М. Шагала ведаюць, цэняць і любяць. Яны ўпрыгожваюць вядомыя галерэі і музеі, захоўваюцца ў прыватных зборах. У Ніцы створаны музей, прысвечаны яго творам на біблейскія тэмы; у Віцебску працуе дом-музей і арт-цэнтр, які носіць імя мастака. У 1992 г. на радзіме М. Шагала пастаўлены помнік (скульптар А. Гвоздзікаў).
У пошуку матэрыялаў аб мастаку дапаможа таксама выданне “Бюллетень Музея Марка Шагала”, якое выходзіць з 2000 г.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2012 г.