Яшкін Іван Якаўлевіч нарадзіўся ў в. Шаламы Слаўгарадскага раёна Магілёўскай вобласці. У 1954 г. скончыў Магілёўскі педагагічны інстытут (зараз Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А. А. Куляшова). З 1957 па 1959 г. працаваў у Полацкім педагагічным інстытуце. Далейшы працоўны і навуковы шлях Яшкіна І. Я. на працягу 40 гадоў (1959–1999) быў звязаны з Інстытутам мовазнаўства Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. У 1970 г. ён абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму «Славгородские говоры: (взаимодействие разнодиалектных систем)». У 1999–2006 гг. вучоны працаваў у Нацыянальным навукова-асветніцкім цэнтры імя Ф. Скарыны, затым у Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя М. Танка.
Навуковыя працы Яшкіна І.Я. прысвечаны дыялекталогіі, лінгвагеаграфіі, лексікаграфіі, лексікалогіі, гісторыі беларускай літаратурнай мовы, тэрміналогіі, анамастыцы і інш. Сярод іх – «Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія» (1971), «Узаемадзеянне рознадыялектных сістэм. Фанетыка» (1976) і «Узаемадзеянне рознадыялектных сістэм. Марфалогія. Сінтаксіс» (1980), «Лексічныя ландшафты Беларусі. Жывёльны свет» (1995, у суаўтарстве), «Грыбы і грыбная кулінарыя» (2005, у суаўтарстве), «Слоўнік беларускіх імёнаў» (2009), Слоўнік беларускіх імёнаў і сямейна-родавых паняццяў (2013) і інш. Ён адзін са складальнікаў дыялекталагічных зборнікаў «Жывое слова» (1978), «Народная словатворчасць» (1979), «Жывое народнае слова» (1992), «Жывое наша слова» (2001). Прымаў удзел у падрыхтоўцы выданняў: «Тлумачальны слоўнік беларускай мовы» (т. 1–2, 1977–1978; т. 5, 1982), «Тураўскі слоўнік» (т. 1–5, 1982–1987), «Лінгвістычны мікраатлас Тураўшчыны» (2016), быў укладальнікам карт і рэдактарам «Лексічнага атласа беларускіх народных гаворак» (т. 1–5, 1993–1998). Вучоны – адзін з выканаўцаў праектаў па навуковых тэмах «Агульнаславянскі лінгвістычны атлас. Серыя лексіка-словаўтваральная», «Лінгвістычны атлас Еўропы» і інш. Дзякуючы яму лінгвагеаграфія атрымала значнае развіццё, былі сабраны каштоўныя дыялектныя матэрыялы.
У 2000 г. за ўдзел у стварэнні «Лексічнага атласа беларускіх народных гаворак» І.Я. Яшкін удастоены Дзяржаўнай прэміі Беларусі.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2022 г.