Дэбіш Васіль Іосіфавіч нарадзіўся ў в. Шамятоўка Свіслацкага раёна Гродзенскай вобласці ў сялянскай сям’і. Пасля заканчэння сярэдняй школы ў 1979 г. працаваў на чыгунцы, шафёрам у калгасе “Гнезна” Ваўкавыскага раёна. З 1980 па 1982 гг. служыў у арміі ў горадзе Кушка (Туркменістан). Пасля дэмабілізацыі вучыўся ў Мінскім інстытуце культуры (цяпер Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў) па спецыяльнасці культурна-асветніцкая работа. Працаваў дырэктарам клуба Брэсцкага мясакамбіната, з 1990 г. выхавацелем у Брэсцкім прафесіянальна-тэхнічным каледжы сферы абслугоўвання. Жыве і працуе ў Брэсце.
Васіль Дэбіш пачаў пісаць вершы з дванаццаці гадоў на рускай мове. Яшчэ школьнiкам друкаваўся ў Ваўкавыскай раённай газеце. Творы на беларускай мове з’явіліся ў студэнцкія гады. Вялікі ўплыў на творчасць аказалі выкладчыкі кафедры беларускай мовы і літаратуры інстытута культуры, а таксама паэтэса Яўгенія Янішчыц. Нямалае ўздзеянне зрабіла і акружэнне. У тыя гады ў інстытуце культуры вучыўся будучы празаік Андрэй Федарэнка, з якім В. Дэбіш сябраваў. У iнтэрнат часта прыходзілі маладыя літаратары Анатоль Сыс, Міхась Скобла і інш. Яны ўсе разам абмяркоўвалі вершы, ладзілі выступленні.
Упершыню творы В. Дэбіша былі надрукаваны ў 1987 г. у часопісе “Маладосць”. Ён таксама публікаваўся ў штотыднёвіку “Літаратура і мастацтва”, часопісе “Беларусь”, альманаху “Дзень паэзіі”, зборніках “Матчына слова”, “Берасцейскія карані”, “Паўлюк Багрым”. У 1992 г. у серыі «Бібліятэка часопіса “Маладосць”» сумесна з братам А. Дэбiшам выдаў зборнік “Белыя птахі”, куды ўвайшлі яго вершы. Значную падтрымку літаратару аказалі брэсцкія паэты Алесь Каско і Ніна Мацяш, якія сталі рэдактарамі першых яго кніг. Па іх рэкамендацыі ў 1993 г. малады паэт адзінагалосным рашэннем быў прыняты ў Саюз пісьменнікаў Беларусі.
Васіль Дэбіш – тонкі лірык. У яго вершах адлюстраваны пачуццёва-рамантычны свет чалавека, які сумуе па чулых, далікатных, шляхетных адносінах паміж людзьмі; асэнсоўваюцца побыт і духоўныя крыніцы жыцця, боль за панявечаную памяць. Звяртаецца ён і да міфалогіі. Васіль Дэбіш аўтар зборнікаў вершаў “Белыя птахі” (1992), “Лісты да Марыі” (1996), “Каханне з чыстыми вычыма” (2002). У 2012 г. выйшаў у свет новы зборнік паэта “Праз дождж”.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2012 г. Брэсцкай цэнтральнай гарадской бібліятэкай імя А.С. Пушкіна.