Дата рождения:
03.11.1907 Нача, в., Барысаўскі павет, Мінская губерня (цяпер Крупскі раён, Мінская вобласць)
Дата смерти:
12.05.1942
Краткая справка:
удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, Герой Савецкага Саюза (1942)
Имена на других языках:
Шестаков Михаил Денисович (русский);
2433 символа
Справка
Міхаіл Дзянісавіч Шастакоў нарадзіўся ў вёсцы Нача Крупскага раёна Мінскай вобласці ў сям’і рабочага-чыгуначніка. Пасля заканчэння няпоўнай сярэдняй школы працаваў рамонтнікам на чыгунцы. У 1927 г. скончыў Барысаўскі сельскагаспадарчы тэхнікум. Працаваў аграномам.
У Чырвоную Армію прызваны ў 1928 г. Пасля заканчэння Аб’яднанай беларускай ваеннай школы імя ЦВК БССР (1931) быў камандзірам узвода 24-га стралковага палка Беларускай ваеннай акругі (Мінская вобласць). У 1932–1933 гг. прайшоў навучанне на курсах удасканалення каманднага складу ў Маскве. З 1933 па 1937 г. камандаваў танкавым узводам, а затым і танкавай ротай у 4-й асобнай танкавай брыгадзе Беларускай ваеннай акругі (Бабруйск). У 1936 г. Міхаіл Шастакоў скончыў камандныя курсы пры Ваеннай акадэміі механізацыі і матарызацыі Рабоча-сялянскай Чырвонай Арміі імя Сталіна. Пасля звальнення ў запас у жніўні 1937 г. працаваў тэхнікам-машынаведам на прадпрыемствах Мінска. У красавіку 1939 г. быў прызначаны камандзірам вучэбнай роты ў 18-ю лёгкую танкавую брыгаду. Са жніўня 1939 г. – памочнік начальніка 1-й часткі штаба 43-й аутабранетанкавай брыгады. У час савецка-фінляндскай вайны 1939–1940 гг. камандаваў аутабранятанкавым батальёнам 43-й аўтабранятанкавай брыгады Беларускай ваеннай акругі. У чэрвені 1940 г. прызначаны начальнікам штаба 7-га разведачнага батальёна 7-й танкавай дывізіі (Беласток). З 15 чэрвеня 1941 г. узначальваў штаб 100-га танкавага палка 50-й танкавай дывізіі (Харкаў).
У час Вялікай Айчыннай вайны у складзе дывізіі з ліпеня 1941 г. удзельнічаў у баях пад Бабруйскам і Магілёвам. Са жніўня 1941 г. ваяваў пад Гомелем і Бранскам. З лістапада 1941 г. камандаваў танкавым батальёнам.
Міхаіл Дзянісавіч Шастакоў асабліва вызначыўся ў Харкаўскай бітве ў маі 1942 г. У першы дзень савецкага наступу на Харкаўскім напрамку танкавы батальён капітана Шастакова фарсіраваў раку, захапіў два вузлы праціўніка бліз сяла Непакрытае Валчанскага раёна Харкаўскай вобласці, узяў шмат палонных. Пры адбіцці контратакі капітан М.Д. Шастакоў знішчыў чатыры гарматы і загінуў у гэтым баі.
У 1942 г. за ўзорнае выкананне баявых заданняў камандавання на фронце барацьбы з нямецка-фашысцкімі захопнікамі і праяўленыя пры гэтым мужнасць і гераізм Міхаілу Дзянісавічу Шастакову пасмяротна прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.
Імя Героя носіць сярэдняя школа в. Нача Крупскага раёна Мінскай вобласці.
Пераклад 2021 г. матэрыялаў інтэрнэт-праекта «Герои страны».