Панцеляймон (свецкае імя Ражноўскі Павел Стафанавіч)
Дата рождения:
02 ці 21 ці 27.10.1867
Дата смерти:
30.12.1950
Краткая справка:
дзеяч Беларускай Праваслаўнай Царквы, мітрапаліт Мінскі і Беларускі (1941–1944), дзеяч беларускага замежжа
Духовные имена:
Пантелеимон (рус.); Панцеляймон
Имена на других языках:
Рожновский Павел Стефанович (русский);
2367 символов
Справка
Павел Стафанавіч Ражноўскі – свецкае імя мітрапаліта Панцеляймона – архіерэя, які адыграў значную ролю ў гісторыі праваслаўнай царквы на Беларусі.
Будучы царкоўны дзеяч нарадзіўся ў г. Кастрама (Расійская Імперыя) у дваранскай сям’і. Пачатковую адукацыю атрымаў у Наўгародскім рэальным вучылішчы. У далейшым вучыўся ў Мікалаеўскім інжынерным ваенным вучылішчы ў Санкт-Пецярбургу, служыў у сапёрным батальёне ў Вільні. У 1895 г. малады афіцэр выйшаў у адстаўку і паступіў у якасці слухача на місіянерскія курсы пры Казанскай духоўнай праваслаўнай акадэміі. Пасля заканчэння навучання прыняў манаства пад імем Панцеляймон (1897).
Службу сваю пачаў у Казанскай і Валынскай епархіях, з 1905 г. знаходзіўся ў Полацка-Віцебскай епархіі. Больш за дзесяць гадоў быў настаяцелем Маркава Свята-Троіцкага манастыра ў Віцебску. У 1913 г. быў пасвячоны ў епіскапа Дзвінскага. Некаторы час знаходзіўся ў Полацкім Богаяўленскім манастыры.
У час Першай сусветнай вайны Панцеляймон з’яўляўся кіруючым архіерэем Полацка-Віцебскай епархіі, праводзіў богаслужэнні і гутаркі ў воінскіх часцях у Дзвінску (сучасны Даўгаўпілс, Латвія). Пасля заканчэння вайны ў перыяд так званай палітыкі “чырвонага тэрору” святар вымушаны быў пакінуць Беларусь і да 1921 г. знаходзіўся ў Дэрманскім манастыры на Валыні (у той час тэрыторыя Польшчы). У далейшым быў прызначаны епіскапам Пінскім, узведзены ў сан архіепіскапа (1925). У хуткім часе Панцеляймон быў пазбаўлены польскімі ўладамі кафедры і змешчаны пад адміністрацыйны нагляд у манастырах на тэрыторыі Польшчы (Мелецкі, Дэрманскі, Жыровіцкі), дзе займаўся напісаннем рэлігійна-маральных сачыненняў.
З кастрычніка 1939 г. да ліпеня 1940 г. архіепіскап Панцеляймон выконваў абавязкі патрыяршага экзарха Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны. У час нямецка-фашысцкай акупацыі прымаў удзел у арганізацыі царкоўна-рэлігійнага жыцця на акупаванай нямецкімі войскамі тэрыторыі Беларусі. Служыў архіепіскапам Гродзенскім, быў абраны мітрапалітам Мінскім і Беларускім. У ліпені 1944 г. беларускія царкоўныя іерархі, у тым ліку і мітрапаліт Панцеляймон, выехалі у Германію. Пасля вайны святар жыў у перасыльных лагерах у Германіі, далучыўся да дзейнасці Рускай праваслаўнай царквы ў замежжы. У апошнія гады жыцця займаўся дабрачыннасцю, вёў шырокую перапіску, праводзіў літургіі.