Валянцін Акімавіч Краўцоў нарадзіўся ў пасёлку Шырачанка Краснадарскага краю (Расія). З 1930 па 1933 г. ён працаваў у Беларускім рабочым тэатры. Гэты тэатральны калектыў існаваў у Мінску ў 1928–1933 гг. Узнік на базе драматычнага гуртка бухгалтарскіх курсаў пад назвай «Наш тэатр». У 1930 г. быў пераўтвораны ў Беларускі рабочы тэатр імя Цэнтральнага cавета прафсаюзаў Беларусі (ЦСПСБ). З мая 1930 г. тэатр існаваў як вандроўны, на яго сцэне ішлі спектаклі «Босыя на вогнішчы» паводле паэмы М. Чарота, «Будні» І. Гурскага, «Шляхамі рознымі» У. Стэльмаха, «На стыку» Ц. Гартнага, «Гірт з воўчага логу» Я. Райніса і інш. Менавіта ў гэтым тэатры В. Краўцоў зрабіў першыя крокі на шляху станаўлення як акцёра. Малады выканаўца іграў у многіх пастаноўках, ствараючы пераканаўчыя, сцэнічна выразныя вобразы, выяўляючы асаблівасці свайго таленту.
У 1930-я гг. у мастацтва прыйшлі новыя творцы, сярод якіх было шмат моладзі. Акцёры БДТ-1 (Беларускі тэатр імя Я. Купалы, цяпер Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Я. Купалы), які перажываў перыяд уздыму, не былі выключэннем: пераважная большасць з іх – моладзь без тэатральнага і жыццёвага вопыту, затое з вялікай энергіяй і энтузіязмам, непахіснай верай у сваю місію ствараць, здзяйсняць. Папаўненне прыйшло ў тэатр з розных крыніц, у тым ліку з іншых тэатраў Беларусі. Сярод іх быў і В. Краўцоў, выканаўца характарных драматычных роляў, які пачаў працаваць у тэатры з 1933 г. Адметнай рысай яго артыстычнага таленту была так званая адмоўная абаяльнасць, што надавала створаным ім вобразам заглыблены псіхалагізм і кідкі вонкавы малюнак.
Адным з лепшых спектакляў аб Вялікай Айчыннай вайне быў «Канстанцін Заслонаў» паводле А. Маўзона (1947), якому была прысуджана Дзяржаўная прэмія СССР (1948). Валянцін Краўцоў стварыў у ім вобраз моцнага і небяспечнага ворага, фашыста Гамера. Акцёру ўдалося пазбегнуць схематычнага паказу гітлераўца, знайсці канкрэтныя, індывідуальныя рысы, якія рабілі вобраз жывым. У творы «Цытадэль славы» К. Губарэвіча (1950) драматург зрабіў першую ў савецкай літаратуры спробу расказаць аб бессмяротным подзвігу гарнізона Брэсцкай крэпасці. В. Краўцоў у аднайменным спектаклі таксама ўвасобіў вобраз ворага, начальніка штаба Траўбэ. Акцёр знайшоў правільны, жыццёва пераканаўчы шлях для трактоўкі гэтага персанажа. Глядач бачыў перад сабой небяспечнага і каварнага праціўніка, і разам з тым, у паводзінах прадстаўнікоў варожага лагера можна было прадбачыць іх бясслаўны канец.
Спробу паказаць працэс усё больш актыўнага ўключэння працоўных капіталістычных краін у барацьбу за мір зрабіў драматург А. Макаёнак у п'есе «На досвітку» з жыцця сучаснай Францыі (1952). Адным з тых, хто прадстаўляў у спектаклі найбольш рэакцыйную сілу, сілу вайны, быў персанаж пастаноўкі Джонсан, ролю якога выканаў В. Краўцоў.
Сярод іншых роляў акцёра – Скіба, Шуфт («Партызаны», «З народам» К. Крапівы), Лук'ян Рабічка («Пагібель воўка» Э. Самуйлёнка), Калібераў, Глуздакоў («Выбачайце, калі ласка!», «Лявоніха на арбіце» А. Макаёнка), Вішнеўскі, Дародны («Даходнае месца», «Позняе каханне» А. Астроўскага), Лешч («Апошнія» М. Горкага), Капулеці («Рамэа і Джульета» У. Шэкспіра) і інш. Персанажы, якія ўвасабляў В. Краўцоў, вызначаліся мастацкай дакладнасцю, сацыяльнай значнасцю і пераканаўчасцю.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2012 г.