Краткая справка:
спартсмен (гімнастыка спартыўная), заслужаны майстар спорту СССР і Беларусі, шасцікратны чэмпіён ХХVлетніх Алімпійскіх гульняў (1992, Барселона), чатырохкратны бронзавы прызёр ХХVІ летніх Алімпійскіх гульняў (1996, Атланта), мнагакратны чэмпіён свету, Еўропы і СССР
Имена на других языках:
Scherbo Vitaly (не определен); Щербо Виталий Венедиктович (русский);
2541 символ
Справка
Віталь Шчэрба нарадзіўся ў Мінску. Яго бацькі з’яўляліся майстрамі спорту па акрабатыцы, аднак маці Віталя – Валянціна Мікалаеўна – хацела, каб хлопчык стаў дыпламатам і аддала сына ў школу з паглыбленым вывучэннем замежных моў. Выдатная памяць дазваляла Віталю мець шмат вольнага часу. Каб хлопчык стаў больш дысцыплінаваным, яго прывялі ў гімнастычную залу.
Трэнер па спартыўнай гімнастыцы Леанід Выдрыцкі з неахвотай прыняў хлопчыка да сябе, бо знешне Віталь не быў падобны на гімнаста. Аднак у скорым часе Леанід Фёдаравіч быў здзіўлены: сямігадовы хлопчык падцягваўся 10 разоў на перакладзіне, умеў рабіць шэраг акрабатычных скачкоў і піруэтаў. Праз некалькі гадоў Віталь Шчэрба выконваў праграму першага разраду па спартыўнай гімнастыцы і стаў трэніравацца ў Рэспубліканскай спартыўнай школе-інтэрнаце пад кіраўніцтвам Леаніда Філіпёнка і Сяргея Шынкара.
У 1986 г. Віталь паспяхова выступіў на маладзёжным першынстве СССР і звярнуў на сябе ўвагу галоўнага трэнера маладзёжнай зборнай Мікалая Андрыянава. Праз тры гады беларускі спартсмен увайшоў у склад зборнай СССР. У 1990 г. Віталь Шчэрба заваяваў тры залатыя ўзнагароды чэмпіянату Еўропы. У гэтым жа годзе на Гульнях добрай волі ў Сіэтле ён выйграў абсалютнае першынство, стаў лепшым у практыкаваннях на перакладзіне і апорным скачку.
На чэмпіянаце свету 1991 г. Віталь Шчэрба заваяваў залатую, тры сярэбраныя і бронзавую ўзнагароды, праз год спартсмен стаў чэмпіёнам свету ў практыкаваннях на кані і кольцах, заваяваў сярэбраны медаль у вольных практыкаваннях.
Летам 1992 г. Віталь Шчэрба стаў трыумфатарам ХХV летніх Алімпійскіх гульняў. Спартсмен быў лепшым у мнагаборстве, апорным скачку, практыкаваннях на кані, брусах і кольцах. Яшчэ адзін залаты медаль гімнаст заваяваў у камандных спаборніцтвах. Міжнародны алімпійскі камітэт назваў Віталя Шчэрбу лепшым спартсменам 1992 г.
Пасля заканчэння Алімпіяды беларускі гімнаст прадоўжыў выдатна выступаць на міжнародных спаборніцтвах і заваяваў золата, серабро і бронзу чэмпіянату свету 1996 г.
На ХХVІ летніх Алімпійскіх гульнях Віталь Шчэрба выступаў у складзе нацыянальнай зборнай Беларусі і стаў бронзавым прызёрам у мнагаборстве, апорным скачку, практыкаваннях на перакладзіне і брусах.
У 1998 г. пасля завяршэння спартыўнай кар’еры Віталь Венядзіктавіч адкрыў у Лос-Анджэлесе сваю гімнастычную школу, дзе займаецца падрыхтоўкай юных спартсменаў.
Даведка падрыхтавана на аснове матэрыялаў сайта Нацыянальнага алімпійскага камітэта Рэспублікі Беларусь у 2019 г.