Дата рождения:
25.05.1937 Ямнае, в., Рагачоўскі раён, Гомельская вобласць
Дата смерти:
19.09.2004
Краткая справка:
пісьменнік, лаўрэат Літаратурнай прэміі імя А. Куляшова (1996), Літаратурнай прэміі імя У. Калесніка (2007)
Варианты имени:
Купрэеў Мікалай Сямёнавіч; Купрэеў Мікола
Имена на других языках:
Купреев Микола (русский); Купреев Николай Семёнович (русский);
2926 символов
Справка
Купрэеў Мікола Сымонавіч нарадзіўся ў вёсцы Ямнае Рагачоўскага раёна Гомельскай вобласці. Пасля вайны сям’я пераехала на Брэстчыну. У 1957 г. М. Купрэеў скончыў Івацэвіцкую сярэднюю школу, а затым факультэт беларускай і рускай мовы і літаратуры Брэсцкага педагагічнага інстытута (1962). Да 1990 г. працаваў настаўнікам у школах Брэсцкай вобласці і ў раённых газетах. У 1994 г. яго прынялі ў Саюз пісьменнікаў. Апошнія гады жыцця М. Купрэеў быў звязаны з Берасцейскім Палессем, думкамі ж заўсёды вяртаўся ў роднае Ямнае – калыску сваёй паэтычнай і вандроўнай душы.
Літаратурную працу М. Купрэеў пачаў у 1957 г. З канца 1980-х гг. яго вершы, паэмы, балады пачалі ўсё часцей з’яўляцца ў перыёдыцы. Першая кніга паэзіі “Непазбежнасць” выйшла ў 1967 г. Яна, у асноўным, складаецца з балад і элегій, і таму ў ёй пераважаюць ціхія, самотныя інтанацыі. Але ў такой ціхай споведзі аўтара заўсёды адчуваюцца тыя грымотныя падзеі, якія пакінулі след на зямлі і ў сэрцы паэта. М. Купрэеў вельмі рэдка звяртаўся да гімнаў, а калі пісаў іх, то прысвячаў роднаму полю, лесу… Хараство прыроды, любаванне ёю і адначасова боль за родны край перадае не адзін верш паэта: “Камень”, “Лістападная балада”, “Журавы не пралятаюць міма”, “Вясна”, “Цішыня”, “Лясныя сполахі”… Вершы М. Купрэева часта вызначаюцца казачнасцю, выкарыстаннем фальклорных матываў і стыляў. Адсюль і любоў да верлібра, балады, элегіі, прытчы. Яго стыхія – ціхія лясныя вёсачкі, дзе яшчэ жывуць народныя песні і легенды. Характэрнымі рысамі паэзіі М. Купрэева з’яўляюцца філасофская глыбіня, спалучэнне метафарычнасці з рэальнасцю, асацыятыўны падтэкст і ў той жа час прастата выказвання. Другі зборнік вершаў аўтар выдаў амаль праз 30 гадоў (“Правінцыйныя фантазіі”, 1995). Ён перадае цесную сувязь чалавека з радзімай, з яе гісторыяй. Менавіта такое яднанне выклікае ў лірычнага героя жаданне жыць, дапамагае пераадолець адзіноту. Паэт пастаянна звяртаецца да вобраза дарогі, героі ж яго вершаў – вечныя вандроўнікі. Часам галоўным героем твора з’яўляецца сам аўтар, яго біяграфія. Асабліва біяграфічнай з’яўляецца паэма М. Купрэева “З сястрой і Уладзімірам Караткевічам на Рагачоўшчыне”. Сустракаюцца ў М. Купрэева і творы пра каханне. І заўсёды гэта чыстае і прыгожае пачуццё, якое валодае ўсёператваральнай сілай.
М. Купрэеў звяртаўся не толькі да вершаваных форм, пісаў таксама і прозу. У 1995 г. была надрукавана яго аповесць “Дзіцячыя гульні пасля вайны”, у 1996 г. – “Імгненне светлае”, у 1997 г. – “На вуліцы Карла Маркса з Паэтам”. Гэта своеасаблівая трылогія напісана на гістарычную тэматыку. Аб’ядноўвае аповесці ўспамін пра трагедыю вайны, цяжкія пасляваенныя гады, роздум аб далейшым жыцці.
Лёс паэта не заўсёды быў міласцівым да яго, але М. Купрэеў заставаўся верным абранаму шляху, свайму адметнаму погляду на жыццё. Яго паэзія, як і сам аўтар, свабодная ад догмаў і штампаў, нечаканая і арыгінальная.