Барыс Сцяпанавіч Чудакоў з'яўляецца адным з найбольш значных прадстаўнікоў жанру духавой музыкі. Нарадзіўся ён 8 чэрвеня 1932 г. у станіцы Сляпцоўская Сунжанскага раёна (Інгушэція). У 1954 г. скончыў Інстытут ваенных дырыжораў Міністэрства абароны СССР. Пасля вучобы стаў дырыжорам у вайсковай часці Беларускай ваеннай акругі (БВА). З 1961 г. працаваў у Мінскім сувораўскім ваенным вучылішчы. У 1968 г. узначаліў духавы аркестр штаба БВА. Пад кіраўніцтвам дырыжора гэты калектыў адыграў значную ролю ў музычным і культурным жыцці Беларусі, зрабіў важкі ўклад у развіццё жанру духавой музыкі, стымуляваў творчасць кампазітараў. Аркестр на высокім узроўні абслугоўваў важныя грамадска-палітычныя, культурна-масавыя, спартыўныя мерапрыемствы. На працягу многіх гадоў пачынаў майскую дэманстрацыю працоўных Мінска. Духавы аркестр прапагандаваў у сваіх канцэртных праграмах лепшыя ўзоры рускай, савецкай і замежнай класікі. Знаёміў слухачоў з творамі беларускіх кампазітараў – сюітай з балета “Мара” Я. Глебава, сімфанічнай паэмай “Партызанская быль” У. Алоўнікава, песнямі “Памяць сэрца” І. Лучанка і “Абеліскі” Д. Смольскага і інш.
Перад кожным выступленнем дырыжор праводзіў напружаныя рэпетыцыі, дзе музыкантамі вырашалася шырокае кола пытанняў і складаных мастацкіх задач. Высокі выканаўчы ўзровень дасягаўся шляхам выпрацоўкі адзінай інтанацыі, добрага адчування балансу ў дынаміцы гучання, тэмбравай злітнасці. Кожны ўдзельнік калектыву павінен суадносіць уласныя магчымасці, асаблівасці выканаўчага стылю, тэхнічнае майстэрства з творчым патэнцыялам іншых музыкантаў. Гэта тонка адчуваў яго мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор, заслужаны артыст БССР Б.С. Чудакоў. Неаднаразова ён з аркестрам выступаў на конкурсах духавых аркестраў Узброеных Сіл СССР, аглядах-конкурсах і заключных канцэртах, дзе прадастаўлялася магчымасць шырока прапагандаваць цікавыя творы, што раней не гучалі. Адзін з такіх канцэртаў аркестр пачаў маршам “Перамога за намі”, які адзначаўся ўдалай інтэрпрэтацыяй Б.С. Чудакова. Ён здолеў пераканаўча перадаць слухачам не толькі характар твора, але і раскрыць праз яго адметныя асаблівасці творчасці аднаго з заснавальнікаў савецкай маршавай літаратуры С. Чарнецкага – выключную дакладнасць і імпульсіўнасць рытму, багатую меладычнасць, кампактную і яскравую інструментоўку. Аркестр пад кіраўніцтвам Б.С. Чудакова прадэманстраваў рытмічную зладжанасць і вытанчаную кантрастнасць, тонкую градацыю ад пяшчотнага, хвалюючага піянісіма да ўрачыстага і магутнага фарцісіма.
Галоўнае месца ў рэпертуары калектыву займалі творы героіка-патрыятычнай тэматыкі. Такое выкананне з аркестравым суправаджэннем спрыяла больш глыбокаму асэнсаванню твораў. У 1979 г. Б.С. Чудакоў узначаліў аркестравую службу БВА. Таленавітаму дырыжору ў 1981 г. было прысвоена званне заслужанага артыста БССР. Барыс Сцяпанавіч займаўся пералажэннем для духавога аркестра твораў беларускіх кампазітараў У. Алоўнікава, Г. Вагнера, Я. Глебава, І. Лучанка, Ю. Семянякі, Д. Смольскага. Інструментаваў для духавога аркестра Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь (2002). З'яўляўся галоўным дырыжорам Рэспубліканскага (1987) і абласнога свят духавой музыкі “Майскі вальс”, які ладзіўся штогод з 1992 г. Быў музычным кансультантам беларускага кінафільма “Вянок санетаў”.
З 1989 г. Б.С. Чудакоў працуе дацэнтам кафедры аркестравага дырыжыравання на факультэце народных інструментаў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, дзе свой вялікі вопыт канцэртнай і педагагічнай работы выкарыстоўвае ў падрыхтоўцы маладых спецыялістаў.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2012 г.