Краткая справка:
вучоны-геолаг, заснавальнік рускай геалагічнай навуковай школы, грамадскі дзеяч, акадэмік НАН Беларусі, АН СССР, Пецярбургскай АН, шматлікіх замежных АН
Имена на других языках:
Карпинский Александр Петрович (русский);
2942 символа
Справка
За значны ўклад у развіццё расійскай навукі ў ХІХ – першай палове ХХ ст. Аляксандра Пятровіча Карпінскага называлі «бацькам рускай геалогіі» і «усесаюзным старастам навукі». Таксама ён быў адным з акадэмікаў-заснавальнікаў Беларускай акадэміі.
Нарадзіўся будучы вучоны ў сям’і патомнага горнага інжынера ў пасёлку Тур’інскія руднікі Пермскай губерні (цяпер г. Краснатур’інск, Свярдлоўская вобласць, Расія). У адзінаццацігадовым узросце па сямейнай традыцыі паступіў у Горны інстытут у Санкт-Пецярбургу. Навучанне праходзіў у вядомых вучоных таго часу Р. П. Гельмерсена, В. Г. Ерафеева, П. А. Пузырэўскага і інш. У 1866 г. скончыў адукацыю з малым залатым медалём у чыне паручніка і званні горнага інжынера. Быў накіраваны на працу ў Златаустаўскую горную акругу ў якасці памочніка геолага Г. Д. Раманоўскага і наглядчыка Міаскіх залатых промыслаў.
У 1867 г. А. П. Карпінскі вярнуўся ў Горны інстытут. Прызначаны ад’юнктам прафесара М. П. Барбота дэ Марні, з 1877 г. – прафесарам, загадчыкам кафедры. Праводзіў даследаванні ў галіне палеанталогіі і стратыграфіі, тэктонікі і палеагеаграфіі, петраграфіі і металагеніі, геалогіі карысных выкапняў. Вучоны аўтар больш за 300 навуковых прац, сярод якіх: «Анамезит в Европейской России» (1873), «Геологические исследования в Оренбургском крае» (1874), «Описание главнейших горных пород» (1876), «Материалы для изучения способов петрографических исследований» (1885), «Об аммонеях артинского яруса и некоторых сходных с ними каменноугольных формах» (1890), «О трохилисках» (1906), «Очерки геологического прошлого Европейской России» (1919) і інш. Склаў зводныя геалагічныя карты Урала і Еўрапейскай часткі СССР, якія ахоплівалі ў тым ліку і цяперашнюю тэрыторыю Беларусі. Таксама на працягу 30 гадоў вучоны чытаў у інстытуце курсы лекцый па ўсіх асноўных геалагічных дысцыплінах.
У 1882 г. А. П. Карпінскі стаў адным з заснавальнікаў Геалагічнага камітэта (з 1885 г. – дырэктар, у 1903–1929 гг. – ганаровы дырэктар). У 1886 г. абраны ад’юнктам Санкт-Пецярбургскай акадэміі навук (з 1889 г. – экстраардынарны акадэмік, з 1896 г. – ардынарны акадэмік), у 1917 г. – прэзідэнтам Расійскай акадэміі навук (у 1925–1936 гг. прэзідэнт Акадэміі навук СССР). У 1899–1936 гг. з’яўляўся прэзідэнтам Расійскага мінералагічнага таварыства, старшынёй Геалагічнага аддзялення Санкт-Пецярбургскага таварыства прыродазнаўцаў і інш. За выдатныя дасягненні ў справе вывучэння геалогіі даследчык быў узнагароджаны Канстанцінаўскім медалём Рускага геаграфічнага таварыства (1892), прэміяй імя Ж. Кюўе Французскай акадэміі навук (1922).
Памёр вучоны 15 ліпеня 1936 г. у Маскве. Пахаваны ў някропалі Маскоўскага Крамля. У 1946 г. Акадэмія навук СССР заснавала прэмію і залаты медаль імя А. П. Карпінскага, што прысуджаюцца за адметныя працы ў галіне геалогіі. Яго імем названы горад у Свярдлоўскай вобласці, вулкан на востраве Парамушыр (Курыльскія астравы), гара на Паўночным Урале і інш.