Беларускі вучоны ў галіне інфекцыйных хвароб Вячаслаў Віктаравіч Касмачэўскі нарадзіўся ў Ташкенце ў сям'і служачага. У 1908 г. паступіў у Пецярбургскую ваенна-медыцынскую акадэмію. За актыўны ўдзел у рэвалюцыйным руху быў адлічаны. У 1914 г. В.В. Касмачэўскі скончыў медыцынскі факультэт Юр'еўскага ўніверсітэта. У Першую сусветную вайну дэмабілізаваны ў дзеючую армію. У 1914–1917 гг. з'яўляўся старэйшым урачом 2-га Туркестанскага стралковага батальёна. Са снежня 1917 г. працаваў ардынатарам ваеннага шпіталя ў Самаркандзе. У 1919–1926 гг. загадваў гарадскім аддзелам аховы здароўя Самарканда. З 1926 па 1934 г. быў асістэнтам кафедры інфекцыйных хвароб Ташкенцкага медыцынскага інстытута, дзе займаўся навукова-даследчай і педагагічнай работай. У 1934 г. за комплекс навуковых прац у галіне інфекцыйных хвароб (без абароны дысертацыі) В.В. Касмачэўскаму прысуджана вучоная ступень кандыдата медыцынскіх навук і прысвоена званне дацэнта. У гэтым жа годзе ён пераехаў у Мінск, дзе заняў пасаду дырэктара інфекцыйнай клінікі, загадчыка кафедры інфекцыйных хвароб Мінскага медыцынскага інстытута. У 1938 г. вучонаму прысвоена званне прафесара, а ў 1941 г. В.В. Касмачэўскі стаў доктарам медыцынскіх навук. У час Вялікай Айчыннай вайны быў ваенным урачом. У 1943 г. адазваны ў Яраслаўль для удзелу ў аднаўленні Беларускага медыцынскага інстытута і прызначаны загадчыкам кафедры інфекцыйных хвароб. У 1944 г. вярнуўся разам з інстытутам у Мінск і загадваў кафедрай да 1951 г. Адначасова быў загадчыкам кафедры інфекцыйных хвароб Беларускага інстытута ўдасканалення ўрачоў, якой кіраваў да 1955 г. З 1953 па 1955 г. з'яўляўся галоўным тэрапеўтам Міністэрства аховы здароўя БССР. З 1955 па 1966 г. загадваў кафедрай інфекцыйных хвароб Ленінградскага санітарна-гігіенічнага інстытута.
Навуковыя даследаванні В.В. Касмачэўскага прысвечаны шырокаму спектру праблем патагенезу, клінікі, дыягностыкі, лячэння і прафілактыкі інфекцыйных захворванняў. У перыяд працы ў Беларусі вывучаў дызентэрыю ( «Лечение и питание больных бациллярной дизентерией», 1937), апублікаваў брашуру («Дызентэрыя і барацьба з ёю», 1936). Значны навуковы інтарэс прадстаўляюць даследаванні вучонага па сератэрапіі, прафілактыцы і лячэнні яе ўскладненняў («Сывороточное лечение скарлатины» (1938)). Асобныя даследаванні прысвяціў пытанням малярыі («К вопросу о врожденной малярии» (1939), «Клинические проявления маскированной малярии» (1939), «Что каждый должен знать о малярии» (1948) і інш.). Распрацаваў методыку прафілактыкі і лячэння сываратачнай хваробы і анафілактычнага шоку сімпатамімецынам («Симпатомиметиновая терапия и профилактика сывороточной болезни и анафилактического шока», 1941). Гэтай праблеме прысвяціў доктарскую дысертацыю і манаграфію «Лечение и профилактика сывороточной болезни и анафилактического шока симпатомиметином» (1947). Вывучаў клінічныя праяўленні тулярэміі, прымаў удзел у першых клінічных выпрабаваннях жывой тулярэмійнай вакцыны («Итоги первых клинических испытаний туляремийной живой вакцины Гайского» (1944), «Особенности клинического течения туляремии» (1947). Ужываў біяхінол пры лячэнні шкарлятыны («Лечение скарлатинозных некротических ангин биохинолом», 1946), прапанаваў клінічную класіфікацыю шкарлятыны ( «Клиническая классификация скарлатины», 1948). Вучоны з'яўляецца аўтарам больш за 100 навуковых прац, у тым ліку кароткіх дапаможнікаў практычнаму ўрачу «Диагностика и лечение брюшного тифа и паратифов» (1947), «Бруцеллез» (1949) і інш.
На працягу ўсёй навуковай дзейнасці В.В. Касмачэўскі вялікую ўвагу ўдзяляў грамадскай рабоце. З'яўляўся старшынёй Беларускага навуковага таварыства эпідэміёлагаў, мікрабіёлагаў і інфекцыяністаў, членам праўлення Усесаюзнага навуковага таварыства эпідэміёлагаў, мікрабіёлагаў і інфекцыяністаў, старшынёй Вучонага медыцынскага савета Міністэрства аховы здароўя БССР. Прымаў удзел у падрыхтоўцы і правядзенні рэспубліканскіх з'ездаў і навуковых канферэнцый. Вучоны ўзнагароджаны ордэнамі Чырвоная Зорка, «Знак Пашаны», медалямі, ганаровымі граматамі.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2018 г.