Адзін з самых яркіх прадстаўнікоў беларускай опернай сцэны Міхаіл Афанасьевіч Дружына валодаў добрымі сцэнічнымі данымі, голасам шырокага дыяпазону, які з гадамі не страціў сваёй глыбіні. Спявак жыў музыкай, песняй, мастацтвам. Ён удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, за мужнасць і гераізм узнагароджаны ордэнамі і медалямі.
Нарадзіўся М. Дружына ў в. Курылаўка Днепрапятроўскай вобласці (Украіна) у сям’і каваля. Марыў стаць настаўнікам. Перад самай вайной скончыў Днепрадзяржынскі педагагічны тэхнікум, працаваў выратавальнікам на Дняпры. 10 жніўня 1941 г. быў прызваны ў армію, накіраваны ў Тамбоўскае лётнае вучылішча. Потым яго як аднаго з лепшых пілотаў перавялі ў Бугурусланскае лётнае вучылішча. Лятаць на баявыя заданні яму не давялося, працаваў інструктарам, вучыў маладых лётчыкаў. У 1944 г. вучылішча ў поўным складзе накіравалі ў Польшчу, у 6-ю паветраную армію. Пасля вызвалення Варшавы служыў на аэрадроме ў г. Радаме, займаў пасаду лётчыка-інструктара. У 1948 г. вярнуўся ў Беларусь. Службу прадоўжыў у 96-м штурмавым авіяцыйным палку. Хоць пра прафесію спевака спачатку нават не думаў, песня была з ім усюды. Яшчэ на фронце з сумам запяваў у памяць таварышаў, якія загінулі, саліраваў у дывізіённай самадзейнасці і перад салдацкім строем нават у самы моцны мароз. У 1950 г. у Мінску праходзіў агляд самадзейнасці ўсіх воінскіх калектываў, пасля якога камандуючы 26-й паветранай арміяй прапанаваў М. Дружыне паступаць у Беларускую дзяржаўную кансерваторыю (цяпер Беларуская акадэмія музыкі). Каб лятаць і вучыцца спяваць адначасова быў пераведзены ў Мінск. На падрыхтоўчым курсе з ім займаўся вядомы беларускі кампазітар П. Падкавыраў, на першым курсе – славуты спявак, артыст і педагог Я. Віцінг. У 1952 г. пасля сумесных вучэнняў войск Варшаўскага дагавора для вышэйшага кіраўніцтва быў арганізаваны канцэрт. Для ўдзелу ў ім М. Дружыну вызвалі з водпуску з Украіны. Пасля таго, як ён праспяваў “Песню варажскага госця”, “Куплеты Мефістофеля”, “Дзіўлюся я на неба” (на ўкраінскай мове), Г. К. Жукаў падзякаваў і даў параду стаць оперным спеваком. Так М. Дружына атрымаў наказ на будучае творчае жыццё ад самога маршала Савецкага Саюза. Пасля заканчэння Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі (1956) (да гэтага часу скончылася кар’ера ваеннага лётчыка) быў запрошаны народнай артысткай СССР і БССР Л. Александроўскай у Дзяржаўны тэатр оперы і балета (цяпер Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь) у якасці саліста.
Найбольш значныя ў рэпертуары спевака партыі з класічных опер: Сусаніна (“Іван Сусанін” М. Глінкі), Млынара (“Русалка” А. Даргамыжскага), Пімена (“Барыс Гадуноў” М. Мусаргскага), Канчака (“Князь Ігар” А. Барадзіна), цара Дадона, Сабакіна (“Залаты пеўнік”, “Царская нявеста” М. Рымскага-Корсакава), Агамемнана (“Арэстэя” С. Танеева), Мамырава, Кічыгі (“Чарадзейка” П. Чайкоўскага), Мефістофеля (“Фауст” Ш. Гуно), Дона Базіліо (“Севільскі цырульнік” Дж. Расіні), Інквізітара (“Дон Карлас” Дж. Вердзі), Стольніка (“Галька” С. Манюшкі), Камандора (“Дон Жуан” В. А. Моцарта). Выступаў у операх беларускіх кампазітараў: Гадлеўскі (“Яснае світанне” А. Туранкова), Прафесар, Ракоўскі (“Калючая ружа”, “Новая зямля” Ю. Семянякі), Палкоўнік (“Надзея Дурава” А. Багатырова), Нямецкі палкоўнік (“Андрэй Касценя” М. Аладава), Найміт (“Сівая легенда” Д. Смольскага), Начальнік штаба (“Сцежкаю жыцця” Г. Вагнера). Асабліва блізкія для яго лірыка-драматычныя вобразы.
У даволі сталым узросце М. Дружына працягваў выступаць на сцэне тэатра, іграць харызматычныя рознахарактарныя вобразы. 2 чэрвеня 2006 г., у дзень святкавання 50-годдзя творчай дзейнасці, выканаў партыю Дасіфея ў оперы “Хаваншчына” М. Мусаргскага. Гэта адна з вяршынь басовага рэпертуару, увасабленне магутнасці і мудраcці. У 2008 г. стаў уладальнікам вышэйшай узнагароды Саюза тэатральных дзеячаў Беларусі “Крыштальная Паўлінка”.
Выдатны оперны спявак М. Дружына і ў сталым узросце прымаў удзел у канцэртах, здзіўляў гучаннем велічнага, магутнага, шырокага славянскага баса. Разам з А. Сіняўскай рэалізаваў праект “Музыка – наша жыццё” (сольны вечар у Беларускай дзяржаўнай філармоніі). З задавальненнем спяваў для вяскоўцаў. Шмат гадоў выступаў у складзе вядомага народнага вакальнага ансамбля ветэранаў Узброеных Сіл “Памяць сэрца”.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2012 г., адрэдагаваны ў 2020.