Значны ўклад у развіццё горадабудаўніцтва Беларусі ўнесла вядомы архітэктар і таленавіты выкладчык Ірына Антонаўна Іода.
Нарадзілася яна ў Мінску. Пасля заканчэння Мінскага архітэктурна-будаўнічага тэхнікума ў 1952 г. была накіравана на працу інжынерам райкамунгаса ў г. п. Карма Гомельскай вобласці. Пад яе кіраўніцтвам у пасёлку быў узведзены першы двухпавярховы цагляны будынак, адрамантавана гарадская баня і інш. У 1953–1959 гг. І.А. Іода вучылася на архітэктурным аддзяленні будаўнічага факультэта Беларускага політэхнічнага інстытута (цяпер Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт). Сярод выкладчыкаў, якія аказалі вялікі ўплыў на яе прафесійны рост і інтарэсы, былі вядомыя архітэктары і мастакі А.П. Воінаў, У.А. Кароль, І.В. Ахрэмчык, Н.Я. Трахтэнберг і інш. Дзякуючы ім сваю далейшую прафесійную дзейнасць звязала з горадабудаўніцтвам.
Пасля заканчэння навучання І.А. Іода пачала працаваць у інстытуце «Мінгарпраект» (з 1961 г. – «Мінскпраект»). Потым з’яўлялася малодшым навуковым супрацоўнікам Інстытута будаўніцтва і архітэктуры АН БССР (1962–1964), загадчыкам аддзела планіроўкі населеных месцаў і тэрыторый Беларускага дзяржаўнага навукова-даследчага і праектнага інстытута горадабудаўніцтва (1981–1990). У складзе аўтарскіх калектываў удзельнічала ў распрацоўцы больш за 40 праектна-практычных работ, у тым ліку генеральнага плана Мінска (1965), праектаў дэталёвай планіроўкі жылых раёнаў у Жлобіне, Слуцку, Брэсце, генеральнай схемы комплекснай тэрытарыяльнай арганізацыі БССР (1987) і інш.
Адначасова з праектнай І.А. Іода займалася навуковай і выкладчыцкай дзейнасцю. У 1968 г. абараніла кандыдацкую дысертацыю на тэму «Вопросы исследования связей городского центра в планировочной структуре города (на примере развивающихся малых и средних городов Белоруссии)», у 1987 г. – доктарскую на тэму «Градостроительное формирование крупных территориальных систем (в условиях БССР)». Працавала ў Беларускім політэхнічным інстытуце асістэнтам, старшым выкладчыкам архітэктурных дысцыплін, дацэнтам і намеснікам загадчыка кафедры «Горадабудаўніцтва» (1967–1981), з 1990 па 2012 г. займала пасаду прафесара кафедры. У 1984–2003 гг. выкладала таксама на архітэктурным факультэце Беластоцкага політэхнічнага інстытута (Польшча).
Асноўныя кірункі дзейнасці І.А. Іоды – тэорыя, метадалогія і практыка планіроўкі і забудовы гарадоў і буйных тэрытарыяльных утварэнняў, методыка выкладання горадабудаўнічых дысцыплін. Яна аўтар больш за 180 навуковых і навучальна-метадычных работ, сярод якіх – «Основы градостроительства (теория, методология)» (1983), «Градостроительство Белоруссии» (1988, у суаўтарстве), «Градостроительство и территориальная планировка: понятийно-терминологический словарь» (1999, у суаўтарстве), «Основы градостроительства и территориальной планировки» (2003, у суаўтарстве), «Теоретические основы архитектуры» (2015, у суаўтарстве) і інш. З’яўлялася нацыянальным каардынатарам і кіраўніком рабочай групы па падрыхтоўцы справаздачы для ААН «Беларусь: среда для человека» (1996), удзельнічала ў распрацоўцы Закона Рэспублікі Беларусь «Об основах архитектурной и градостроительной деятельности в Республике Беларусь» (1993), «Градостроительной хартии СНГ» (1997), «Градостроительной доктрины Республики Беларусь» (2003) і інш. Узначальвала Савет па абароне дысертацый у галіне архітэктуры, была членам Саюза архітэктараў Беларусі, замежным членам Расійскай акадэміі архітэктуры і будаўнічых навук, членам Беларускага аб’яднання архітэктараў і навуковых работнікаў будаўніцтва, членам-карэспандэнтам Беларускага акадэмічнага цэнтра Міжнароднай акадэміі архітэктуры, ганаровым прафесарам Паўночна-Заходняга архітэктурна-будаўнічага інстытута Кітайскай Народнай Рэспублікі і інш. За комплекс даследаванняў па тэорыі архітэктуры І.А. Іода ўзнагароджана Дзяржаўнай прэміяй Рэспублікі Беларусь (2000), прэміяй імя У.А. Караля (1999), прэміямі фестываляў архітэктуры Беларусі, медалём і граматай біенале па архітэктуры (Сафія, 1985, 2000).
Матэрыял падрыхтаваны ў 2022 г.