Дата рождения:
31.10.1942 Вялікае Сяло, в., Лідскі раён, Гродзенская вобласць
Дата смерти:
10.07.2009
Краткая справка:
вучоны-гісторык, педагог, выдатнік адукацыі Беларусі
Имена на других языках:
Ковкель Иван Иванович (русский);
2211 символ
Справка
Вядомы гісторык і краязнавец, даследчык палітычных партый і грамадскіх рухаў у Беларусі канца ХІХ – пачатку ХХІ ст. Іван Іванавіч Коўкель унёс значны ўклад у развіццё гістарычнай навукі.
Нарадзіўся ён у в. Вялікае Сяло Лідскага раёна Гродзенскай вобласці ў сялянскай сям’і. Пасля заканчэння сярэдняй школы ў Жырмунах (Воранаўскі раён) у 1960 г. паступіў на гісторыка-філалагічны факультэт Гродзенскага педагагічнага інстытута імя Я. Купалы (цяпер Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Я. Купалы). Актыўна далучыўся да даследчай дзейнасці, стаў пераможцам на ўсесаюзным конкурсе студэнцкіх навуковых работ. Пасля заканчэння інстытута працаваў настаўнікам гісторыі, беларускай мовы і літаратуры ў школах Воранаўскага раёна. У 1969–1972 гг. вучыўся ў аспірантуры на кафедры гісторыі БССР Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Потым працаваў у Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Я. Купалы выкладчыкам, старшым выкладчыкам, дацэнтам кафедры гісторыі СССР і Беларусі, прафесарам. У 1979 г. вучоны абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму «Политическое банкротство националистической контрреволюции в Белоруссии (1919–1925 гг.)». У 1986–1991 гг. І.І. Коўкель загадваў кафедрай грамадскіх навук Гродзенскага абласнога інстытута ўдасканалення настаўнікаў.
Вучоны даследаваў нацыянальны рух у Беларусі ў 1920–1930-я гг., гісторыю Гродзеншчыны, распрацоўваў навукова-метадычнае зябеспячэнне курса гісторыі Беларусі. Ён аўтар больш за 250 навуковых прац, сярод якіх – гісторыка-эканамічныя нарысы «Сморгонь» (1984), «Мосты» (1986), «Гродно» (1988, усе ў суаўтарстве); вучэбныя дапаможнікі «История Беларуси» (1997), «История Беларуси с древнейших времен до нашего времени» (1998, у суаўтарстве), «Гісторыя Беларусі з 1795 г. да вясны 1917 г.» (2001, у суаўтарстве), «Гісторыя Беларусі, XIX – пачатак XXI ст.» (2006, у суаўтарстве) і інш. Іван Іванавіч з’яўляўся актыўным удзельнікам таварыства «Веды», Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры. За плённую навуковую, педагагічную і грамадскую дзейнасць быў удастоены знака «Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь», узнагароджаны ганаровымі граматамі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, рэктарата ўніверсітэта, таварыства «Веды».