Дрывоцінаў Барыс Уладзіміравіч нарадзіўся ў г. Вольск Саратаўскай вобласці ў сям’і ваенаслужачага. У 1940 г. паступіў у Тамбоўскае ваеннае вучылішча. У час Вялікай Айчыннай вайны атрымаў цяжкае раненне і быў дэмабілізаваны. У 1945 г. паступіў у Саратаўскі медыцынскі інстытут, на трэцім курсе пераведзены ў Мінскі медыцынскі інстытут. Вучобу сумяшчаў з працай намесніка старшыні прафкама інстытута. Пасля атрымання дыплома быў клінічным ардынатарам на кафедры нервовых і нейрахірургічных хвароб. З 1954 па 1957 г. вучыўся ў аспірантуры. У 1958 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму «О некоторых клинических особенностях инфекционной хореи». З 1957 па 1966 г. працаваў асістэнтам кафедры нервовых і нейрахірургічных хвароб, адначасова з 1958 па 1964 г. – галоўным урачом 2-й аб’яднанай клінічнай бальніцы Мінска. У 1966–1974 гг. быў дацэнтам кафедры. У 1973 г. абараніў доктарскую дысертацыю на тэму «Клиника и патогенез неврологических нарушений при грыжах поясничных межпозвонковых дисков». У 1974–2012 гг. – прафесар кафедры нервовых і нейрахірургічных хвароб Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта.
Барыс Уладзіміравіч – аўтар больш за 500 навуковых прац, прысвечаных хваробам перыферычнай нервовай сістэмы, астэахандрозу пазваночніка, рэўматызму мозга ў дзяцей, выкарыстанню вылічальных метадаў і аўтаматызаваных сістэм для ранняй дыягностыкі і інш. Сярод іх – «Неврологические нарушения при поясничном остеохондрозе» (1979), «Прогнозирование и диагностика дискогенного пояснично-крестцового радикулита» (1982, у суаўтарстве), «Поражения нервной системы при эндокринных болезнях» (1989, у суаўтарстве), «Физическая реабилитация при неврологических проявлениях остеохондроза позвоночника» (2005, у суаўтарстве) і інш. Вучоны садзейнічаў развіццю новага кірунку ў неўралогіі, звязанага з распрацоўкай і абгрунтаваннем аўтаімуннага патагенезу астэахандрозу пазваночніка, вывучэннем яго клінічных праяўленняў. Дзякуючы яму у неўралогіі пачалі прымяняць кібернэтычныя метады дыягностыкі і прагназавання хвароб нервовай сістэмы.
Дрывоцінаў Б. У. актыўна займаўся грамадскай дзейнасцю: быў членам Праблемнай камісіі Акадэміі медыцынскіх навук СССР па вывучэнні захворванняў перыферычнай нервовай сістэмы, членам праўлення Усесаюзнага таварыства неўрапатолагаў і псіхіятраў, членам вучоных саветаў Беларускага навукова-даследчага інстытута неўралогіі, нейрахірургіі і фізіятэрапіі, Беларускага інстытута ўдасканалення ўрачоў, Інстытута фізіялогіі Акадэміі навук БССР.
Вучоны ўзнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны I ступені, «Знак Пашаны», медалямі, значкамі «Выдатнік аховы здароўя СССР», «Выдатніку санітарнай абароны СССР» і інш. У 1994 г. стаў лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі Беларусі.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2022 г.